Атрымай падтрымку!

- 9:30Навіны рэгіёнаў

Пад такім дэвізам прайшоў адзін з дзён у гімназіі № 2 Ваўкавыска. Усе мерапрыемствы гэтага дня былі накіраваны на павышэнне кампетэнцыі дзяцей пры аказанні падтрымкі сваім равеснікам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Ужо пры ўваходзе ў гімназію навучэнцы і настаўнікі прасякаліся аранжавым настроем.

— Форму навучэнцаў упрыгожылі аранжавыя стужачкі як сімвал цеплыні і сонца, якое ўзнімае настрой, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Алена Іосіфаўна Маршалак. — Такая колератэрапія, а таксама адпаведная музыка, стэнды з пазітыўнымі малюнкамі і цытатамі стваралі настрой аптымізму і пазітыву, што мы і ставілі сваёй мэтай.

У рамках гэтага дня аранжавага нас­трю, як назвалі яго ў гімназіі, усе навучэнцы атрымалі лістоўкі з нумарамі тэлефонаў даверу, памяткі з алгарытмам дапамогі сябру ў крызіснай сітуацыі. Псіхолагі правялі кансультацыі “Вучуся валодаць сабой”, “Калі ты трапіў у складанае становішча”. Атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні навучэнцы маглі з дапамогай “Пошты даверу”.

Псіхолага-педагагічная служба гімназіі будзе праводзіць такія актыўныя мерапрыемствы пазітыву на працягу ўсяго навучальнага года. Пасля дня аранжавага настрою ў фае гімназіі з’явіўся новы стэнд “Як змагацца з дэпрэсіяй”, які ўтрымлівае шмат карыснай і пазітыўнай інфармацыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.