Беларусь завяршае ўборку збожжавых

- 11:48Інфармацыйная гадзіна

Ураджайнасць збожжавых у Беларусі ў 2017 годзе вышэйшая за мінулагоднюю, паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.

“Ураджайнасць збожжавых у гэтым годзе вышэйшая, чым у мінулым. Сярэдняя ўраджайнасць у бягучым годзе — 35,8 ц/га, самая высокая ў Гродзенскай вобласці — 43,5 ц/га”, — сказаў Уладзімір Гракун.

Рэкордная ўраджайнасць атрымана ў чатырох гаспадарках краіны — больш за 100 ц/ га. “У СВК імя Крамко Гродзенскага раёна атрымалі 110,6 ц/га, СВК “Свіслач” — 101,5 ц/га, СВК “Прагрэс-Верцялішкі” — 104,2 ц/га. У ААТ “Гастэлаўскае” Мінскага раёна атрымана 102,9 ц/га. Гэта сведчыць аб тым, што гатункі збожжавых культур сёння могуць даваць высокія ўраджаі. Для гэтага неабходна выкананне ўсіх тэхналагічных элементаў, своечасовая ўборка і захаванне ўраджаю”, — сказаў намеснік міністра.

Уборку збожжавых у Беларусі плануецца скончыць у найбліжэйшыя дні. Працягваецца ўборка яравога рапсу, завяршаецца церабленне лёну. “Асноўная задача пасля ўборачных работ — прадоўжыць нарыхтоўку кармоў”, — дадаў Уладзімір Гракун.

У краіне ўжо намалочана амаль 7 млн т збожжа, убрана каля 90 працэнтаў плошчаў. “Беларусь завяршае ўборку збожжавых. Выключэнне складае Віцебская вобласць, дзе ўбрана 65,5 працэнта плошчаў. Гэта тлумачыцца і тэрмінамі сяўбы, і ўмовамі надвор’я, паколькі гэта наш паўночны рэгіён”, — адзначыў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч.

Усяго ва ўборачнай кампаніі былі задзейнічаны 9474 збожжаўборачныя камбайны. “Мы пастаянна вялі маніторынг работы камбайнаў. У сярэднім па краіне іх прастойвала ад 3,2 працэнта да 4,2 працэнта з-за тэхнічных няспраўнасцей”, — удакладніў першы намеснік міністра. Паводле яго слоў, новыя камбайны “Гомсельмаша” з канвеера адпраўляліся непасрэдна ў поле, таму 2—3 дні даводзілася праводзіць іх дапрацоўку або наладку ва ўмовах жніва, але былі толькі нязначныя паломкі.

Штодзень аграрыі ўбіралі да 5 працэнтаў плошчаў збожжавых. “Па гэтых тэмпах мы бачым, што тэхнічны персанал і тэхніка былі гатовы да ўборачнай. Працавалі ўсе службы, базы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, заводы-вытворцы. Цяжкасцей у забеспячэнні запчасткамі не было. У перыяд масавых работ машынабудаўнікі адпускалі запасныя часткі без перадаплаты. Мы ўдзячны, што нам пайшлі насустрач”, — сказаў на заканчэнне Леанід Марыніч.