Беларусь удзячна Сусветнаму банку за фінансаванне інфраструктурных праектаў

- 10:59Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на выпрацоўку эфектыўнай дарожнай карты далейшага супрацоўніцтва Беларусі з Сусветным банкам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірылам Мюлерам.

“У канцы гэтага года мы з вамі павінны будзем вызначыць дарожную карту, праграму нашага супрацоўніцтва на будучыню. Думаю, мы гэта зробім своечасова, і яна будзе не горшая, чым у папярэднія гады”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць беларускага боку ў адрас Сусветнага банка за існуючы ўзровень супрацоўніцтва. “У самыя цяжкія часы Сусветны банк прытрымліваўся свайго стылю работы. Мы заўсёды знаходзілі агульныя інтарэсы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў падтрымку Сусветнага банка ў фінансаванні інфраструктурных праектаў, такіх як будаўніцтва і рэканструкцыя дарог, ачыстка вады, мінімізацыя наступстваў катастрофы на ЧАЭС, перапрацоўка бытавых адходаў. “Вы моцна дапамаглі нам у мадэрнізацыі ўсёй лясной гаспадаркі. Менавіта з вашай падтрымкі пачалася гэтая мадэрнізацыя. І мы сёння практычна поўнасцю правялі імпартазамяшчэнне ў лясной гаспадарцы і працуем па самых высокіх стандартах”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер рэалізоўваецца шэраг праектаў на сотні мільёнаў долараў. “Павінен сказаць, што мы своечасова рэалізоўваем гэтыя праекты, але ў мяне склалася ўражанне, што беларускі бок недзе з нейкімі праектамі марудзіць або мы павольна разгортваемся. Я хацеў бы, каб вы мне сказалі, дзе нашы недахопы, і мы абавязкова выправім сітуацыю, — сказаў беларускі лідар. — Ваша фінансаванне, асабліва ў гэтай сітуацыі, дае магчымасць тысячам людзей мець работу і ствараць цудоўныя аб’екты. Вопыт супрацоўніцтва з вамі — адкрыты, прынцыповы — з’яўляецца для нас пэўнай школай. Наша сустрэча паслужыць далейшаму ўдасканаленню нашых адносін”.

У сваю чаргу Сірыл Мюлер адзначыў, што для Сусветнага банка было вялікім гонарам аказваць садзейнічанне Беларусі ў апошнія некалькі гадоў. Ён падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за станоўчую ацэнку сумесных праграм. “Сапраўды, нам удалося дасягнуць істотных пазітыўных вынікаў, істотна нарасціць тэмпы і аб’ёмы сумесных праграм. І мы маем намер рухацца наперад”, — сказаў ён.

“Мы пачынаем распрацоўваць стратэгію на будучыню. І я буду ўдзячны, калі вы вызначыце ключавыя пункты, на якія нам трэба звярнуць увагу”, — дадаў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка.

Цяпер з удзелам Сусветнага банка ў Беларусі рэалізоўваецца шэраг розных праектаў на агульную суму амаль $1 млрд, у тым ліку ў сферах развіцця сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, павышэння энергаэфектыўнасці, удасканалення і мадэрнізацыі аўтамабільных дарог, развіцця ляснога сектара, мадэрнізацыі сістэм адукацыі і кіравання дзяржаўнымі фінансамі. Сума інвестыцый Сусветнага банка з 1992 па 2016 год ацэньваецца ў памеры амаль $1,5 млрд.

Сусветны банк створаны ў ходзе Брэтан-Вудскай канферэнцыі ў 1944 годзе як Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР) і з’яўляецца адной з найбольш уплывовых міжнародных фінансавых арганізацый, якая мае значны фінансавы і экспертны патэнцыял для прадастаўлення дзяржавам-членам дапамогі ў мэтах развіцця.

МБРР з’яўляецца ключавой арганізацыяй групы Сусветнага банка, у якую таксама ўваходзяць фінансавыя і нефінансавыя агенцтвы, якія спецыя-лізуюцца на больш вузкіх напрамках развіцця. Банк прадастаўляе пазыкі толькі крэдытаздольным пазычальнікам і фінансуе выключна перспектыўныя праекты, якія прадугледжваюць рэальны эканамічны эфект.

Беларусь з’яўляецца членам Сусветнага банка з 1992 года. Па стане на 23 мая 2016 года Беларусі належыць 0,21% ад агульнай колькасці галасоў і 0,19% ад агульнай колькасці акцый Сусветнага банка.