Бесперапынны працэс прафесійнага развіцця

- 11:58Якасць адукацыі

У Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Адукацыя дарослых: кіраванне асобасным і прафесійным развіццём”. Удзельнікі канферэнцыі — прадстаўнікі сістэмы бесперапыннай адукацыі Беларусі, Аўстрыі, Германіі, Кітая, Літвы, Расіі, Украіны, Швейцaрыі, Эстоніі.

“Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка забяспечвае мабільнасць педагогаў у засваенні новых спецыяльнасцей і набыцці новых кваліфікацый, што спрыяе запатрабаванасці спецыялістаў на рынку працы, — расказала дырэктар ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка Ірына Шасцітка. — Наша ўстанова рэалізуе спектр адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, у тым ліку па 28 спецыяльнасцях перападрыхтоўкі на ўзроўні вышэйшай адукацыі: 100 праграм павышэння кваліфікацыі для кіруючых работнікаў і спецыялістаў, 50 праграм вучэбных курсаў, 5 праграм стажыровак. Міжнародная акадэмічная мабільнасць нашых выкладчыкаў рэалізуецца ў рамках міжнародных дагавораў і пагадненняў. Іх вынікі — гэта новыя адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі. За апошнія гады адбыліся змены ў структуры нашага інстытута. Упершыню ў Беларусі з’явілася кафедра андрагогікі, якая займаецца пытаннямі навучання і адукацыі дарослых. Наша дзейнасць у сферы павышэння кваліфікацыі будуецца толькі па запытах педагогаў, якія жадаюць атрымаць падрыхтоўку па пэўнай спецыяльнасці. Спецыялісты інстытута маюць вопыт замежных стажыровак, падчас якіх яны не толькі слухаюць лекцыі, але і самі праводзяць заняткі са студэнтамі з іншых краін. Сістэма дадатковай адукацыі розных краін уключае сёння не толькі навучанне дарослых, але і работу з дзецьмі, а таксама з людзьмі пажылога ўзросту. Зараз адкрываюцца так званыя сярэбраныя ўніверсітэты, універсітэты сталых гадоў. І гэта таксама наша перспектыва”.

Пытанням сінтэзу фармальнай і нефармальнай (дадатковай) адукацыі сваё выступленне прысвяціла дырэктар Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва ў адукацыі Педагагічнага ўніверсітэта кантона Цуг (Швейцарыя) Эвелін Штэйнгер. Кожны жыхар у Швейцарыі мае шмат магчымасцей і шляхоў для атрымання якаснай адукацыі. Незалежна ад таго, які адукацыйны кірунак выбера малады чалавек — універсітэцкі або прафесійны, яго адукацыя для рынку працы будзе аднолькава каштоўнай. Калі маладыя людзі, напрыклад, вырашаць пайсці па шляху атрымання прафесійнай адукацыі, то пасля 9 класа яны змогуць сумяшчаць на працягу 3—4 гадоў навучанне з работай на фірме.

У студзені 2017 года ў Швейцарыі быў прыняты Федэральны закон аб дадатковай адукацыі, згодна з якім прадугледжваецца асабістая адказнасць кожнага чалавека за сваю нефармальную адукацыю. Акрамя таго, работадаўцы (прадпрыемствы, грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі) павінны клапаціцца пра падтрыманне належнага ўзроўню адукацыі сваіх супрацоўнікаў. Федэрацыя і кантоны таксама рэгулююць пытанні дадатковай адукацыі, уносяць свой уклад у гэта, каб кожны грамадзянін мог палепшыць сваю падрыхтоўку ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі.

У сістэме дадатковай адукацыі Швейцарыі зараз дзейнічае каля 2500 правайдараў. Доля дзяржаўных правайдараў складае 20 працэнтаў, прыватных — 60 працэнтаў, а доля работадаўцаў, якія маюць уласныя адукацыйныя цэнтры, — 20 працэнтаў. Абарачэнне сродкаў у сістэме дадатковай адукацыі складае прыкладна 5,3 млрд швейцарскіх франкаў у год (1% ад ВУП краіны). Галоўнымі крыніцамі фінансавання сістэмы дадатковай адукацыі з’яўляюцца самі яе атрымальнікі і работадаўцы. Дзяржаўнае фінансаванне нязначнае. Якія ж кірункі (тэмы) карыстаюцца попытам у жадаючых удасканаліць свае веды? Дарослыя людзі выбіраюць мовы, у тым ліку замежныя, асобаснае развіццё, інфармацыйныя тэхналогіі, тэмы аховы здароўя, спорту і гульняў, лідарства.

Аб даследаваннях, звязаных з павышэннем кваліфікацыі людзей, якія працуюць з дзецьмі дашкольнага ўзросту, расказала загадчык кафедры сацыяльнай педагогікі Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта прафесар Сігіта Бурвітэ. Кампетэнцыі, якімі валодаюць педагогі, на жаль, не заўсёды дапамагаюць ім у рабоце з сучаснымі дзецьмі і іх бацькамі. Дзеці часта не ўмеюць сябе паводзіць належным чынам у калектыве, не разумеюць, што трэба слухаць педагога, рабіць тое, што ён гаворыць. Педагогі губляюцца ў такіх сітуацыях. “Калі мы хочам дапамагчы дзецям, трэба спачатку дапамагчы педагогам і бацькам, — гаворыць Сігіта. — Сваё даследаванне, методыку я адрасую кожнаму педагогу, каб ён у большай ступені мог раскрываць свае асабістыя якасці і прафесійныя магчымасці і ствараць умовы для гарманічнага развіцця выхаванцаў. У малышоў трэба развіваць такія кампетэнцыі, як дапамога адно аднаму, уменне жыць у ладзе з навакольным светам, узаемадзейнічаць паміж сабой і абменьвацца карыснай інфармацыяй. Дзеці, як і дарослыя, павінны ведаць як мага больш пра сябе, пра свае непаўторныя асаблівасці, бо кожны чалавек па сваёй прыродзе аўтэнтычны і шматфункцыянальны”.

Аб важнасці нефармальна набытых кампетэнцый у прафесійнай практыцы і іх прызнанні ў сферы адукацыі дарослых расказаў прафесар Вышэйшай педагагічнай школы горада Лінц (Аўстрыя) Ян Бём. Як ідэнтыфікаваць, зрабіць празрыстымі нефармальна атрыманыя веды? Для гэтага ў еўрапейскім грамадстве выкарыстоўваюцца рамачныя структуры — Еўрапейская і Нацыянальная сістэмы кваліфікацый. Для вызначэння як фармальнай, так і нефармальнай адукацыі выкарыстоўваецца паняцце “кампетэнтнасць”, якое канкурыруе з паняццем “кваліфікацыя”. Кампетэнтнасць — гэта якасць чалавека, які валодае ўсебаковымі ведамі ў пэўнай сферы, і таму яго меркаванне з’яўляецца важкім, аўтарытэтным. Кваліфікацыя — гэта здольнасць і магчымасць чалавека выконваць пэўныя прафесійныя дзеянні якасна.

Важна, каб нефармальна набытыя веды былі прызнаны і з’яўляліся прадукцыйнымі. Для гэтага неабходна ствараць пашпарт кампетэнцый. Той, хто вучыцца, хто робіць запыт на пэўную адукацыю, не заўсёды можа ацаніць, якімі кампетэнцыямі ён на гэты момант валодае. Яму павінны дапамагчы ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых. Пры складанні такога пашпарта праводзіцца самаацэньванне: кожны дарослы павінен сам сябе ацаніць, знешняя ацэнка — ацэньванне іншымі людзьмі, напрыклад, з боку калег, і вербальная праверка кампетэнцый. Ян Бём прапанаваў дыферэнцыраваць кампетэнцыі, вылучыць сацыяльную і прафесійную кампетэнцыі, вучэбна-дыдактычную і медыякампетэнцыю, асобасна-сацыяльную і рэфлексіўную, арганізатарскую і кіраўніцкую, а таксама кансалтынгавую і спадарожную кампетэнцыі. Работа з пашпартам кампетэнцый дазваляе кіраўнікам устаноў адукацыі арганізаваць сваю работу лепш, а работадаўцам убачыць, якімі кампетэнцыямі валодаюць іх супрацоўнікі.

Галоўны спецыяліст па павышэнні кваліфікацыі і перанавучанні работнікаў адукацыйных устаноў Нарвскага каледжа Тартускага ўніверсітэта (Эстонія) Таццяна Бабанская адзначыла, што прафесійнае развіццё настаўніка — бесперапынны працэс, які ўключае першасную падрыхтоўку, прафесійны (стажорскі) год і курсы павышэння кваліфікацыі. Мэта і задачы прафесійнага года — падтрымаць адаптацыю пачынаючага настаўніка ў навучальнай установе, развіваць яго прафесійныя ўменні, прапанаваць дапамогу пры вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць з-за адсутнасці вопыту работы. Праграма навучання для такога настаўніка — гэта 160-гадзінны курс павышэння кваліфікацыі, асноўная форма работы — групавы аналіз дзейнасці. Аўдыторная практыка будуецца ў форме кароткіх агульнатэарэтычных лекцый, семінараў і практыкумаў у форме групавой работы. На семінарах педагогі абменьваюцца вопытам поспехаў і цяжкасцей першага працоўнага года, аналізуюць праблемы і разглядаюць выпадкі са штодзённай практыкі, знаходзяць разам са спецыялістамі спосаб вырашэння праблем.

Стажорскі год мае на ўвазе і дапамогу маладому спецыялісту па месцы работы. У кожнай школе, садзе ёсць ментар — педагог, які мае адпаведную адукацыю і працоўны стаж не менш за 5 гадоў, які падтрымлівае маладога спецыяліста. Ментары таксама праходзяць 160-гадзінны курс павышэння кваліфікацыі, каб быць добрымі настаўнікамі і кіраўнікамі. Пасля стажорскага года спецыяліст таксама мае права павышаць кваліфікацыю — 160 гадзін на працягу пяці гадоў. Ён можа выбіраць тыя курсы, якія лічыць патрэбнымі і карыснымі для сябе. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі 1—2 разы на год праводзяць так званыя развіццёвыя гутаркі з педагогамі, падчас якіх высвятляюцца іх пытанні і праблемы і намячаецца праграма павышэння іх кваліфікацыі. Дырэктар навучальнай установы выдзяляе сродкі на гэта.

Таццяна Бабанская расказала пра асноўныя напрамкі курсавой падрыхтоўкі педагогаў на базе Нарвскага каледжа. Гэта методыка моўнага пагружэння, інтэграванае навучанне мове і прадмету,фарміруючыя навыкі функцыянальнага чытання, фарміруючае ацэньванне, асновы арганізацыі навукова-даследчай работы ў школе, выпрацоўка навыкаў каманднай работы (трэнінг), развіццёвыя гутаркі, асновы кіраўніцтва праектамі, ацэньванне навучальнай установы самімі супрацоўнікамі і інш.

Праект “Працаўладкаванне і прафесійная адукацыя ў Беларусі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, прадставіў яго кіраўнік Манфрэд Ціверс (Германія). Асноўнымі партнёрамі ў ім у нашай краіне з’яўляюцца Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі, у прыватнасці Інстытут эканомікі, а таксама Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Белстат і больш за 35 іншых зацікаўленых бакоў. Выканаўцы праекта — кампанія GFA Consulting Group, Ecorys NL, Ecorys Polska. Бюджэт праекта складае 5,4 млн еўра. Яго працягласць — 48 месяцаў (да 2021 года). Агульная колькасць відаў дзейнасці ў рамках названай ініцыятывы складае 115. Чаканая колькасць удзельнікаў складае 3600 чалавек.

Праект выкліканы зменамі, якія адбываюцца ў свеце (дэмаграфічныя фактары, працэсы глабалізацыі, тэхналагічны прагрэс). Расце канкурэнцыя, якая патрабуе развіцця інавацый як на дзяржаўным і рэгіянальным узроўні, так і на ўзроўні асобных прадпрыемстваў і прыватных асоб. Гэта прыводзіць і да змены кампетэнцый, неабходных для выканання пэўнага віду работы. Змена прафесійных стандартаў выклікае больш высокія патрабаванні да прадукцыйнасці працы, патрабуе пошуку альтэрнатыўных шляхоў навучання і да ўсё больш складаных яго вынікаў. Беларусь імкнецца да фарміравання канкурэнтнага і інавацыйнага прамысловага комплексу. На гэтым фоне асноўнай мэтай кадравай палітыкі з’яўляецца забеспячэнне прамысловага комплексу персаналам, які адпавядае патрэбам высокатэхналагічнай экспартаарыентаванай эканомікі, што будзе служыць павышэнню канкурэнтаздольнасці традыцыйных галін эканомікі, напрыклад, машынабудавання. Мадэрнізацыя прамысловасці патрабуе змяненняў у сістэме адукацыі, а таксама ў сістэме падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў на ўсіх узроўнях, у тым ліку і на ўзроўні бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Патрабуецца цеснае ўзаемадзеянне ў сферах адукацыі, навукі і вытворчасці. Неабходна, каб выпускнікі і навучэнцы сістэмы прафадукацыі мелі гнуткія навыкі і маглі лёгка адаптавацца да патрабаванняў сучаснага рынку працы.

Прыярытэтны кірунак мадэрнізацыі ў Беларусі ўключае абнаўленне зместу структуры і арганізацыі адукацыйнага працэсу, бесперапыннай адукацыі і навучання ў кантэксце сістэмы бесперапыннай адукацыі. У сучасных умовах адной кваліфікацыі спецыялісту ўжо не хапае. Важна яшчэ, каб кваліфікацыя супадала з патрэбамі рынку працы. Агульная мэта нашага праекта — праз забеспячэнне ўзаемадзеяння паміж сістэмай прафесійнай адукацыі і навучання і патрэбамі сучаснага рынку працы павысіць забеспячэнне працоўнай занятасці моладзі і дарослых і палепшыць якасць і прывабнасць беларускай сістэмы прафадукацыі і навучання. Сярод задач праекта — садзейнічанне распрацоўцы і ажыццяўленню канцэпцыі нацыянальнай стратэгіі бесперапыннай адукацыі і яе прыняцце органамі дзяржаўнай улады, а таксама рэалізацыя розных відаў бесперапыннай адукацыі. Плануецца стварыць рабочую групу па распрацоўцы нацыянальнай стратэгіі бесперапыннай адукацыі. Азначэнне бесперапыннай адукацыі, якая выкарыстоўваецца ў Еўрапейскім саюзе, гучыць так: “Гэта ўся вучэбная дзейнасць, фармальная і нефармальная, якая ажыццяўляецца на працягу ўсяго жыцця з мэтай павышэння якасці ведаў, навыкаў і кампетэнцый у рамках асабістых, грамадзянскіх і сацыяльных інтарэсаў і якая абумоўлена перспектывай занятасці”.

***

Праграма канферэнцыі прадугледжвала правядзенне майстар-класаў, прэзентацыі вучэбных выданняў, а таксама падпісанне дагавора паміж БДПУ імя Максіма Танка і Інстытутам міжнароднага супрацоўніцтва ў адукацыі Педагагічнага ўніверсітэта кантона Цуг (Швейцарская Канфедэрацыя).

Як расказала дырэктар ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка Ірына Шасцітка, падпісаны дагавор — рамачны. Ён вызначае юрыдычныя адносіны паміж установамі, што дазволіць ажыццяўляць сумесную дзейнасць па шэрагу кірункаў. У прыватнасці, па рэалізацыі Project Humanity, які мае на ўвазе пашырэнне гуманітарных прынцыпаў у сістэме павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, каб педагогі маглі фарміраваць гэтыя прынцыпы ў навучэнцаў і ў адпаведнасці з імі будаваць сваё жыццё. Гэты праект рэалізуецца сумесна з Чырвоным Крыжам. У рамках праекта швейцарскі бок прадастаўляе магчымасць для навучання 4 маладым людзям па магістарскіх праграмах швейцарскага педуніверсітэта з атрыманнем адпаведнай ступені. Таксама беларускія педагогі будуць ажыццяўляць акадэмічную мабільнасць, працаваць у швейцарскім педуніверсітэце. Сёння БДПУ імя Максіма Танка выступае для Педагагічнага ўніверсітэта кантона Цуг партнёрам у рэалізацыі міжнародных пагадненняў па лініі рамачнай праграмы Еўрапейскага саюза па навуцы і інавацыях “Гарызонт-2020”, па лініі праграмы Erasmus+.

У рамках канферэнцыі літоўская дэлегацыя наведала Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці з мэтай пазнаёміцца з сістэмай дашкольнай адукацыі Беларусі, а таксама наладзіць супрацоўніцтва з установамі дашкольнай адукацыі. У яслях-садзе № 7 Ашмян госці пазнаёміліся з адукацыйным асяроддзем установы, наведалі заняткі. За круглым сталом былі абмеркаваны надзённыя праблемы і перспектывы развіцця сучаснай дашкольнай адукацыі. Асаблівую цікавасць у калег з Літвы выклікала дэманстрацыя ўнікальнага вопыту супрацоўніцтва дзіцячага сада з БДПУ імя Максіма Танка: на базе ясляў-сада № 7 Ашмян дзейнічае філіял кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій, праводзяцца семінары, вучэбныя курсы, прадстаўнікі ўніверсітэта ўдзельнічаюць у метадычных семінарах і канферэнцыях. Госці таксама пабывалі ў аграгарадку Кракаўка і вёсцы Гальшаны, дзе пазнаёміліся са спецыфікай арганізацыі выхаваўчага працэсу ў сельскіх дзіцячых садах.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.