Бабка па-слуцку

- 10:32Якасць адукацыі

Своеасаблівым пераходам са старога года ў новы для калектыву Слуцкага дзяржаўнага каледжа стала наведванне педагогамі і навучэнцамі Тэхналагічнага каледжа ў Савецку Калінінградскай вобласці. Цесныя сувязі паміж дзвюма ўстановамі існуюць даўно, і, мяркуючы па выдатных выніках гэтага супрацоўніцтва, абедзве ўстановы не збіраюцца разлучацца.

Як расказаў Барыс Браніслававіч Блахін, дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа, курс на міжнароднае супрацоўніцтва ўзяты ўстановай невыпадкова. Такое супрацоўніцтва спрыяе ўмацаванню іміджу каледжа, павышэнню прывабнасці прафесійнай адукацыі, павелічэнню колькасці тых маладых людзей, якія сёння выбіраюць рабочую прафесію, матывуе педагогаў павышаць сваю кваліфікацыю, а таксама садзейнічае прыцягненню сродкаў ад міжнароднай дзейнасці ў бюджэт каледжа. На сёння каледж заключыў дамоўленасці аб міжнародным супрацоўніцтве з некалькімі ўстановамі прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі. Напрыклад, у далёкім Алтайскім краі, у Міжнародным каледжы сыраробства Барнаула, прайшлі навучанне выхаванцы і стажыраваліся педагогі Слуцкага каледжа.У Тэхналагічным каледжы Савецка (Калінінградская вобласць) праведзены сумесныя вучэбныя курсы па прафесіі “Майстар вытворчасці малочнай прадукцыі” для навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання абедзвюх устаноў. Распрацаваны план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве і з Расашанскім каледжам мясной і малочнай прамысловасці, які ўключае абмен сучаснымі методыкамі, правядзенне сумесных анлайн-канферэнцый, удзел педагогаў і навучэнцаў у навукова-практычных праектах.
Цеснае супрацоўніцтва Слуцкага каледжа з флагманам прафесійнай адукацыі РІПА дазваляе прадстаўляць вопыт работы педагогаў установы на міжнароднай арэне. Так, на базе каледжа прайшлі стажыроўку педагогі навучальных устаноў прафесійнай адукацыі Рэспублікі Казахстан, сярод якіх — кіраўніцтва ўстаноў, метадысты, майстры вытворчага навучання, выкладчыкі спецдысцыплін па кірунках “Тэхналогія масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці” і “Грамадскае харчаванне”. Акрамя гэтага, у каледжы стажыраваліся педагогі ўстаноў прафесійнай адукацыі Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Намеснік дырэктара Слуцкага каледжа Ала Мікалаеўна Матусевіч расказала, што педагогі і навучэнцы каледжа пабывалі ў Савецку, у Тэхналагічным каледжы, па запрашэнні сваіх калег для ўдзелу ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Мы — наследнікі традыцый” і прадставілі там свае творчыя работы ў секцыях “Нацыянальныя рамёствы і дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, “Нацыянальныя кулінарныя традыцыі”.
Гэтае супрацоўніцтва паміж установамі можна назваць вельмі даўнім і трывалым, бо захоўваецца ўжо больш за 30 гадоў. Толькі за апошні час каледжы абмяняліся сваімі дэлегацыямі ужо некалькі разоў. Гэта ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі “Мы — з прафтэх”, у анлайн-канферэнцыі “Мы — наследнікі традыцый”, дзе Аксана Васільеўна Жук, педагог дадатковай адукацыі, прадстаўляла праект “Арганізацыя дадатковай адукацыі навучэнцаў у этнаграфічнай майстэрні “Скарбніца”. Акрамя таго, выкладчыкі і навучэнцы тэхналагічнага каледжа Савецка прыязджалі ў Слуцкі каледж на стажыроўку па тэхналогіі малочнай справы і грамадскім харчаванні.
Пасля нядаўняй сустрэчы з расійскімі калегамі педагогі і навучэнцы Слуцкага каледжа прывезлі шмат узнагарод. Ала Мікалаеўна Матусевіч стала ўладальніцай дыплома І ступені ў намінацыі “Нацыянальныя кулінарныя традыцыі”. Падчас правядзення майстар-класа па вырабе страў беларускай нацыянальнай кухні яна прыгатавала такія смачныя калдуны і “Бабку па-слуцку”, што талеркі імгненна апусцелі. За правядзенне майстар-класа па вырабе масла ў “бабулінай маслабойцы”дыплом І ступені атрымала намеснік дырэктара каледжа Надзея Міхайлаўна Лазоўская. За сваё даследаванне па тэме “Слуцкі пояс: гісторыя і сучаснасць” Кацярына Ясюкевіч, навучэнка 3 курса, была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.
— Не магу схаваць тыя шчаслівыя эмоцыі, якія мяне напаўнялі ў час нашай паездкі ў Калінінградскую вобласць, — расказала дзяўчына, — тым больш што мая работа, якую я прадставіла на міжнароднай канферэнцыі, атрымала высокую ацэнку. Я раздзяляю сваю ўзнагароду з тымі людзьмі, якія мне дапамагалі. Гэта мая сяброўка Юлія Лесюкова, Алена Аркадзьеўна Касабуцкая (кіраўнік праекта) і Іна Віктараўна Пісарык (кіраўнік гуртка “Вясёлка”).
Тэма паясоў зацікавіла Кацярыну яшчэ ў маленстве. Дзяўчына атрымала першыя навыкі ткацтва ад сваёй бабулі, якая стварала гэтае хараство. А ў каледжы, у гуртку мастацкай творчасці, Кацярына прадоўжыла навучанне і ў хуткім часе стала сапраўдным майстрам.
У новым годзе калектыў Слуцкага дзяржаўнага каледжа плануе наладжваць міжнароднае супрацоўніцтва яшчэ з большым энтузіязмам на карысць іміджу сваёй установы.

Ала КЛЮЙКО.