Беларусь падпісала Інфармацыйную стратэгію

- 10:57Сацыяльны ракурс

па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства

Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося падпісанне Інфармацыйнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства. Гэта стала магчымым дзякуючы сумеснай рабоце грамадства, прадстаўнікоў улады і міжнародных грамадскіх арганізацый. Дакумент падпісалі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санака Самарасінха. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю, які адзначаецца ва ўсім свеце 3 снежня.

Інфармацыйная стратэгія Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства — дакумент, які закліканы змяніць інфармацыйнае поле ў асвятленні гэтай тэматыкі. З падпісаннем Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю і зацвярджэннем Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў канвенцыі гэтая тэма ў Беларусі набыла характар адкрытасці на дзяржаўным узроўні і грамадскіх пляцоўках. З’явіўся новы фокус інфармацыйнай работы, накіраваны на павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб вострых праблемах людзей з інваліднасцю, на пашырэнне камунікацыі людзей з інваліднасцю з навакольным светам. СМІ маюць вялікі ўплыў на фарміраванне грамадскай свядомасці. Распрацоўшчыкі новай стратэгіі разлічваюць на падтрымку і ўдзел журналістаў у пошуку новага гучання гэтай важнай тэмы.

Выступаючы ініцыятарамі распрацоўкі інфармацыйнай стратэгіі, яе стваральнікі — прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх, міжнародных арганізацый, людзі з інваліднасцю, СМІ — абапіраліся на паспяховы вопыт прынятай раней стратэгіі па ВІЧ/СНІД, распрацаванай у рамках праекта ПРААН. Новая стратэгія ўключае 11 стандартаў інфармацыйных матэрыялаў па тэматыцы праблем людзей з інваліднасцю.

Працэс распрацоўкі новай стратэгіі быў падтрыманы з боку Урада Беларусі і каардынаваўся Міністэрствам інфармацыі.

“Ініцыятыва, звязаная са стварэннем паўнацэннага грамадства ў адносінах да кожнага грамадзяніна і, адпаведна, стварэннем грамадзянскага грамадства, гаворыць аб тым, што ўсе, хто яе падтрымаў, мае адзіныя мэты. І ў дасягненні гэтых мэт немагчыма абысціся без журналісцкай супольнасці, партнёрства грамадскіх арганізацый і інстытутаў улады, — падкрэсліў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. — Думаю, што ўсе чытачы, гледачы, усе, хто адкрывае для сябе інфармацыйную прастору Беларусі ў сацыяльных сетках, ужо ўбачылі гэтую шматгранную работу і ўяўляюць Беларусь як краіну з магчымасцямі для ўсіх. Гэта паўплывае і на тое, што да нас будуць ехаць замежныя грамадзяне незалежна ад абмежаванняў сваіх фізічных магчымасцей”.

“За пяць гадоў, якія я жыву ў вашай краіне, я бачыў неверагодныя намаганні, якія робяцца ў вас для таго, каб забяспечыць і гарантаваць роўны доступ для людзей з інваліднасцю да існуючых магчымасцей і паслуг, — адзначыў Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санака Самарасінха. — Лічу, што цудоўным крокам для гэтага з’яўляецца падпісанне Беларуссю Канвенцыі аб правах інвалідаў. Днямі разам з прадстаўнікамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама з удзелам паслоў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і прадстаўнікоў нашых партнёраў з прыватнага сектара мы будзем прэзентаваць нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі канвенцыі.

Мне давялося прыняць удзел у 400-кіламетровым велапрабегу па вашай краіне, у рамках якога я наведваў сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці з рознымі відамі інваліднасці. Удзельнікі прабегу зразумелі адно: падпісанне Канвенцыі аб правах інвалідаў нічога істотна не зменіць, пакуль мы не зменім “сэрцы”, мысленне і бачанне як людзей з інваліднасцю, так і без інваліднасці, пакуль мы не дапаможам ім зразумець, што яны паміж сабой роўныя. Роля СМІ вельмі важная ў гэтым пытанні. Многія людзі з інваліднасцю амаль ніколі не пакідалі межы сваіх кватэр, але яны могуць адчуваць сябе часткай грамадства, калі глядзяць журналісцкія рэпартажы па тэлебачанні, чытаюць артыкулы. Вы з’яўляецеся акном у свет для многіх людзей. Разам з тым ёсць вялікая колькасць людзей без інваліднасці, якія не разумеюць, што такое інваліднасць. І для іх СМІ таксама з’яўляюцца акном, якое дапаможа зразумець і задумацца над праблемамі, з якімі сутыкаюцца ў сваім жыцці людзі з інваліднасцю. Гэта неабходна для таго, каб у грамадстве было разуменне таго, што кожны чалавек павінен мець права і магчымасць поўнасцю рэалізаваць свой патэнцыял. Журналісты павінны быць у цэнтры гэтага працэсу.

З боку ААН мы гатовы аказаць усебаковую падтрымку журналістам і прыступіць да канкрэтных дзеянняў. Мы запусцім ініцыятыву або праект, які будзе мець некалькі складнікаў. Адным з іх будзе правядзенне вучэбных мерапрыемстваў для прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці, якія знаходзяцца не толькі ў Мінску, але і ў абласных цэнтрах. У прыватнасці, мы будзем арганізоўваць работу з мэтай гарантавання правільнага выкарыстання ў СМІ тэрміналогіі. Пры непасрэдным удзеле і кіраўніцтве з боку Міністэрства інфармацыі мы будзем прадпрымаць намаганні для таго, каб распаўсюдзіць лепшыя практыкі з усяго свету па гэтай праблематыцы, а таксама для таго, каб прадэманстраваць лепшыя тэхналогіі. Мы імкнёмся, каб работа, якую журналісты прадстаўляюць у СМІ, была ў максімальнай ступені даступна для як мага большай колькасці людзей, у тым ліку людзей з інваліднасцю. Мы будзем цесна працаваць з кампаніямі, якія прадстаўляюць прыватны сектар, якія зарэгістраваны ў ПВТ, напрыклад, кампаніі Wargaming, EPAM і інш. Нас хвалюе пытанне працаўладкавання людзей з інваліднасцю ў сферы масмедыя. Мы будзем працаваць над тым, каб маладыя людзі з інваліднасцю, якія хочуць стаць журналістамі, мелі магчымасць атрымаць адпаведную адукацыю”.

“Падпісанне стратэгіі па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства — гэта абазначэнне прыярытэтаў, у тым ліку Міністэрства інфармацыі, у гэтай частцы, — паведаміў Аляксандр Карлюкевіч. — Фактам падпісання дакумента мы хацелі падкрэсліць, што ўсе электронныя, друкаваныя рэсурсы будуць уключаны ў гэтую праблематыку. Дакумент дае нам права выбудаваць цэласную праграму дзеянняў па далучэнні СМІ да гэтага працэсу. Мы плануем сістэматызаваць гэтую работу: правесці яе маніторынг, вызначыць асноўныя праблемна-тэматычныя кірункі, запрасіць экспертаў, у тым ліку з дзяржаўнага сектара, у гэтую праблематыку. Упэўнены, што да гэтага працэсу далучацца і сотні выданняў з рэгіёнаў нашай краіны. Мы будзем актыўна супрацоўнічаць з міжнароднымі інстытутамі, выказваць розныя ідэі, якія тычацца работы журналістаў па гэтай тэматыцы. Плануем праводзіць прэс-туры, прэс-прэзентацыі асобных праектаў. Самае галоўнае — вынікам нашай работы стануць матэрыялы, якія раскажуць пра найбольш яркія лёсы людзей, якія паставяць перад сабой актуальныя задачы і вырашаць канкрэтныя праблемы. Разам з Санакам Самарасінхам мы абмеркавалі канкрэтны праект па правядзенні сумеснага конкурсу ПРААН і Міністэрства інфармацыі, які будзе праходзіць на працягу 2018 года і будзе прысвечаны пытанням інфармацыйнага забеспячэння тэмы людзей з інваліднасцю і іх магчымасцей”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.