“Без паэзіі не было б паловы мяне…”

- 17:00Культура, Рознае

Наш сённяшні госць — дырэктар Цэнтра лазернай медыцыны пры Клініцы вочных захворванняў універсітэта Лейпцыга, кіраўнік лабараторыі мінімальна-інвазіўнай лазернай тэрапіі раку, прафесар, кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар біяфізікі і эксперыментальнай медыцыны, а яшчэ… паэт Станіслаў Шастак. 

Мы не сталі, як гэта практыкуем заўсёды ў рубрыцы “Суботні госць”, рабіць з ім інтэрв’ю, а вырашылі прадаставіць магчымасць яму самому выказацца перад нашымі чытачамі ў вершаванай форме, балазе ў сваіх лірычных радках ён увесь — як чалавек, як беларус, як незвычайны ў сваіх памкненнях і прыхільнасцях творца… А жыццё яго склалася і сапраўды незвычайна.
Станіслаў Шастак нарадзіўся 28 лютага 1949 года на Клеччыне. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Руда, дзе ў роднай сям’і атрымаў першыя ўрокі дабрыні і прыгажосці. Бацька быў таленавітым скрыпачом-самавучкам, а маці, першая на ўсё наваколле прыгажуня, цудоўна спявала, ведала на памяць многа народных паданняў і казак, якія зачаравана слухаў маленькі Стасік.

У вёсцы Туча, што за пяць кіламетраў ад Руды, скончыў базавую беларускамоўную школу, а ўжо ў старшых класах вучыўся ў рускамоўнай сярэдняй школе ў вёсцы Сіняўка (гэта таксама побач), дзе ўсур’ёз захапіўся фізікай. Вынікам гэтага захаплення стала тое, што ў 1968 годзе Стас стаў студэнтам фізічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта пачаў працаваць у Інстытуце фізікі Акадэміі навук Беларусі, а там, на другім годзе працы, здарыўся выпадак, які кардынальна змяніў яго лёс. Аднойчы зімой малады вучоны-практык Станіслаў Шастак пайшоў пакатацца на каньках на “акадэмічны” каток і там убачыў дзяўчыну, якая захоплена глядзела на “фігурыстаў”, відавочна, сама хацела пакатацца, але было відаць, што вельмі баялася… “Я яе проста пашкадаваў, — сёння ўспамінае Станіслаў Іванавіч. — Падышоў, прапанаваў ёй пайсці пакатацца і паабяцаў, што не дам упасці, навучу катацца як след. А ёй, напэўна, вельмі спадабалася са мной на каньках катацца. Так мы і пазнаёміліся, так і завязалася наша каханне”. Той дзяўчынай аказалася маладая немка Астрыд, якая прыехала ў Беларусь на стажыроўку. Так у 1974 годзе Станіслаў Шастак апынуўся ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы…

У ГДР ва ўніверсітэце імя Фрыдрыха Шылера (горад Ена) у 1984 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Гамагенізацыя энергіі імпульсаў магутных нанасекундных рубінавых лазераў з дапамогай выкарыстання эфекту звароту хвалевага фронту і нелінейнага многафатоннага паглынання”, нейкі час працаваў тэхнолагам-распрацоўшчыкам на знакамітым камбінаце Карла Цэйса, а ў 1987 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Лейпцыг, дзе пачаў працаваць навуковым супрацоўнікам у Клініцы вочных захворванняў Лейпцыгскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у шэрагу актуальных навукова-даследчых праектаў Міністэрства навукі і мастацтва зямлі Саксонія. У 1996 годзе распрацаваў канцэпцыю і статут Цэнтра лазернай медыцыны пры клініцы, які ўзначаліў у 2002 годзе.
У 2010 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па біяфізіцы і эксперыментальнай медыцыне на тэму “Фотадынамічная тэрапія салідных злаякасных ракавых пухлін і дэзактывацыі бактэрый, устойлівых да ўсіх тыпаў антыбіётыкаў пры дапамозе новага фотасенсібілізатара з моцным паглынаннем”. Як тлумачыць Станіслаў Іванавіч простымі словамі, гаворка ў яго даследаванні ідзе пра спецыяльны фарбавальнік, які ўводзіцца ў арганізм чалавека, а потым пад уздзеяннем інфрачырвонага святла ператварае кісларод у так званыя кіслародныя радыкалы, здольныя знішчаць ракавыя клеткі і небяспечныя бактэрыі. “Гэта надзвычай чысты і ашчадлівы метад тэрапіі, які не прадугледжвае такіх эфектаў, як выпадзенне валасоў, дыярэі і інш., — гаворыць Станіслаў Шастак. — І мне вельмі хацелася б, каб яго выкарыстоўлі ў паслячарнобыльскай Беларусі”. Дарэчы, апошнія гады Станіслаў Іванавіч нярэдка наведваецца ў Беларусь, дзе наладзіў актыўнае супрацоўніцтва з Навукова-даследчым інстытутам анкалогіі ў Бараўлянах. У перспектыве — адкрыццё ў Бараўлянах спецыялізаванага цэнтра па праблеме лячэння злаякасных пухлін метадам С.Шастака.

Мае двух дарослых сыноў — юрыста Яна (жыве ў Лейпцыгу) і вэб-дызайнера Алеся, ці, па-еўрапейску, Алекса (жыве ў Даніі). Падрастаюць ужо і ўнукі Кевін і Лукаш…
А што да паэзіі, то яна, па словах Станіслава Іванавіча, была з ім, колькі ён сябе памятае. Яшчэ ў 2 класе ён асмеліўся паказаць уласны вершык сваёй настаўніцы. Гэта быў 1957 год, год 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, і, адпаведна, верш атрымаўся пафасным, узнёслым — настолькі, што настаўніца проста не паверыла, што гэта напісаў другакласнік. Перад усім класам тады адчытала маленькага Стаса, маўляў, як не сорамна красці чужыя вершы і выдаваць за свае? Той прыкры выпадак надоўга адбіў ахвоту ў Стаса пісаць вершы, але ў старшай школе цікавасць да літаратуры прачнулася з новай сілай — яго сачыненні заўсёды ўражвалі настаўнікаў, якія былі ўпэўнены, што іх выхаванец будзе паступаць на філфак. Але ў спрэчцы з лірыкай у лёсе Стаса перамагла фізіка. Як мы ўжо вышэй казалі, ён паступіў не на філфак, а на фізфак БДУ. Дарэчы, потым у студэнцтве ў Стасавым жыцці быў адзін смешны выпадак. У адзін з прыездаў Стаса з Мінска на радзіму яго настаўнік беларускай мовы і літаратуры запытаўся: “Ну, Стасю, і дзе ты?” Той адказаў, што вучыцца на фізфаку. Настаўнік не дачуў і ўсклікнуў: “От малайчына, што філфак выбраў! Чалавекам будзеш!” Стас запярэчыў: “Дык не філфак, а фізфак”. Тады настаўнік пасля паўзы сказаў: “О, то дурны…”

Ва ўсякім разе і ў канчатковым выніку і фізіка, і лірыка знайшлі-такі сабе месца ў жыцці Станіслава Шастака. З новым імпэтам ён пачаў пісаць, ужо жывучы ў Германіі. Праўда, гэта была пісаніна ў стол — каму было там паказаць тыя вершы? Як кажуць, выйсці з вершамі да людзей Станіславу Іванавічу рэальна дапамог інтэрнэт, а канкрэтней, партал stihi.ru, на якім сёння выкладзена 860 (!) яго вершаў — на рускай, беларускай і нямецкай мовах… “А што мне застаецца? — гаворыць Станіслаў Іванавіч. — Прыходзіш дадому, а дом у мяне ў Лепцыгу вялікі. Дзеці павырасталі, раз’ехаліся… Дзявацца няма куды! І міжволі пачынаеш пісаць, успамінаючы радзіму, дзяцінства, бацькоўскі дом. Ведаеце, без паэзіі не было б паловы мяне. Толькі яна і ратуе на чужыне. Можна мець вялікія грошы, дарагія машыны, шыкоўны дом — усё гэта ў мяне ёсць… Але калі ў душы няма Радзімы, паэзіі, кахання, жыць будзе нявесела. Вось таму я і пішу”.
А аднойчы Станіслаў Іванавіч у інтэрнэт-сетцы “Аднакласнікі” на старонцы сваёй сваячкі ўбачыў фотаздымак старой шасэйнай дарогі Брэст — Масква, якая праходзіць праз яго родную вёску Туча. “Прыглядаюся, знаёмая нейкая дарога… Тут жа адпісаў Ніне (так завуць сваячку. — М.Ч.): “Можна я пад вашу фотку верш напішу?” І неўзабаве напісаў! З таго часу нават у інтэрнэце з землякамі кантактую заўсёды ў паэтычнай форме”, — прыгадвае, усміхаючыся, Станіслаў Шастак.
Але на самай справе ўсё вельмі сур’ёзна. Кожнае імгненне, кожны ўспамін, звязаны з роднай зямлёй, для Станіслава Іванавіча — як тая фотка, якая натхняе на паэзію. Пачытайце яго вершы…

 

Мікола ЧЭМЕР.