Бацькі запытваюць, садкі прапаноўваюць

- 14:37Калегіі, пасяджэнні, Рознае

У канцы бягучага тыдня на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў рэспубліканскі семінар, дзе вялася гаворка пра ўдасканаленне якасці адукацыйных паслуг ва ўмовах розных арганізацыйных форм дашкольнай адукацыі. Арганізатарамі мерапрыемства сталі Міністэрства адукацыі нашай краіны, Нацыянальны інстытут адукацыі і АПА.

Як адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Мінадукацыі кандыдат педагагічных навук Альбіна Давідовіч, сёння запыты бацькоў у адносінах да дашкольных устаноў пашыраюцца. У адказ дзіцячыя садкі шукаюць новыя формы ўзаемадзеяння і прапаноўваюць актуальныя і запатрабаваныя адукацыйныя паслугі. Каб яны маглі рэалізоўвацца ў поўным аб’ёме, а галоўнае, якасна, неабходна адпаведнае праграмна-метадычнае забеспячэнне. Яго на семінары прадставіла дацэнт кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Людміла Варанецкая.

Людміла Мікалаеўна ўвагу прысутных засяродзіла на выніках даследавання, якое прысвячалася распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Даследаванне было пачата ў 2015 годзе і праводзілася на 20 эксперыментальных пляцоўках у групах дзяцей ад аднаго да сямі гадоў.

— Вынікам гэтага даследавання стала распрацоўка праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Яно ўключае:

 вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў, які змяшчае: каляндарна-тэматычнае планаванне адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання ва ўстановах дашкольнай адукацыі; змест інтэграваных заняткаў па адукацыйных абласцях вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі “Дзіця і прырода” і “Мастацтва” (“Музычная дзейнасць”), “Фізічная культура” і “Дзіця і грамадства”, “Развіццё маўлення” і “Дзіця і грамадства”, “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” і “Мастацтва” (“Выяўленчая дзейнасць”); метадычныя рэкамендацыі для педагогаў па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання;

 вучэбныя дапаможнікі для педагогаў па забеспячэнні дзейнасці дзяцей у групах кароткачасовага знаходжання ўстаноў дашкольнай адукацыі.
Спецыфіка зместу праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання ва ўстановах дашкольнай адукацыі звязана з інтэграваным зместам заняткаў.

У групах вячэрняга знаходжання — выхаванцы рознага ўзросту, таму педагог павінен валодаць разнастайнымі педагагічнымі тэхналогіямі (выкарыстоўваць дыферэнцыраваны, індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, які ўлічвае яго інтарэсы і здольнасці). Пры арганізацыі дзейнасці сезоннай, гульнявой пляцоўкі, у прагулачных, вячэрніх групах, групах выхаднога (святочнага) дня могуць праводзіцца розныя віды гульняў, заняткаў.

У адаптацыйнай групе мэтазгодна арганізоўваць гульні-забавы, гульні з дыдактычнымі цацкамі, чытанне пацешак, індывідуальную работу па развіцці рухаў, маўлення дзяцей, дробнай маторыкі рук, сенсорным выхаванні.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання патрабуе ад педагагічнага работніка ведаў праграм усіх узроставых груп, уменняў супастаўляць праграмныя патрабаванні з узроставымі і індывідуальнымі асаблівасцямі дзяцей, здольнасцей правільна размяркоўваць увагу, разумець і бачыць кожнае дзіця і ўсю групу ў цэлым, забяспечваць развіццё выхаванцаў у адпаведнасці з іх магчымасцямі, здольнасцямі і асаблівасцямі.

Праграмна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання гарантуе стварэнне станоўчага эмацыянальна-псіхалагічнага клімату, максімальна ўлічваючы індывідуальныя асаблівасці і магчымасці кожнага дзіцяці, — адзначыла Людміла Варанецкая.

Чакаецца, што гэтае праграмна-метадычнае забеспячэнне будзе даступным для карыстальнікаў недзе ў пачатку новага навучальнага года.

* * *

Далей быў прадстаўлены вопыт па арганізацыі розных форм дашкольнай адукацыі ў Гродзенскай вобласці, якая, па словах начальніка аддзела дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Альбіны Давідовіч, з’яўляецца лідарам у гэтым напрамку. Здабыткамі свайго рэгіёна падзялілася галоўны спецыяліст дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Анжаліка Кухта.

Ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці, а калі больш канкрэтна, то ў 77% устаноў дашкольнай адукацыі (па статыстычных даных 2015 года), укаранёны новыя формы дашкольнай адукацыі. Усяго ахоплена звыш 4000 дзяцей.

У вобласці склалася рэгіянальная практыка арганізацыі і зместу дзейнасці новых форм дашкольнай адукацыі. Для каардынацыі агульных падыходаў да арганізацыі дзейнасці новых форм дашкольнай адукацыі ў вобласці была выбудавана сістэма метадычнага суправаджэння, прыняты шэраг арганізацыйна-кіраўніцкіх мер, кіраўніцкіх рашэнняў па забеспячэнні якасці паслуг, пашырэнні сеткі і варыятыўнасці новых форм.

— Што сёння мы прапаноўваем сем’ям? Найбольш запатрабаваныя групы кароткачасовага знаходжання з рэжымам працы да 3,5 гадзіны. Гэтая форма апрабавана ва ўсіх раёнах вобласці яшчэ з 2007 года. Разнастайны і профіль такіх груп: адаптацыйныя, прагулачныя групы, групы выхаднога дня, вячэрняга знаходжання і інш. Неістотна, але ўсё-такі адрозніваюцца запыты бацькоў у гарадской і сельскай мясцовасці на арганізацыю гэтай паслугі. Нароўні з адаптацыйнымі групамі ў гарадскіх установах карыстаюцца найбольшым попытам прагулачныя, вячэрнія групы, у сельскай мясцовасці — сезонныя пляцоўкі, пляцоўкі для гульняў, групы выхаднога дня.

За апошнія 5 гадоў значна павялічыліся тэмпы жыллёвага будаўніцтва, што стварыла дадатковыя ўмовы для прытоку маладых сем’яў і, адпаведна, павелічэння колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту (колькасць выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі ўзрасла за апошнія 5 гадоў больш чым на 2 тысячы дзяцей).

Эфектыўнай формай педагагічнай падтрымкі дзяцей ранняга ўзросту, якія не наведваюць дзіцячы садок, а таксама іх бацькоў стала арганізацыя мацярынскай школы, якая нароўні з іншымі формамі арганізацыі дашкольнай адукацыі на сённяшні дзень шырока запатрабавана ў вобласці. Дзейнасць мацярынскай школы заснавана на прынцыпах суб’ектнасці, інтэграцыйнасці, варыятыўнасці, адэкватнасці і міжведамаснасці. Арганізавана па наступных напрамках: дамашні патранаж, кансультацыйны пункт, група сумеснага знаходжання.

Дамашні патранаж прадугледжвае наведванне сем’яў педагогамі і спецыялістамі. Кансультацыйны пункт — магчымасць абмену інфармацыяй праз даведачныя матэрыялы, буклеты, інфармацыйныя лістоўкі, тэматычныя газеты для бацькоў, кансультацыйныя старонкі на сайтах дашкольных устаноў, выкарыстанне рэсурсаў анлайн-зносін у сетцы, — падзялілася Анжаліка Леанідаўна.

У прыватнасці, разуменне таго, што мамам, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, праблематычна надоўга адлучацца з дома, падштурхнула педагагічны калектыў ясляў-сада № 14 Слоніма да ўкаранення новай формы ўзаемадзеяння ў рамках мацярынскай школы з дапамогай сустрэч праз Skype ў рэжыме рэальнага часу. Быў вывучаны кантынгент гэтай катэгорыі сем’яў, вылучаны актуальныя пытанні і тэмы для зносін з імі, створаны банк даных электронных адрасоў. Аб эфектыўнасці гэтай формы ўзаемадзеяння сведчыць праведзенае інтэрв’юіраванне (стапрацэнтная задаволенасць). Атрыманы вопыт анлайн-сустрэч, запыты бацькоў, высокая ступень іх занятасці падштурхнулі педагагічныя калектывы і іншыя ўстановы дашкольнай адукацыі да засваення гэтай формы ўзаемадзеяння з усімі катэгорыямі сем’яў.

Не засталіся па-за ўвагай і бацькі, якія знаходзяцца з дзіцём на бальнічным. Спецыялісты ўстаноў выходзяць на кантакт з гэтымі бацькамі, аказваюць ім прафесійную кансультацыйную дапамогу і знаёмяць са зместам адукацыйнага працэсу ў групе ў перыяд адсутнасці дзіцяці.

— Групы сумеснага знаходжання бацькоў і дзяцей функцыянуюць па гібкім рэжыме (па запыце бацькоў). З бацькамі і дзецьмі праводзяцца сумесныя заняткі ў трыядзе “бацькі — дзіця — педагог”, дыядах “педагог — дзіця”, “бацькі — дзіця”. Да работы з дзецьмі і бацькамі прыцягваюцца выхавальнікі дашкольных устаноў, педагогі-псіхолагі, музычныя кіраўнікі, кіраўнікі фізічнага выхавання, медыцынскія і іншыя работнікі.

Яшчэ ў вобласці ўсё большае распаўсюджванне знаходзіць такая адукацыйная паслуга, як выхаванне і навучанне дзяцей дома па вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі. У бягучым навучальным годзе такая паслуга была арганізавана для 75 дзяцей у 14 раёнах вобласці, — адзначыла Анжаліка Кухта.

* * *

Вопытам арганізацыі розных форм дашкольнай адукацыі ў Гомельскай вобласці падзялілася метадыст вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Шутава. Сёння ў вобласці функцыянуе 820 груп кароткачасовага знаходжання дзяцей (у 2014 годзе іх было 629), у тым ліку 51 сезонная пляцоўка, 10 прагулачных пляцовак, 47 груп выхаднога дня, 61 група вячэрняга знаходжання выхаванцаў, 406 адаптацыйных груп, 203 мацярынскія школы.

— Сярод найбольш запатрабаваных форм — адаптацыйныя групы, мацярынскія школы, групы выхаднога дня, сезонныя пляцоўкі. Адной з умоў забеспячэння якасці дашкольнай адукацыі ў групах кароткачасовага знаходжання з’яўляецца прафесійная кампетэнтнасць спецыялістаў, таму галоўны акцэнт мы зрабілі на фарміраванні інфармацыйнай, нарматыўнай прававой культуры педагагічных кадраў.

Нізкі ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй на сяле вызначыў неабходнасць пошуку новых форм, якія дазваляюць вырашыць гэтую праблему і стварыць усім дзецям роўныя магчымасці атрымання якаснай дашкольнай адукацыі. Адной з такіх форм з’яўляецца адкрыццё сезонных пляцовак. Арганізацыя работы ў такіх групах прадугледжвае стварэнне ўмоў для развіцця розных відаў дзейнасці з улікам магчымасцей, інтарэсаў, патрэб саміх дзяцей і іх бацькоў.

Напрыклад, у Торфазаводскім яслях-садзе Гомельскага раёна ўжо на працягу 6 гадоў функцыянуе сезонная пляцоўка. Паколькі яна працуе толькі ў летні перыяд, прыярытэт аддаём фізкультурна-аздараўленчай рабоце з выхаванцамі. Вельмі ўважліва ставімся да выбару форм работы з дзецьмі, улічваем узроставыя і індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці, яго схільнасці і інтарэсы. Найбольш эфектыўнымі формамі работы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія былі вызначаны педагогамі ўстановы ў працэсе работы ў гэтым напрамку, сталі рухавыя гульні і практыкаванні аздараўленчай скіраванасці, загартоўваючыя працэдуры, падарожжы па сцежках здароўя, дыхальная гімнастыка, гульні на прафілактыку плоскаступнёвасці, — расказала Алена Мікалаеўна.

А ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Золак” Гомеля функцыянуе адаптацыйны гурток “Кроха”, галоўнай мэтай якога з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей псіхалагічнай гатоўнасці да паступлення ва ўстанову дашкольнай адукацыі і садзейнічанне іх рознабаковаму развіццю.

Як адзначыла Алена Шутава, работа адаптацыйнай групы будуецца паэтапна. На кожным этапе педагогі выкарыстоўваюць эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з дзецьмі і бацькамі. Каб наладзіць больш цеснае і блізкае знаёмства з кожнай сям’ёй групы, бацькам прадастаўляецца магчымасць арганізаваць персанальныя выставы, абагульніць вопыт сямейнага выхавання, прадэманстраваць свае творчыя здольнасці ў рамках “Гадзіны сям’і”.

На першым этапе наведвання адаптацыйнай групы дзеці займаюцца разам са сваімі бацькамі: малююць, гуляюць у парах, канструююць. На другім этапе педагог арганізоўвае сумесную дзейнасць дзяцей. Гэтыя заняткі ўключаюць фізкультурную размінку, рухавыя гульні, гульні з мячамі, паветранымі шарамі, мыльнымі бурбалкамі, што дазваляе стварыць атмасферу радасці і весялосці.
Выхаванцы актыўна ўключаюцца ў пазнавальную практычную дзейнасць: гуляюць з пяском у пясочніцы, у вадзе — з заваднымі цацкамі, паліваюць кветкі на клумбе, гуляюць з круцёлкамі, а таксама ўключаюцца ў прадукцыйныя віды мастацкай дзейнасці (малююць, робяць аплікацыі, канструююць). На завяршальным этапе работы адаптацыйнай групы праводзіцца сумесны адпачынак бацькоў і дзяцей з уручэннем на памяць калажу-падарунка “Першыя прыступкі” і дыплома будучага выхаванца.

Сваім вопытам па арганізацыі мацярынскіх школ і адаптацыйных груп падзяліліся і сталічныя дашкольныя ўстановы, сярод якіх былі яслі — дзіцячыя садкі №№ 436, 122, 138 Мінска. Агульную карціну арганізацыі розных форм дашкольнай адукацыі ў Мінску прадставіла начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў дашкольнай адукацыі МГІРА Наталля Васіленка.

Падводзячы вынікі семінара, можна адзначыць, што сёння дашкольныя ўстановы адукацыі мабільна адклікаюцца на запыты сучасных бацькоў, як у гарадской, так і сельскай мясцовасці. Зразумела, што формы арганізацыі дашкольнай адукацыі будуць пашырацца і развівацца. Попыт расце, значыць, будзе і прапанова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.