Беларусь будуе самую надзейную і бяспечную АЭС

- 10:27Інфармацыйная гадзіна

Беларусь будуе самую надзейную і бяспечную атамную электрастанцыю, заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на Міжнароднай канферэнцыі Сусветнай асацыяцыі аператараў, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі (САА АЭС), “Падтрымка новых энергаблокаў АЭС”.

Адказваючы на пытанне аб прэтэнзіях Літвы да будаўніцтва Беларускай АЭС, Уладзімір Сямашка адзначыў, што гэты праект адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням па бяспецы, у тым ліку МАГАТЭ і САА АЭС. Краіна своечасова падрыхтавала справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). “Беларусь будуе самую надзейную і бяспечную станцыю”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Паводле яго слоў, пры выбары праекта для будаўніцтва атамнай станцыі галоўным прыярытэтам была бяспека. “Мы правялі кансультацыі са многімі вядучымі кампаніямі свету, многімі краінамі — гэта заняло асабіста ў мяне паўтара года. У канцы мы зрабілі выбар на карысць праекта Расійскай Федэрацыі: ён самы сучасны”, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

Уладзімір Сямашка звярнуў увагу, што Беларусь актыўна супрацоўнічае з міжнароднымі арганізацыямі ў галіне атамнай энергетыкі, у тым ліку МАГАТЭ і САА АЭС. “Каб супакоіць грамадскую думку, перш за ўсё краін-суседзяў, мы прытрымліваемся ўсіх правіл і рэкамендацый, якія існуюць у рамках МАГАТЭ, Канвенцыі ЭСПА і г.д. Мы завяршылі стрэс-тэсты станцыі, цяпер незалежны рэгулятар (Дзяржатамнагляд) рыхтуе нацыянальную справаздачу. Хоць гэтага і не патрабуюць правілы, тым не менш адправім нашу нацыянальную справаздачу Еўрасаюзу, каб Еўракамісія разгледзела яе. Калі яны вырашаць прыехаць і правесці пэўныя абмеркаванні справаздачы, выдадуць рэкамендацыі, мы будзем іх выконваць”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

Міжнародная канферэнцыя Сусветнай асацыяцыі аператараў, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі, “Падтрымка новых энергаблокаў АЭС” прайшла ў Мінску 30 мая — 1 чэрвеня. Мэта семінара — абмен міжнародным вопытам эксплуатацыі АЭС для дасягнення найвышэйшага ўзроўню бяспекі і надзейнасці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел эксперты САА АЭС з Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Венгрыі, Японіі, Кітая, Пакістана, Фінляндыі, ААЭ і іншых краін, прадстаўнікі МАГАТЭ. 1 чэрвеня ўдзельнікі мерапрыемства наведалі пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС.

САА АЭС аб’ядноўвае ўсе арганізацыі, што эксплуатуюць атамныя электрастанцыі (усяго каля 450 энергаблокаў). Яе мэта — удасканаленне бяспекі на ўсіх АЭС свету. Беларуская АЭС далучылася да арганізацыі ў 2016 годзе.