Беларусь зрабіла вялікі крок у развіцці чалавечага патэнцыялу

- 11:04Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Праграма развіцця ААН дасягнулі значных поспехаў у сумесных праектах. Такое меркаванне выказаў 24 лютага намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў на ўрачыстым мерапрыемстве да 50-годдзя Праграмы развіцця ААН.

“ПРААН за гады свайго існавання і знаходжання ў Беларусі ператварылася ў вельмі аўтарытэтную арганізацыю, якая валодае магутным патэнцыялам — экспертным, рэсурсным, чалавечым — для аказання дапамогі краінам, якія маюць у ёй патрэбу. Беларусь цесна супрацоўнічае з ПРААН, і мы дасягнулі значных вынікаў у вырашэнні шэрага пытанняў, якія стаяць перад нашай краінай”, — адзначыў Валянцін Рыбакоў.
Намеснік міністра нагадаў, што Беларусь была першай краінай СНД, якая адкрыла ў сябе прадстаўніцтва ПРААН. “Нягледзячы на тое, што мы ўжо дасягнулі значных поспехаў у сваім узаемадзеянні, у нас наперадзе маштабная сумесная работа, каб забяспечыць рэалізацыю мэт устойлівага развіцця ААН. Першым крокам у гэтай рабоце стане сумесная рэалізацыя рамачнай праграмы па аказанні Беларусі тэхнічнай дапамогі ў мэтах развіцця на 2016—2020 гады”, — паведаміў Валянцін Рыбакоў. У рамачнай праграме асаблівая ўвага ўдзяляецца таму, каб забяспечыць эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, эканамічны рост краіны, абарону навакольнага асяроддзя і развіццё чалавечага патэнцыялу. Асобна Валянцін Рыбакоў падзякаваў за дапамогу ў рэалізацыі праграм чарнобыльскай тэматыкі.
Валянцін Рыбакоў ад імя Міністэрства замежных спраў павіншаваў ПРААН з 50- годдзем стварэння і пажадаў поспехаў у рэалізацыі задач, якія ставіць перад сабой арганізацыя.
“Беларусь за апошнія гады зрабіла вельмі вялікі крок у развіцці чалавечага патэнцыялу. Дасягненні Беларусі сёння відавочныя і на сусветнай арэне. Праграма развіцця ААН рада адзначыць гэты факт і звярнуць увагу, што ў краіне рэалізавана больш як 150 праектаў ПРААН, на фінансаванне якіх накіравана каля $200 млн”, — адзначыў у сваю чаргу Санака Самарасінха.
Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі падзякаваў прадстаўнікам органаў дзяржкіравання, асобна адзначыўшы дасягненні многіх міністэрстваў. Адным з ключавых праектаў, рэалізаваных у Беларусі, ён назваў стварэнне поезда “Экспрэс ААН-70”.
“Беларусь дабілася многага ў плане паляпшэння якасці жыцця людзей, аднак цяпер перад краінай стаяць новыя выклікі. Трэба адзначыць, што яны абумоўлены ў большай ступені знешнімі фактарамі, падзеямі ў рэгіёне і свеце ў цэлым, але краіна зможа іх пераадолець, прадаўжаючы паступальны рух наперад”, — сказаў на заканчэнне Санака Самарасінха.