У сталічным Доме кіно 17 снежня на ўрачыстым свяце, прысвечаным Дню беларускага кіно, сабралася незлічоная колькасць айчынных кінематаграфістаў, якія атрымалі віншаванні як ад першых асоб нашай краіны, так і ад сваіх калег.
95 гадоў існавання беларускага кіно могуць паказацца кропляй у велічным акіяне сусвету, але менавіта гэтыя гады выхавалі і згуртавалі вакол нацыянальнага кіно дзясяткі зорак самага высокага кшталту. Незлічоныя кіламетры кінастужкі — вынік самаадданай працы сцэнарыстаў і рэжысёраў, кінааператараў і мастакоў, кампазітараў, мантажораў, акцёраў і ўсіх, хто мае дачыненне да вялікага цуду, што завецца светам кіно. У глядзельнай зале сабраліся тыя, каму неабыякавы лёс айчыннага кіно, хто ўвасабляе яго гонар і славу, хто вызначае сённяшні лёс нацыянальнага кінематографа і будзе ўплываць на яго будучыню.
Пачалося кінасвята з віншавання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў. “За шматгадовую гісторыю паступовага развіцця нацыянальны кінематограф падарыў свайму гледачу мноства выдатных карцін. Мы па праве ганарымся нашымі таленавітымі і легендарнымі майстрамі, фільмы якіх атрымалі прызнанне далёка за межамі краіны, сталі здабыткам сусветнай культуры, — гаворыцца ў віншаванні. — Сёння прыхільнікі кінамастацтва чакаюць ад вас шэдэўраў пра сучасную рэчаіснасць, глыбокага асэнсавання стваральнага шляху, які прайшла наша дзяржава за гады незалежнасці. Упэўнены, што агульнымі намаганнямі мы і ў далейшым будзем служыць высокім маральным і эстэтычным ідэалам, беражліва захоўваць і прымнажаць свае лепшыя дасягненні, спрыяць адкрыццю яркіх маладых талентаў, задавальненню сацыяльных патрэбнасцей грамадства, умацаванню пазітыўнага іміджу Беларусі”.
Сам жа Максім Уладзіміравіч прызнаўся, што з’яўляецца вялікім прыхільнікам айчыннага кіно і перагледзеў, перачытаў усе навіны, якія тычыліся 95-гадовага юбілею. “Для далейшага руху беларускага кіно ўверх у нас ёсць усё: таленавітыя артысты, рэжысёры, сцэнарысты, спецыялісты, якія акружаюць кінематограф з усіх бакоў. І нават тая база, якая, дзякуючы прэзідэнту, была ў апошні час мадэрнізавана на кінастудыі “Беларусьфільм”, дазваляе браць самыя высокія вяршыні ў засваенні тых тэм, якія сёння важныя для нашага грамадства”, — сказаў ён. А затым узнагародзіў Ганаровай граматай Адміністрацыі прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі заслужаных артыстаў краіны, вядучых майстроў сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандра Кашперава і Уладзіміра Мішчанчука. Акрамя таго, была аб’яўлена падзяка прэм’ер-мiнiстра мастаку-прарысоўшчыку першай катэгорыі студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільма” Вользе Чыкінай, а таксама ўзнагароджаны 12 чалавек нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Міністр культуры Юрый Бондар нагадаў, што за 95 гадоў беларускі кінематограф пераадолеў вялікі шлях: ад першай беларускай карціны “Лясная быль” Юрыя Тарыча да доўгачаканага “Купалы” Уладзіміра Янкоўскага, прэм’ера якога адбудзецца ў найбліжэйшы час. За ўсю гісторыю айчыннага кінематографа было створана больш за 650 мастацкіх, 2 тысячы дакументальных і 500 анімацыйных фільмаў. Многія з іх — хрэстаматыйныя кінастужкі, якія з’яўляюцца візітнай карткай беларускага кінематографа і, безумоўна, нашым культурным набыткам. Асаблівыя словы ўдзячнасці міністр выказаў у адрас ветэранаў галіны, якія стварылі творы экраннага мастацтва, на якіх вучацца новыя пакаленні. “Беларускія кінематаграфісты ўмелі паказваць вайну. Для многіх з іх яна была часткай жыцця. Драму “Знак бяды” Міхаіла Пташука еўрапейскія кіназнаўцы ўключылі ў дзясятку лепшых карцін пра вайну. Светлая памяць пра цэлую плеяду знакамітых імён назаўсёды занесена ў скарбніцу нацыянальнага кіно. І нам ёсць чым ганарыцца, калі мы адзначаем чарговую юбілейную дату беларускага кінематографа”, — дадаў ён.
Юрый Бондар падкрэсліў, што рэканструяваны “Беларусьфільм” становіцца цэнтрам развіцця кінаіндустрыі ўсёй краіны, цэнтрам прыцягнення таленавітых людзей, здольных унесці свой уклад у развіццё айчыннага кінамастацтва. “Асаблівыя надзеі мы ўскладаем на маладых кінематаграфістаў у тандэме з прызнанымі майстрамі кіно, іх вопытам і найвышэйшым прафесіяналізмам. Усебаковая падтрымка дэбютантаў, павышэнне ўзроўню прафесійнай адукацыі ў гэтай сферы, яго адаптацыя да рэальных патрэб кінаіндустрыі павінны стаць асновай для адраджэння былой славы беларускага кіно, — сказаў ён. — Думаю, самыя лепшыя моманты беларускага кіно яшчэ наперадзе. Галоўнае — верыць у поспех, рабіць усё для новых дасягненняў, і ўсё атрымаецца”.
Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі прызнаўся, што яму вельмі цікава працаваць з беларускімі кінематаграфістамі. “Я веру ў наша кіно і ў нас. Хачу пажадаць нам усім цікавых работ і ўдзячнага гледача, каб праз гады мы ганарыліся тым, што стварылі”, — дадаў ён. На юбілейным свяце былі згаданы найбольш яркія старонкі станаўлення і развіцця беларускага кіно, імёны сапраўдных майстроў айчыннага кінематографа і фільмы, якія ведаюць ва ўсім свеце.
Кіназнаўца і кінакрытык, кандыдат філалагічных навук Людміла Саянкова, віншуючы калег са святам, нагадала, што для любой справы неабходны тры складнікі: веды, жаданне і ўменні. “Як паказвае вопыт знакамітых рэжысёраў і фільмаў, часам дастаткова толькі адной першай часткі — жадання, якое вызначае ўсё, бо можна не мець грошы, можна быць малавопытным, аднак калі ёсць тая вялікая воля, якая вядзе па жыцці кожнага з нас да перамогі, то ўсё атрымаецца, — сказала яна. — Я жадаю, каб у нас усіх была такая воля і тое кіно, якое мы прадстаўлялі б на сусветных кінафестывалях, каб яно гучала і мы ганарыліся ім. У нас ёсць свой капітал — таленавітыя творчыя людзі, якімі варта вельмі даражыць і дапамагаць ім”.
Ва ўсім свеце кіно — гэта адкрытая пляцоўка для дыялогу культур, творчасці і абмену вопытам, гэта сумесныя праекты, міжнародныя фестывалі і конкурсы. Многія айчынныя карціны рэгулярна адзначаюць на міжнародных кінафорумах. Актыўна развіваецца сумесная вытворчасць з вядучымі замежнымі кінакампаніямі, а таму можна смела гаварыць, што і далей у беларускага кіно будзе яркая і насычаная гісторыя.
Вольга АНТОНЕНКАВА.