Беларусь супраць насілля і гандлю людзьмі

- 10:17Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Гандаль людзьмі і насілле над дзецьмі — праблемы планетарнага маштабу, і змагацца з імі трэба толькі разам. У Беларусі дынамічна развіваецца і ўдасканальваецца нацыянальнае заканадаўства ў сферы процідзеяння гандлю людзьмі і недапушчэння насілля над дзецьмі. Згодна з ацэнкай міжнародных экспертаў, наша заканадаўства з’яўляецца прагрэсіўным і адпавядае сусветным стандартам. Таму, як у краіне наладжана работа кампетэнтных органаў у згаданых кірунках, была прысвечана прэс-канферэнцыя, якая днямі прайшла ў Мінску.

Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС палкоўнік міліцыі Сяргей Колтун, Беларусь далучылася да Канвенцыі Савета Еўропы “Аб процідзеянні гандлю людзьмі”. А гэта даволі значны крок у вырашэнні згаданай праблемы.

— Процідзеянне гандлю людзьмі ў Беларусі з’яўляецца прыярытэтным і знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы, — адзначыў Сяргей Колтун.

Са слоў палкоўніка міліцыі, за 8 месяцаў выяўлена 1020 злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі. Перакрыта 12 каналаў пастаўкі жывога тавару ў 5 краін свету і ўстаноўлена каля 100 пацярпеўшых, а за 10 гадоў ліквідаваны 22 злачынскія арганізацыі і 85 арганізаваных груп.

Акрамя гэтага, Сяргей Колтун звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі вядзецца пастаянная работа па прадухіленні і выяўленні цяжкіх і асабліва цяжкіх палавых злачынстваў у адносінах да дзяцей.

— Са снежня 2008 года ў Беларусі дзейнічае артыкул 343 “Выраб і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявамі непаўналетняга”. У студзені 2015 года ў Крымінальны кодэкс была ўведзена частка 2 артыкула 268 “Палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту”, — расказаў Сяргей Фёдаравіч. — Такім чынам, паслядоўныя і своечасовыя заканадаўчыя ініцыятывы значна павялічылі эфектыўнасць процідзеяння злачынцам і дазваляюць папярэдзіць здзяйсненне новых злачынстваў. Гэта значыць, колькасць ахвяр насілля памяншаецца.

Сёння, зыходзячы з практыкі і аналізу злачынстваў, а таксама з улікам новых выклікаў і пагроз, МУС ініцыіруе ўвядзенне крымінальнай адказнасці за калекцыяніраванне дзіцячай парнаграфіі, а таксама за грумінг — псіхалагічную падрыхтоўку дзяцей да сексуальных адносін пры дапамозе інтэрнэту.

Так, сёлета было выяўлена 90 фактаў вырабу і распаўсюджання дзіцячай паранаграфіі.

— Гэты паказчык большы за мінулагодні ў 3,6 разу. Фактаў педафіліі выяўлена ў 1,5 разу больш, чым год назад. Рост выяўлення выпадкаў абумоўлены актывізацыяй намаганняў і эфектыўнымі дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, — тлумачыць Сяргей Колтун. — Вопыт нашых супрацоўнікаў дазваляе раскрываць усё больш злачынстваў. У прыватнасці, вядзецца інтэрнэт-разведка, а таксама наладжаны адпаведны маніторынг інтэрнэт-прасторы. Гэта значыць, што кампетэнтныя спецыялісты будуць рабіць усё магчымае, каб засцерагчы грамадства ад існуючых сур’ёзных пагроз.

Падрыхтавала Наталля ДУБІК.