Беларусь — Кітай: насустрач адно аднаму

- 11:59Актуально, Апошнія запісы

Над Нараччу не сціхаюць радасныя дзіцячыя галасы. Яны гамоняць на розных мовах свету — англійскай, французскай, італьянскай, казахскай, арабскай і многіх іншых. А ўсё таму, што ў НДЦ “Зубраня” рады ўсім: тут пабывалі дзеці з больш чым 40 краін свету. У гэтыя дні ў нарачанскай краіне дзяцінства ўсюды чуваць “ніхао!”, таму што ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры адпачываюць дзеці з Кітайскай Народнай Рэспублікі і рэалізоўваецца праект “Беларусь — Кітай: насустрач адно аднаму”.

Час знаходжання юных гасцей з Кітая ў Беларусі напоўнены разнастайнымі падзеямі. Адна з самых значных — сустрэча з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Васільевічам Карпенкам і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымінам. Высокія госці ў нефармальнай атмасферы пагутарылі з дзецьмі і адказалі на іх пытанні.

І.В.Карпенка ад імя Міністэрства адукацыі павітаў юных і дарослых гасцей нашай краіны, спадара Цуй Цыміна і падкрэсліў значнасць усталявання сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і Кітаем.

— Адносіны паміж нашымі краінамі маюць важны стратэгічны, даверны характар. Яны ўмацаваны важнымі палітычнымі рашэннямі лідараў двух краін — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, — адзначыў міністр адукацыі. — І сённяшняя сустрэча — невялікая частка маштабнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі, народамі, адукацыйнымі ведамствамі, дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі, якое ажыццяўляецца ў рамках гэтага стратэгічнага партнёрства.

Ігар Васільевіч звярнуў увагу на тое, што пашырэнне сфер узаемадзеяння паміж краінамі вядзе да росту цікаўнасці да вывучэння мовы і культуры Кітая ў беларускай моладзі. Сёння ў шасці беларускіх школах кітайскую мову вывучаюць як асноўную замежную, яшчэ ў некалькіх дзясятках устаноў для яе вывучэння ладзяцца факультатыўныя заняткі. Актыўна дзейнічаюць інстытуты Канфуцыя і Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства БДУ, рэалізоўваюцца праграмы ўзаемадзеяння паміж установамі вышэйшай адукацыі.

У сувязі з існуючым запытам распрацавана стратэгія развіцця вывучэння кітайскай мовы. Сёння асноўнай праблемай на выбраным шляху з’яўляецца недахоп кадраў адзначанага профілю ў агульнаадукацыйных школах. І робяцца пэўныя крокі для рашэння гэтага пытання. Так, рэалізоўваецца эксперыментальны праект з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, у рамках якога настаўнікі замежных моў з усёй краіны будуць праходзіць перападрыхтоўку, каб у далейшым выкладаць кітайскую мову. Навучанне будзе ажыццяўляцца за бюджэтныя сродкі ў вочна-завочнай форме. Ужо 1 верасня гэтага года за парты сядзе першая група з 25 настаўнікаў.

І.В.Карпенка заверыў, што плённае ўзаемадзеянне ў адукацыйнай сферы і далей будзе ўмацоўвацца і пашырацца. У мінулым годзе нашу краіну з візітам наведала дэлегацыя Міністэрства адукацыі КНР. У НДЦ “Зубраня” адбылася сустрэча міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі і міністра адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Чэнь Баашэна, а таксама прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі дзвюх краін. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і КНР у адукацыйнай сферы. У найбліжэйшы час дэлегацыя Міністэрства адукацыі Беларусі адправіцца ў Пекін, дзе адбудзецца чарговае беларуска-кітайскае пасяджэнне групы па развіцці адукацыі, будуць падведзены вынікі папярэдняй работы і абмеркаваны перспектывы далейшага ўзаемадзеяння.

Міністр пажадаў усім добра адпачыць і выказаў перакананасць, што знаёмства і зносіны дзяцей у “Зубраняці” будуць спрыяць умацаванню сяброўства і ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі і народамі. Гэтую думку раздзяляе і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Спадар Цуй Цымін выказаў падзяку супрацоўнікам Міністэрства адукацы і ўласна кіраўніку міністэрства, а таксама дырэктару і супрацоўнікам НДЦ “Зубраня” за арганізацыю цудоўнага адпачынку для яго юных суайчыннікаў. Вітаючы дзяцей, пасол адзначыў, што яны таксама з’яўляюцца ў пэўным сэнсе пасламі сваёй краіны, таму што даюць уяўленне пра кітайскую моладзь, ствараюць яе імідж.

— Большасць з вас тут упершыню. Упэўнены, што вы ўжо ўбачылі: Беларусь — вельмі прыгожая і чыстая краіна, адчулі, што беларускія дзеці і беларускі народ вельмі гасцінныя і дружалюбныя. Не сумняваюся, што вы палюбіце гэтую краіну і многія захочуць тут вучыцца, — звяртаючыся да юных кітайцаў, сказаў спадар Цуй Цымін. — Думаю, дзякуючы вашым знаёмствам, зносінам, сяброўства паміж Кітаем і Беларуссю будзе перадавацца ад пакалення ў пакаленне.

І сапраўды, у “Зубраняці” робяць усё магчымае, каб госці з Кітая адпачылі, аздаравіліся, пазнаёміліся з нашай краінай і пасябравалі з беларускімі дзецьмі. Для іх падрыхтавана насычаная праграма мерапрыемстваў, сярод якіх квесты, майстар-класы, фестываль мастацтваў, вечар беларуска-кітайскага сяброўства. Каб паправіць здароўе, дзеці карыстаюцца шырокімі магчымасцямі медыцынскага корпуса цэнтра, дзе праходзяць аздараўленчыя працэдуры. Мноства цікавых экскурсій і падарожжаў па Беларусі дазволіць пазнаёміцца з беларускімі славутасцямі.

Адначасова з гасцямі з Кітая ў “Зубраняці” адпачываюць беларускія дзеці, якія вывучаюць кітайскую мову. Яны ўваходзяць у склад профільнага атрада. Такія атрады арганізоўваюцца тут з 2015 года, калі кітайцы ўпершыню адпачывалі ў “Зубраняці”. Для дзяцей з профільнага атрада праводзяцца заняткі па кітайскай мове, яны знаёмяцца з культурай і традыцыямі Кітая, такімі як, напрыклад, чайная цырымонія, каліграфія. А найлепшай моўнай практыкай для іх, безумоўна, з’яўляюцца зносіны з дзецьмі з Паднябеснай.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.