Без стварэння ўмоў немагчыма дасягнуць выніку

- 11:48Сацыяльны ракурс

За апошні час у сістэме адукацыі змянілася многае: рэарганізацыя і аптымізацыя, новыя падыходы да атэстацыі, патрабаванні па павышэнні якасці і эфектыўнасці работы. Сістэма атрымала новыя ўмовы, рэсурсы, магчымасці, але разам з тым і скарачэнне штатаў, інтэнсіфікацыю працы, зніжэнне ўзроўню заработнай платы, адсутнасць у абітурыентаў жадання паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. Як змяніць гэтыя тэндэнцыі? Дзе шукаць рэзервы для паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча работнікаў галіны? Ці можна пазбавіць педагогаў няпрофільных функцый? Усё гэта стала галоўнымі пытаннямі для абмеркавання на VIII з’ездзе Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. У яго рабоце разам з прадстаўнікамі галіновага аб’яднання з усіх рэгіёнаў краіны ўзялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, прадстаўнікі профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, навукоўцы. Такое прадстаўніцтва дазволіла не проста ўзняць існуючыя праблемы, але і паспрабаваць знайсці шляхі іх вырашэння.

Сістэма аплаты працы патрабуе змен

Мінулыя 5 гадоў былі даволі неадназначнымі для сістэмы адукацыі з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнага становішча. З аднаго боку, галіна актыўна развіваецца. Так, толькі за мінулы год на будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў адукацыі было накіравана 1950,86 млрд рублёў, дзякуючы чаму былі ўведзены ў эксплуатацыю 50 аб’ектаў, у тым ліку 5 сярэдніх школ на 3275 вучнёўскіх месцаў, 15 дзіцячых садоў на 2605 месцаў, 22 жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Неаднаразова за мінулыя гады прымаліся і рашэнні па павышэнні заробку работнікам галіны.
З іншага боку, сёння відавочна: сацыяльна-эканамічнае становішча педагогаў патрабуе істотных змен. Нягледзячы на ўсе зробленыя прафсаюзам і сацыяльнымі партнёрамі меры, узровень заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі застаецца недастатковым. У апошнія гады назіраецца зніжэнне тэмпаў росту як намінальнай, так і рэальнай заработнай платы работнікаў галіны. Рэальны рост заработнай платы пачынаючы з 2011 года не пакрывае рост цэн на тавары і паслугі. На цяперашні момант праблема аплаты працы педагогаў з’яўляецца найбольш актуальнай яшчэ і таму, што органы дзяржаўнага кіравання пры прыняцці рашэнняў арыентуюцца на ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы. У гэты паказчык уключаюцца ўсе віды работ, якія выконваюцца (з улікам сумяшчальніцтва і г.д.).
— На жаль, дабівацца росту рэальнай заработнай платы становіцца складаней. Тут неабходна дзяржаўная падтрымка адукацыі, — адзначыў старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка. — Рэзервы галіны ў гэтым пытанні практычна вычарпаны. Калі 5 гадоў назад мы са шкадаваннем канстатавалі, што па ўзроўні заработнай платы наша галіна займае 5 месца сярод бюджэтных арганізацый, то па выніках 2014 года адукацыя яшчэ больш здала свае пазіцыі, і мы займаем перадапошняе месца ўжо сярод усіх галін сацыяльнай сферы.
Прычынай невысокай аплаты працы работнікаў адукацыі з’яўляецца нізкі памер тарыфных ставак (акладаў), якія вызначаюцца элементамі тарыфнай сістэмы. Вось прыклад. Сёння, згодна з дзеючымі ўмовамі аплаты працы, тарыфныя аклады некаторых катэгорый работнікаў вышэйшых навучальных устаноў складаюць: для прафесара, доктара навук — 1 632 280 рублёў, для дацэнта, кандыдата навук — 1 510 458 рублёў, для выкладчыка — 1 404 386 рублёў.
Вырашыць гэтую праблему можна праз змяненне сістэмы аплаты працы. І ў пачатку бягучага года Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза звярнуўся ў ФПБ з прапановамі аб ініцыяванні перад Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь перагляду ўсіх элементаў тарыфнай сістэмы.
Як адзначыў падчас з’езда старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, гэтае пытанне ўзнімалася і на апошнім пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. У сувязі з гэтым Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны было агучана, што ўжо выпрацаваны новы механізм аплаты працы работнікаў адукацыі, але прыступіць да яго рэалізацыі плануецца ў канцы 2015 — пачатку 2016 года.
— Мы пастаянна вядзём работу з усімі зацікаўленымі структурамі — з міністэрствамі фінансаў, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, дзе даказваем, што нельга, каб педагагічныя работнікі, галіна адукацыі знаходзіліся на такім узроўні заработнай платы, — адзначыў і міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — У сённяшніх умовах, калі веды становяцца асноўным багаццем краіны, наперад вырвуцца тыя дзяржавы, якія гэта разумеюць. Дастаткова нізкі ўзровень заработнай платы педагогаў не адпавядае гэтаму. Я ўпэўнены, што ў найбліжэйшы час мы гэтую сітуацыю будзем выпраўляць.

Задзейнічаць мясцовыя рэсурсы

Зразумела, калі гаворка ідзе аб істотным павышэнні тарыфных ставак ці ў цэлым аб змяненні сістэмы аплаты працы педагогаў, то гэта задача на перспектыву. У сённяшніх эканамічных умовах разлічваць на істотнае павышэнне тарыфных акладаў не прыходзіцца. Але на месцах ёсць і іншыя механізмы для паляпшэння становішча. Адзін з іх — работа па павышэнні заробку педагогаў, якія працуюць па кантрактах, у рамках дзеяння Дэкрэта № 29. Даныя прафсаюзных органаў сведчаць аб тым, што многае ў гэтым пытанні вырашана на рэспубліканскім узроўні і ў рэгіёнах. Але пакуль не атрымліваецца ў поўнай меры ва ўсіх рэгіёнах дабіцца выканання галіновага пагаднення ў частцы выдзялення бюджэтных сродкаў на вышэйпаказаныя мэты. Галіноваму прафсаюзу, Міністэрству адукацыі, органам кіравання адукацыяй і наймальнікам неабходна больш настойліва весці работу на месцах у гэтым кірунку. Разам з тым ёсць і добры вопыт.
— За перыяд дзеяння Дэкрэта № 29 можна адзначыць выніковасць работы сацыяльных партнёраў сталіцы з органамі ўлады, — расказала Ларыса Леанідаўна Волкава, старшыня Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — З 2013 года на павышэнне тарыфных ставак у бюджэце горада сталі прадугледжваць істотныя фінансавыя сродкі. Калі ў 2010 годзе гэта было 1,7% — 3,3% дыферэнцыравана па тыпах устаноў адукацыі, то ў 2013 — 15% — 50% дыферэнцыравана па пасадах, у 2014 — 20% — 50% дыферэнцыравана па пасадах, у бягучым годзе — 30% — 50% таксама дыферэнцыравана па пасадах. У бягучым годзе бюджэт горада накіроўвае 30% сродкаў на павышэнне тарыфных ставак работнікам сістэмы адукацыі, што з’яўляецца выкананнем генеральнага і галіновых пагадненняў за перыяд з 2008 па 2016 год.
Яшчэ адна з магчымых крыніц паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча работнікаў галіны — пашырэнне галіновага эксперымента па аплаце працы і фінансаванні ўстаноў адукацыі.
— Мэтай правядзення гэтага эксперымента з’яўляецца ўдасканаленне аплаты працы ў залежнасці ад якасці і вынікаў працы педагагічных работнікаў, — адзначыў Аляксандр Бойка. — Новай сістэмай аплаты працы прадугледжаны галіновыя выплаты. Увядзенне іх дало дадатковыя магчымасці кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі для стымулявання педагагічных работнікаў. Таму з боку педработнікаў ёсць жаданне павышаць свой кваліфікацыйны ўзровень і выконваць работы за дадатковую плату. Для галіновага прафсаюза важна, каб гэты эксперымент пашыраўся, а рэгіёны знаходзілі магчымасці для яго рэалізацыі.

Педагогі ў адказе за ўсё?

Узровень заработнай платы — гэта не адзіны паказчык, які выступае супраць прэстыжу ў грамадстве педагагічнай прафесіі. Востра стаіць пытанне прафесійнага пенсіённага страхавання асобных катэгорый педагагічных работнікаў, якое засталося нявырашаным, нягледзячы на неаднаразовыя звароты ЦК прафсаюза да ўрада, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі з прапановамі і просьбамі перагледзець крытэрыі ацэнкі ўмоў працы педагагічных работнікаў. Згодна з сённяшнімі нормамі, толькі каля 6% педагогаў могуць разлічваць на пенсію за выслугу гадоў. Да гэтага часу застаюцца пытанні і наконт правядзення атэстацыі асобных катэгорый педагагічных работнікаў. Аднак адно з самых набалелых — перагружанасць педагогаў неўласцівымі функцыямі.
— Сёння ўжо ніхто не аспрэчвае, што маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы па размеркаванні 2 гады, шукаюць іншую сферу дзейнасці. Не хапае настаўнікаў матэматыкі, замежнай мовы, хіміі, фізікі. У нашай школе гэтыя прадметы выкладаюць настаўнікі-пенсіянеры, — расказаў у сваім выступленні Сцяпан Пятровіч Куніцкі, настаўнік Дабрамысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна. — Чаму ж падае прэстыж нашай прафесіі? Справа тут не столькі ва ўзроўні заработнай платы, колькі ў адносінах да педагога. Яго першапачатковая задача — вучыць дзяцей, і вучыць прафесійна, цікава, з захапленнем. Менавіта пра гэты абавязак павінен думаць настаўнік, прыходзячы ў школу. Але гэта яму сёння не зусім удаецца. Сённяшняя адукацыя перагружана методыкамі, рэкамендацыямі, справаздачамі, планамі, якія трэба выконваць, настаўнік павінен займацца не ўласцівымі яго прафесіі абавязкамі, якія не маюць ніякага дачынення да адукацыйнага працэсу і выхавання дзяцей. Абавязкаў, якія амаль павешаны на педагогаў з іншых ведамстваў, — хоць адбаўляй. Мы абавязаны ўсім: органам унутраных спраў, пракуратуры, па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, ваенкамату, сацыяльнай службе, санітарнай службе, нават бацькам: усе яны шлюць у школу свае ўказанні, па сутнасці, навязваюць педагогам выконваць свае абавязкі. Школа не павінна замяшчаць бацькоўскія функцыі, школа павінна іх дапаўняць, карэкціраваць. Бацькі павінны ў поўнай меры адказваць за выхаванне сваіх дзяцей, а не класныя кіраўнікі, настаўнікі і дырэктары.
Гэтую ж думку падтрымала і Ларыса Леанідаўна Волкава.
— Уся сістэма адукацыі перададзена на нядаўна яшчэ невядомы аўтсорсінг. Гэта значыць, што для бесперабойнай працаздольнасці асобных сістэм і інфраструктуры канкрэтнага рэгіёна адукацыі перададзены ўсе функцыі па прафесійнай і непрафесійнай падтрымцы і абслугоўванні. Сёння педагогі ў адказе за ўсё: выхаванне (сям’я адышла на другі план), акты абследавання жыллёва-бытавых умоў, тэхнічнага стану кватэр, парушэнні правіл пажарнай бяспекі, злачыннасць, кантроль і суправаджэнне аб’ектаў, якія не ўваходзяць у сістэму адукацыі, — падкрэсліла спецыяліст. — Медыцынскія работнікі з дашкольных устаноў перайшлі ў ведамства Міністэрства аховы здароўя, у выніку педагогі пішуць меню, лічаць грашовыя і натуральныя нормы на харчаванне дзяцей. А да гэтага яшчэ і праводзяць работу па кампенсацыі сродкаў абавязанымі асобамі, уладкоўваюць іх на работу, абараняюць дзяцей ад іх жа нядбайных бацькоў. Дайшло да абсурду: упраўленні адукацыі адказваюць на звароты турыстаў, калі турыстычная кампанія не выканала абавязацельствы па дамове.
Пэўныя крокі ў гэтым пытанні галіновым міністэрствам былі зроблены ў мінулым годзе, калі быў зацверджаны рэкамендаваны пералік дакументацыі для розных катэгорый спецыялістаў. Аднак, як спадзяюцца педагогі, гэта не апошні крок у названым кірунку. Бо што будзе далей адбывацца з павышэннем канкурэнтаздольнасці педагагічнай прафесіі, адаб’ецца на работніках, іх матывацыі, аддачы ў працы, а значыць, і выніках.

Алена МАРКЕВІЧ.