Балет па канонах быцця

- 17:45Культура

Пагодны зімовы дзень, субота. На сцэне Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа паказваюць балет “Шчаўкунчык” у рэдакцыі вопытнага педагога гэтай установы, зоркі савецкага балета, заслужанай артысткі Расіі Ніны Дзьячэнка і ў выкананні юных зорак, навучэнцаў БДХГК. Гэта адзін з дабрачынных калядных паказаў у рамках акцыі “Дзеці — дзецям”, якую традыцыйна ладзяць у гімназіі-каледжы. То бок, спектакль у выкананні дзяцей глядзяць таксама пераважна дзеці, равеснікі танцораў на сцэне, шмат хто з маленькіх гледачоў, як правіла, з мнагадзетных, няпоўных сем’яў, многія і наогул не маюць сваёй сям’і, глядзяць на перэпетыі ў чужой сям’і, расказаныя дзвесце гадоў назад Эрнстам Тэадорам Амадэем Гофманам і ўвасобленыя потым у лібрэта Марыусам Петыпа, літаральна з разяўленымі ратамі і шырока расплюшчанымі вачыма… Атмасфера ў актавай зале БДХГК падкрэслена святочна-ўрачыстая. І не толькі дзякуючы спектаклю, самім калядным святам. 2019 год пачаўся для Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа з прыемнай навіны: калектыў установы атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі дзеячам культуры і мастацтва за выдатныя дасягненні ў навучанні і выхаванні творчай моладзі, значны ўклад у развіццё нацыянальнай школы класічнага танца і правядзенне дабрачынных праектаў “Творчасць юных — роднай Беларусі”, “Дзеці — дзецям”, “І памятае свет выратаваны”.

Класічнаму сюжэту Гофмана — Петыпа, здаецца, ужо цэлая вечнасць, але і сёння, у канцы другой дэкады тэхнагеннага ХХІ стагоддзя, ты з захапленнем сочыш, як дынамічна і прыгожа развіваецца гэтае неўміручае дзеянне: вось па ўзмаху рукі Майстра лялек ажываюць яго дзівосныя стварэнні, вось летуценная дзяўчынка Маша ўсёй сваёй крылатай душой і шчырым сэрцам аддаецца гульні з няўклюдным, але такім мілым драўляным чалавечкам па імені Шчаўкунчык, вось яна засынае ў абдымку з ім і ў яе незвычайным сне ўсчыняецца страшны бой лялек з мышыным войскам, Караля мышэй з яе Шчаўкунчыкам-прынцам, якога яна ўрэшце выратоўвае… Мяняюцца рухі, сцэны, карціны, акты… І, забыўшыся на сюжэт, ты міжволі ўжо сочыш за іншым. Ты заўважаеш, як напружана, але ўпэўнена дыхаюць на сцэне юныя выканаўцы, як імкліва, ды зладжана скарачаюцца іх пругкія мышцы, як бясконца-чароўна то выпростваюцца, то выгінаюцца ў неверагодных фігурах іх танюткія шыі, таліі, рукі і як пры гэтым шалёна, нібы навылет, б’юцца-трапечуцца іх сэрцы… Загіпнатызавана глядзіш на ўвесь гэты цуд і думаеш: ім жа ўсяго па 12, 14, 16 гадоў, але ўсе яны ўжо Артысты з вялікай літары. Прыроджаныя і навучаныя. З малых гадоў перакананыя ў выбранасці сваёй місіі. Падрыхтаваныя да вялікай сцэны.

Зрэшты, яны і выступаюць ужо на ёй, на вялікай сцэне. Той жа “Шчаўкунчык” у выкананні навучэнцаў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа можна ўба­чыць не толькі ў сценах гімназіі-каледжа, але і на сцэне Вя­лікага тэатра, у рэпертуар якога ён уключаны. І гэта далёка не адзінае, што здзіўляе ў гэтай установе.

— У нас унікальная гісторыя, унікальны педагагічны калектыў і адпаведна ўнікальны педагагічны патэнцыял, — расказвае дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Зорыя Пятроўна Дусенка. — З 1945 года, калі ў Мінску было створана харэаграфічнае вучылішча, якое ў 1995 годзе стала называцца каледжам, а з 2009 года — гімназіяй-каледжам, наша ўстанова так і застаецца адзінай у краіне ўстановай адукацыі па падрыхтоўцы артыстаў балета. За дзесяцігоддзі выхавана не адно пакаленне высокіх прафесіяналаў — служыцеляў Тэрпсіхоры. Сёння трупа Вялікага тэатра Беларусі і трупа Дзяржаўнага музычнага тэатра сфарміраваны з выпускнікоў каледжа. Нашы педагогі, сапраўды, выконваюць сваю высокую місію падрыхтоўкі артыстаў класічнага балета. І, што вельмі важна, навучэнцы атрымліваюць тут прафесію, ідуць працаваць на вялікай балетнай сцэне, дасягаюць там творчых вышынь, уганароўваюцца высокімі званнямі (сярод нашых выпускнікоў — 13 народных артыстаў і 30 заслужаных артыстаў!), але потым самыя лепшыя з іх, можна сказаць, выбраныя, урэшце вяртаюцца ў сваю альма-матар ужо ў якасці педагогаў. Яны даюць тут не проста ўрокі і не проста даюць. Мы сёння гаворым пра айчынную школу балета, якая беражліва захоўвае традыцыі класічнай харэаграфічнай адукацыі. Нашы навучэнцы вучацца па праграмах, абсалютна ідэнтычных праграмам Маскоўскай акадэміі харэаграфіі. Блок прадметаў спецыяльнага цыкла ўключае такія дысцыпліны, як класічны танец, народна-сцэнічны танец, дуэтны танец, сучасны танец, майстэрства акцёра, кампазіцыя і пастаноўка танца, гісторыя тэатра і балета і інш. Класічны танец пачынае выкладацца з 5 класа гімназіі ці 1 балетнага класа, і з гэтага часу штодзённа на працягу ўсіх васьмі гадоў ідзе ўрок класічнага танца… Акрамя таго, з кожным нашым выхаванцам індывідуальна займаецца педагог па фартэпіяна, таму што артыст балета павінен цудоўна ўмець чуць музыку.

— Вы ведаеце, я неяк задумалася над гэтым славутым выразам — “педагагічная паэма”, — працягвае Зорыя Пятроўна. — Канечне, Макаранка сказаў вельмі трапна, ёміста. І ў нас таксама тут ёсць свая педагагічная паэма. І нават, як і ў Макаранкі, на першым плане таксама праца, штодзённая цяжкая праца… Але ў дадатак да макаранкаўскай схемы нароўні з уласна працай і арганізаваным жыццём не меншую сэнсавую нагрузку маюць у нас такія паняцці, як гуманнасць, разумнасць, прыгажосць, гармонія. Гэта значыць, што, трапляючы ў нашу ўстанову, дзеці тут ужо мусяць жыць па законах гуманнасці, разумнасці, прыгажосці, гармоніі — законах, якія вызначаюць высокую жыццёвую і творчую місію прафесійнага артыста з самых ранніх гадоў.

Дабрачынныя акцыі, якія ладзіць харэаграфічная гімназія-каледж і якія фігуруюць у афіцыйнай фармулёўцы-абгрунтаванні факта прысуджэння калектыву ўстановы спецыяльнай прэміі, — гэта асобная вялікая размова. Можна, безумоўна, было б прывесці тут доўгі пералік тых канкрэтных устаноў (школ-інтэрнатаў, SOS-вёсак, школ для дзяцей з парушэннямі слыху, зроку і інш.), выхаванцы якіх змаглі пагля­дзець дабрачынныя спектаклі БДХГК у рамках, напрыклад, праекта “Дзеці — дзецям”. Або згадаць той факт, што ў межах праекта “Творчасць юных — роднай Беларусі” былі арганізаваны выступленні навучэнцаў гімназіі-каледжа ў Салігорску, Вілейцы, Заслаўі, Гомелі, Магілёве, Брэсце, Полацку, Віцебску, Баранавічах. Прычым навучэнцы гімназіі-кале­джа прыязджаюць у іншыя гарады, як правіла, не толькі з асобнымі спектаклямі, але і з праграмамі, складзенымі з фрагментаў розных пастановак, дэманструючы тым самым увесь дыяпазон сваіх магчымасцей і ўсю палітру рэпертуару розных гадоў. Але Зорыя Дусенка асабліва падкрэслівае той неад’емны ад усіх фірменных творчых праектаў БДХГК факт, што маральна-эстэтычнае выхаванне адбываецца менавіта ў дзеянні і мае ўзаемазваротную сувязь: з аднаго боку, юны артыст працуе на аўдыторыю сваіх аднагодкаў, у душы якіх прачынаюцца высокія памкненні, цяга да прыгожага, а з другога — душа самога артыста таксама ўзвышаецца, ён шчаслівы ад таго, што робіць. І гэта ўжо не кажучы пра такія спадарожныя плюсы дабрачынных паказаў, калі, напрыклад, на іх прыходзяць цэлымі сем’ямі і, можа быць, толькі тут людзі пачынаюць адчуваць адказнасць за сваю сям’ю, наогул, адчуваць тое, што ў іх ёсць сям’я. “Ну, нешта чалавечае, тонкае, патаемнае і глыбока затоенае ўнутры чалавечай душы міжволі адкрываецца ў моманты прасвятлення, якія дораць людзям нашы выхаванцы”, — заўважае Зорыя Пятроўна і згадвае, як аднойчы пасля дабрачыннага паказу спектакля да яе падышоў мужчына і, пакуль яго жонка з дзецьмі апраналіся ў гардэробе, паспеў сказаць вельмі важнае для яго самога: “Гэта найвышэйшае, што мы бачылі ўсёй сям’ёй за ўсё наша жыццё! Калі б мяне хоць раз у дзяцінстве на балет звадзілі, я ніколі не трапіў бы ў турму…”.

Наогул, апынаючыся ў Беларускай дзяржаўнай харэа­графічнай гімназіі-каледжы, слухаючы дырэктара Зорыю Пятроўну Дусенка, сустракаючы ў калідорах надзвычай ветлівых і вытанчаных у сваіх паводзінах навучэнцаў БДХГК, гледзячы на тое, як бліскуча выступаюць яны на сцэне, ты не можаш пазбавіцца адчування, што знаходзішся не проста ва ўстанове адукацыі, а нібыта ў нейкай асобнай краіне. Абсалютна чароўнай і ў нейкай ступені нават ідэальна-ўтапічнай, цяжкаватай для разумення з першага разу. Ну, як такое можа быць, што тут займаюцца такія таленавітыя і рэальна ад прыроды прыгожыя дзеці з самых розных куткоў нашай Беларусі, а яшчэ з Расіі, Украіны, нават Японіі, Англіі, ЗША і іншых краін? А можа быць, і тлумачыцца ўсё насамрэч дастаткова проста — выпрацаванай і адладжанай за дзесяцігоддзі сістэмай набору, якая з году ў год не дае збояў. Ну, як такое можа быць, што ў адным месцы і ў адзін час, гэта значыць, тут, у Беларускай ­дзяржаўнай ­харэаграфічнай гімна­зіі-кале­джы, працуюць такія выбітныя асобы айчыннага мастацтва балета, як Інеса Душкевіч, Ніна Давыдзен­ка, Клара Малышава, ­Аляксандр ­Калядэнка, Ніна Дзьячэнка, Ала Пякар­ская, Вольга Ла­по, Сяргей Пясцехін, Вень­ямін Захараў, Аляк­сандр Фурман, Наталля Філіпава, Ларыса Мя­дз­ведзева-Шумская і іншыя? А можа быць, і пра гэтае вечнае вяртанне артыстаў з вялікай сцэны ў сваю альма-матар, але, зноў жа, усё адно як бы на сцэну Зоя Ду­сенка ўжо
казала. Дарэчы, педагогам харэаграфічнай гімназіі-ка­леджа проста не пагражае такая з’ява, як прафесіянальнае выгаранне, якраз з прычыны гэтага пастаяннага творчага ўзаемаабмену на працягу ўсяго жыцця, гэтай бясконцай прыгожай творчай кругаверці… І такіх “Ну, як такое можа быць?” таксама бясконца многа, як бясконца многа праяўленняў у высокага мастацтва, высокай чалавечай сутнасці, урэшце, самога быцця, уладкаванага па законах звыш.

Пра быццё я згадаў невыпадкова. Дакладней кажучы, згадаў не я, а Зорыя Дусенка, калі я папрасіў яе расшыфраваць словы з візітнай карткі ўстановы (цытую на мове арыгінала, бо тут ёсць вершаваныя радкі): “Здесь сочетаются два мира:

“Один, который нас творит,
Другой, который мы от века
Творим по мере наших сил”.

Са слоў Зорыі Пятроўны: “Нашы педагогі, прайшоўшы розныя творчыя алімпы, прыходзяць працаваць сюды, каб вучыць наступныя пакаленні. Але навучанне тэатральнай дзейнасці — гэта не навучанне матэматыцы ці хіміі. Гэта навучанне па канонах, калі хочаце, самога нашага быцця. Самае цудоўнае і светлае, што наогул ЁСЦЬ у нашым быцці, пераносіцца сюды…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.