Важным момантам у дзейнасці студэнцкіх атрадаў з’яўляецца стварэнне для маладых людзей бяспечных умоў працы, быту і адпачынку. У перыяд працоўнага семестра гэтыя пытанні стаяць на кантролі ўсіх зацікаўленых службаў, ведамстваў і грамадскіх аб’яднанняў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца студэнтам і навучэнцам, занятым у найбольш траўманебяспечных галінах, як, напрыклад, будаўніцтва.
Чарговы маніторынг будаўнічых студэнцкіх атрадаў з выездам на аб’ект правяла галоўны тэхнічны інспектар працы Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Людміла Дзем’янкова. Спецыяліст наведала найбуйнейшую будаўнічую арганізацыю вобласці ААТ “Будаўнічы трэст № 12”, дзе гэтым летам працуюць 30 студэнтаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Байцы студатрада задзейнічаны на трох будпляцоўках у Магілёве — будаўніцтве адміністрацыйна-дзелавога цэнтра па вуліцы Лепяшынскага, аўтамабільнага цэнтра па вуліцы Сіманава і аператыўнага блока абласнога анкалагічнага дыспансера, аб’яўленага абласной маладзёжнай будоўляй.
Дыпламаваныя будаўнікі, прарабы і інжынеры ў будучыні, сёння — падсобныя рабочыя. Яны набіраюцца вопыту і практычных ведаў: дапамагаюць рабіць апалубку, нарыхтоўваць арматуру, прыбіраюць аб’екты ад будаўнічага смецця. “Кваліфікацыя ў іх нізкая, усяго толькі другі разрад, але хлопцы старанныя, імкнуцца ўсяму навучыцца і ва ўсім разабрацца”, — адзначае Арцём Казлоў, прараб на будаўніцтве адміністрацыйнага цэнтра.
— Практыка работы з байцамі студэнцкіх атрадаў на прадпрыемстве існуе ўжо не першы год, — паведаміла начальнік аддзела кадраў старшыня прафкама ААТ “Будаўнічы трэст № 12” Алена Дыжова. — Такое супрацоўніцтва мы вітаем і ўсяляк падтрымліваем: калі летась на нашых аб’ектах працавалі 10 чалавек, то ў гэтым годзе — ужо 30. Дамова з імі заключана на месяц, але па жаданні студэнтаў мы гатовы падоўжыць тэрмін на ўвесь перыяд летніх канікул: аб’ёмаў для іх хопіць.
Паколькі ўсе паўналетнія, працоўны дзень у студэнтаў такі ж, як і ў астатніх супрацоўнікаў, — з 8.00 да 17.00. Аплата працы здзельна-прэміяльная, гэта значыць, налічваецца згодна з выкананымі работамі. Калі ўлічваць, што летась за 2 тыдні байцы атрымалі на гэтым прадпрыемстве ў сярэднім па 260 беларускіх рублёў, разліковы лісток за месяц работы сёлета павінен іх парадаваць. Зразумела, пры ўмове выканання цалкам пасільных патрабаванняў: спраўляцца з зададзенымі аб’ёмамі, прытрымлівацца дысцыпліны, правіл унутранага працоўнага распарадку і аховы працы.
— Да пытанняў аховы працы падчас маладзёжнага працоўнага семестра мы падыходзім вельмі сур’ёзна: правяраем кожны студэнцкі атрад на тэрыторыі вобласці, — адзначыла Людміла Дзем’янкова. — Як вынік — на працягу апошніх 12 гадоў у будаўнічых студэнцкіх атрадах не было няшчасных выпадкаў, хоць аналіз вытворчага траўматызму паказвае, што менавіта маладыя людзі ўваходзяць у групу рызыкі.
Тэхнічных інспектараў працы цікавіць не толькі выкананне заканадаўства па ахове працы, але і стварэнне для студэнтаў санітарна-бытавых умоў: уладкаванне гардэробаў, пакояў прыёму ежы, душавых. Немалаважнае забеспячэнне аптэчкамі для аказання першай медыцынскай дапамогі, а таксама сродкамі індывідуальнай абароны — каскамі, спецвопраткай і спецыяльным абуткам.
Для будучых інжынераў-будаўнікоў студэнтаў пятага курса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Уладзіслава Маршына і Уладзіслава Хаскевіча работа ў будаўнічым атрадзе толькі ў задавальненне. Тым больш яны ўпэўнены, што выпускнік павінен прыйсці на першае працоўнае месца падрыхтаваным і на практыцы нядрэнна разбірацца ў нюансах прафесіі. Менавіта за гэтым неацэнным вопытам яны і прыйшлі на будаўнічую пляцоўку.
— Байцом будатрада я з’яўляюся ўжо другі раз, — гаворыць Уладзіслаў Маршын. – Летась, напрыклад, паспеў папрацаваць на рэканструкцыі цэнтральнай дарожнай развязкі Магілёва — моста праз Днепр па Пушкінскім праспекце. Акрамя добрага заробку, набытага вопыту, з’явілася яшчэ і ўпэўненасць у сваіх сілах. Сёння мы — правая рука рабочых, шмат чаму вучымся і шмат пазнаём на практыцы.
Па словах сакратара першаснай арганізацыі БРСМ Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Ірыны Шалыгінай, у складзе валанцёрскіх і будаўнічых студэнцкіх атрадаў працуе каля 120 студэнтаў установы вышэйшай адукацыі. З іх дзесяць чалавек задзейнічаны на будаўніцтве Беларускай АЭС у Гродзенскай вобласці. У будаўнічых атрадах налічваюцца 64 чалавекі. Да восені таксама будуць сфарміраваны сельскагаспадарчыя атрады.
Усяго ў працоўным семестры 2017 года рабочымі месцамі забяспечаць больш як 6 тысяч навучэнцаў і студэнтаў вобласці. У спіс зацверджаных рашэннем Магілёўскага аблвыканкама арганізацый, якія ажыццяўляюць іх прыём, увайшлі 170 суб’ектаў гаспадарання рэгіёна. Маладыя людзі стануць байцамі будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, сэрвісных, экалагічных, медыцынскіх і вытворчых атрадаў.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.