Беларусь чакае афіцыйных тлумачэнняў

- 11:56Інфармацыйная гадзіна

Беларускі бок чакае ад улад Польшчы публічных афіцыйных каментарыяў адносна перагляду ацэнак дзеянняў добра вядомага беларусам палявога камандзіра Рамуальда Райса (Бурага). Пра гэта заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Заява аб пераглядзе ацэнак дзеянняў Рамуальда Райса была апублікавана на сайце Інстытута нацыя­нальнай памяці Польшчы. Адказваючы на пытанне, як МЗС Беларусі мае намер рэагаваць на такія захады, прэс-сакратар сказаў: “Злачынец, які асабіста аддаваў загады і ўдзельнічаў у забойстве мірных жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы, не можа быць абелены ні ў вачах беларусаў, ні ў гістарычнай памяці іншых разважных людзей. Польскімі вучонымі сабрана дастаткова доказаў яго злачынстваў. На аснове фактаў, а не тэарэтычных разважанняў, зроблены адпаведныя вывады следства камісіі Інстытута нацыянальнай памяці ў 2005 годзе. Трэба мець сталасць і смеласць, каб гэта прызнаць”.

“Нашу асаблівую заклапочанасць выклікаў адкрыты цынізм асобных польскіх “даследчыкаў”, на вывады якіх абапіраецца заява Інстытута нацыянальнай памяці. У прыватнасці, у яго апраўданне яны канстатуюць, што Буры меў магчымасць “спаліць не пяць, а значна больш беларускіх вёсак у павеце Бельск-Падляскі”, — падкрэсліў Анатоль Глаз.

“Мы чакаем ад улад Польшчы публічных афіцыйных каментарыяў адносна таго, ці з’яўляецца такая ацэнка дзеянняў Бурага афіцыйным пунктам гле­джання і наколькі гэта суадносіцца з захадамі па выбудоўванні дыялогу, у тым ліку гістарычнага, якія былі зроблены бакамі апошнім часам. Для дачы адпаведных тлумачэнняў у МЗС выкліканы пасол Польшчы”, — дадаў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.