БДУІР — на паштовым канверце

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылася прэзентацыя і памятнае гашэнне паштовага канверта з арыгінальнай маркай “50 гадоў з дня заснавання МРТІ — БДУІР”.

Дата памятнага гашэння паштовага канверта была выбрана невыпадкова: 50 гадоў назад, 27 лютага 1964 года, выйшла пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні Мінскага радыётэхнічнага інстытута, які ў 1993 годзе быў перайменаваны ва ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.
“Гэта першае публічнае мерапрыемства, прымеркаванае да юбілею ўніверсітэта, — адзначыў на ўрачыстай цырымоніі рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура. — Сёння наш універсітэт уяўляе сабой вялікую супольнасць — каля 17 тысяч студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і каля 3 тысяч супрацоўнікаў. Больш за 70 тысяч выпускнікоў працуюць на карысць эканомікі нашай краіны”.
У прэзентацыі прыняў уд зел першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпускнік інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР Д.Г.Шэдко.
“Я рады, што першае афіцыйнае мерапрыемства на сваёй новай пасадзе я праводжу ў родным універсітэце, — сказаў Дзмітрый Генадзьевіч. — Сёння складана пераацаніць значэнне БДУІР для нашай галіны і для краіны ў цэлым. Інфармацыйныя тэхналогіі — гэта тое, што рухае грамадства наперад. Без выпускнікоў БДУІР, я ўпэўнены, краіна проста не можа жыць”.
Як адзначыла генеральны дырэктар РУП “Белпошта” І.І.Саксонава, прадпрыемства ўпершыню выпускае канверт з арыгінальнай маркай, прысвечаны юбілею ўніверсітэта. “Вядома, мы не маглі не адзначыць 50-годдзе БДУІР — кузні кадраў не толькі для галіны сувязі, але і для іншых сфер, — заўважыла Ірына Ігнацьеўна.
Канверт быў выпушчаны ў абарот 12 лютага. На марцы адлюстраваны лагатып універсітэта і надпіс на беларускай мове — “БДУІР. 50 гадоў з дня заснавання”. На ілюстрацыі таксама знаходзіцца выява карпусоў БДУІР і фрагмент пано ўніверсітэцкага інтэр’ера.
Тыраж канверта — 30 тысяч экзэмпляраў. Набыць яго можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі.

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.