Беларусь – на шляху еўрапейскай інтэграцыі

- 13:22Якасць адукацыі
Студэнты Оксфардскага ўніверсітэта Патрык Цімані (злева) па праграме акадэмічнага абмену праходзіў стажыроўку на кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі Белдзяржуніверсітэта. У нашай краіне яго суправаджаў студэнт фізічнага факультэта міраслаў Барабаш.

Мы ўжо знаёмілі вас з праграмай Еўрапейскага Саюза “Tэмпус”, а сёння прапаноўваем увазе інфармацыю аб праграме “Эразмус Мундус”. Адрозненне гэтых праграм у тым, што першая арыентавана на рэфармаванне сістэмы вышэйшай адукацыі, а другая — на павелічэнне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў і навукоўцаў. Па вялікім рахунку, кожны, хто хоча заняцца навуковымі даследаваннямі або працягнуць адукацыю за мяжой (у тым ліку паслядыпломную), можа прэтэндаваць на стыпендыі праграмы “Эразмус Мундус”.

Беларусь удзельнічае ў праграме акадэмічнай мабільнасці “Эразмус Мундус” з 2007 года. Першапачаткова ў краіне дзейнічаў адзін кансорцыум праграмы, у які ўваходзілі 20 універсітэтаў-партнёраў. Тады праект насіў назву “Эразмус Мундус — акно знешняга супрацоўніцтва для Беларусі, Малдовы і Украіны” і каардынаваўся ўніверсітэтам Дэуста (Іспанія). У праекце ў якасці партнёраў з боку Беларусі ўдзельнічалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Членамі кансорцыума з’яўляліся таксама ўніверсітэты Турцыі, Партугаліі, Грэцыі, Францыі, Галандыі, Італіі, Германіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Малдовы.

Студэнты Оксфардскага ўніверсітэта Патрык Цімані (злева) па праграме акадэмічнага абмену праходзіў стажыроўку на кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі Белдзяржуніверсітэта. У нашай краіне яго суправаджаў студэнт фізічнага факультэта міраслаў Барабаш.Па ўмовах праграмы студэнты вучыліся на працягу семестра або акадэмічнага года, а магістранты і аспіранты не толькі праводзілі даследаванні на працягу некалькіх месяцаў, але і мелі магчымасць прайсці курс навучання па магістарскіх і дактаранцкіх праграмах універсітэтаў-партнёраў з абаронай дысертацый і атрыманнем ступеняў. Так, адзін аспірант і 5 магістрантаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна рэалізавалі такую магчымасць. Плённа паўдзельнічалі ў праграме і прадстаўнікі БДУ.
З 2011 года каардынатарам згаданага кансорцыума (з некаторым змяненнем складу ўдзельнікаў) стаў універсітэт горада Турку (Фінляндыя). А беларускія ўніверсітэты пачалі пашыраць супрацоўніцтва з іншымі партнёрамі.
Напрыклад, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна сёння з’яўляецца ўдзельнікам ужо трох кансорцыумаў праектаў праграмы “Эразмус Мундус”, два з якіх каардынуюцца ўніверсітэтам г.Турку (Фінляндыя) і адзін — політэхнічным універсітэтам г.Турына (Італія).
“За гады рэалізацыі праграма “Эразмус Мундус” даказала сваю высокую эфектыўнасць, — дзеліцца вопытам Аляксей Анатольевіч Хоміч, вядучы спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнай і інавацыйнай дзейнасці Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. — Усе студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі вельмі добра праявілі сябе за мяжой, набылі новыя веды, навыкі і кампетэнцыі, пазнаёміліся са стандартамі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўрасаюза, распаўсюджвалі веды аб беларускай сістэме адукацыі, яе дасягненнях, культурных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”.

Даведка
“Эразмус Мундус” — некамерцыйная праграма Еўрапейскага Саюза па абмене студэнтамі і выкладчыкамі паміж універсітэтамі краін — членаў ЕС, а таксама іншых краін.
Праграма дае магчымасць вучыцца, праходзіць стажыроўку ці выкладаць у іншай краіне, якая ўдзельнічае ў праграме. Перыяд — ад 1 месяца да 3 гадоў.
Плануецца, што з 2014 па 2020 год грантамі ЕС для навучання і падрыхтоўкі за мяжой скарыстаецца каля 5 мільёнаў чалавек, што прыкладна ўдвая больш, чым у цяперашнім сямігадовым цыкле.
2,2 мільёна студэнтаў частку свайго навучання і падрыхтоўкі правядуць за мяжой (у параўнанні з 1,5 мільёна ў цяперашніх праграмах).
1 мільён выкладчыкаў, стажораў і адміністратараў адукацыі набудуць новую методыку выкладання і навучання за мяжой.
540 тысяч маладых людзей атрымаюць гранты для валанцёрскай дзейнасці за мяжой або для ўдзелу ў маладзёжных абменах (цяпер 374 тысячы).

З універсітэтаў-партнёраў Еўрасаюза ў беларускія ўніверсітэты таксама прыязджалі на вучобу студэнты, магістранты, дактаранты і выкладчыкі. Яны праводзілі навуковыя даследаванні, займаліся выкладчыцкай дзейнасцю і ў цэлым высока ацанілі патэнцыял і дасягненні беларускіх калег, а самае галоўнае — усталявалі добрыя адносіны для далейшага супрацоўніцтва, што пасля вылілася ў сумесныя даследаванні, публікацыі, праекты.

“Эразмус Мундус”: перавагі для студэнтаў, выкладчыкаў, даследчыкаў
• удзел у магістарскіх і дактаранцкіх праграмах высокай якасці ў Еўропе;
• атрыманне падвойных, множных, сумесных ступеняў ад кансорцыумаў вядучых універсітэтаў;
• знаёмства з Еўропай і еўрапейскай сістэмай вышэйшай адукацыі;
• удасканаленне ведання замежных моў, вопыт міжкультурных камунікацый;
• паляпшэнне магчымасцей працаўладкавання студэнтаў праз прызнанне кваліфікацый і перыядаў навучання за мяжой;
• абмен ведамі, ідэямі, устанаўленне доўгатэрміновых кантактаў. 

Перавагі для ўніверсітэтаў
• стварэнне доўгатэрміновых сувязей (сумесныя праекты, даследаванні з калегамі з ЕС;
• паляпшэнне якасці выкладання і ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў;
• увядзенне ў дзеянне механізмаў мабільнасці і прызнання ступеняў і дыпломаў;
• паляпшэнне іміджу ўніверсітэта (бачнасці, прывабнасці) у сусветнай адукацыйнай і навуковай прасторы.

Трэба адзначыць, што з 2011 года Беларускія ўніверсітэты сталі ўдзельнікамі ўжо чатырох кансорцыумаў праектаў праграмы “Эразмус Мундус”, а з 2012 года — сямі. Цяпер універсітэты Беларусі, Малдовы і Украіны знаходзяцца ў адным геаграфічным лоце з установамі Азербайджана, Арменіі і Грузіі. Гэта значыць, што прадстаўнікі любога ўніверсітэта Беларусі (магістранты, аспіранты, выкладчыкі), нават калі ён не ўваходзіць у кансорцыум непасрэдна як універсітэт-партнёр, могуць удзельнічаць у акадэмічнай мабільнасці для навучання або правядзення навуковых даследаванняў ва ўстановах краін Еўрасаюза.

“Дарэчы, удзельнікамі мабільнасці могуць быць не толькі прадстаўнікі ўніверсітэтаў, але і грамадзяне, якія працуюць на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях любой формы ўласнасці і маюць дыплом аб вышэйшай адукацыі, — гаворыць Аляксей Анатольевіч Хоміч. — Яны могуць падаць заяўку на поўны курс навучання па праграмах універсітэтаў-партнёраў у краінах Еўрасаюза з атрыманнем пасля яго завяршэння ступені магістра ці доктара навук”.

Дарэчы, да 18 лютага 2013 года прымаюцца заяўкі ад жадаючых удзельнічаць у мабільнасці ў рамках Кансорцыума праекта EUROEAST (www.euroeast.polito.it), партнёрам якога з мінулага года з’яўляецца Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Стыпендыі цалкам пакрываюць кошт навучання (або стажыроўкі) у замежным універсітэце, транспартныя выдаткі, кошт медыцынскай страхоўкі, кошт пражывання і харчавання ў краіне, дзе знаходзіцца ўніверсітэт.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.