Беларусь гатова працаваць са Stadler Rail Group і рэалізоўваць яе прапановы

- 15:08Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з генеральным дырэктарам і ўладальнікам кампаніі Петэрам Шпулерам.

“Вы ў нас стварылі амаль 500 вельмі высокапрадукцыйных рабочых месцаў, вы займаецеся інавацыямі — гэта, як модна сёння гаварыць, у трэндзе. Гэта нашы задачы, якія мы будзем вырашаць у будучую пяцігодку. І ў гэтым плане вы павінны быць упэўнены, што мы гатовы працаваць з вамі і рэалізоўваць усе вашы прапановы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што кампанія за гады работы ў Беларусі паспела зрабіць шмат. “Зразумела, калі працуеш, з’яўляюцца новыя пытанні, магчыма, новыя інтарэсы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я знаёмы з вашымі прапановамі наконт пашырэння вытворчасці ў Беларусі. Давайце абмяркуем увесь комплекс пытанняў”.

“Мы праявілі ўласную ініцыятыву. Некаторыя заказы, якія планаваліся для заходнееўрапейскіх дзяржаў, перанеслі сюды (у Беларусь. — Заўв.БелТА.). Гэты заказ тычыцца дзяржаўнай чыгункі Нарвегіі, — сказаў Петэр Шпулер. — Акрамя таго, у Фаніпалі будзе поўнасцю выконвацца заказ па зборцы трамваяў для гарадскіх ліній Санкт-Пецярбурга”.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася і разглядалася магчымасць вытворчасці заводам “Штадлер Мінск” цягнікоў для трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна.

Генеральны дырэктар таксама заўважыў, што ў 2015 годзе кампанія сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі:

“Аэраэкспрэс” адмовіўся ад часткі свайго заказу з-за няздольнасці яго аплаціць. “Мы былі вымушаны расцягнуць тыя вытворчыя працэсы, якія ішлі, каб знайсці іншае фінансаванне. Сёння праблема амаль вырашана”, — звярнуў увагу ён.

Петэр Шпулер дадаў, што яго кампанія поўная рашучасці працаваць у Беларусі. Завод прадоўжыць супрацоўнічаць з прадпрыемствам “Белкамунмаш”, закупляючы там кампаненты для вытворчасці, і, магчыма, будзе развіваць партнёрства з іншымі беларускімі прадпрыемствамі. “Уся прадукцыя, якая збіраецца ў Мінску, — гэта абсалютна беларуская прадукцыя”, — падкрэсліў уладальнік кампаніі.