Без выпрацоўкі ўзгодненых крокаў немагчыма забяспечыць мір

- 11:28Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ўчора на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку, звярнуў увагу на наяўнасць крызісу ў сферы глабальнай бяспекі.

“Сёння, на жаль, відавочна, што міжнародная сістэма, якая функцыянавала больш-менш эфектыўна пасля Другой сусветнай вайны, трашчыць па швах. У ваеннай сферы ідзе дэмантаж стрымальных стратэгічных дамоўленасцей і скочванне да гонкі ўзбраенняў. На нашых вачах знікаюць гарантыі недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту. Прычыны вядомыя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У палітыцы размова вядзецца толькі на мове канфрантацыі. Эканоміка і гандаль выкарыстоўваюцца як інструмент варожага ўздзеяння. На змену зразумелым для ўсіх правілам гульні прыходзіць анархія. З развіццём інтэрнэту пад пагрозай апынулася нават недатыкальнасць прыватнага жыцця чалавека”.

“Наш выйгрыш ад глабалізацыі аказаўся значна меншым, чым пройгрыш. Ні ў кога не выклікае сумненняў, што сучасныя пагрозы з’яўляюцца агульнымі для ўсіх краін. Рэсурсаў асобна ўзятых дзяржаў, нават найбольш магутных і ўплывовых (напрыклад, такіх як Кітай, Расія, Індыя), асобна не хопіць, каб супрацьстаяць гэтым выклікам”, — заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што без цеснага ўзаемадзеяння ў рамках шматбаковых структур, без выпрацоўкі ўзгодненых крокаў немагчыма забяспечыць мір як у рэгіянальным, так і глабальным маштабе. “У гэтых умовах, на наш погляд, надзвычай узрастаюць роля і значэнне міжнародных інстытутаў і механізмаў, якія створаны пасля распаду біпалярнага свету і паспяхова адаптуюцца да новай геапалітычнай сітуацыі. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва з прычыны свайго палітычнага ўплыву і эканамічнага патэнцыялу цалкам гатова да таго, каб больш актыўна і настойліва спрыяць выбудоўванню міжнароднай палітыкі на прынцыпах міру, узаемнай павагі і раўнапраўя, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Арганізацыя можа і, галоўнае, павінна (гэтага чакаюць людзі) садзейнічаць нейтралізацыі пагроз у галіне бяспекі, вызначэнню пунктаў судакранання і ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы”.

Найперш прэзідэнт прапанаваў падумаць пра новыя формы дзейнасці ШАС на міжнароднай арэне. Напрыклад, шляхам прыняцця сумесных заяў па актуальных пытаннях на нарадзе дня ААН.

“На фоне ўсё больш глыбокага дэфіцыту даверу, лічым вельмі важным дабіцца таго, каб не тэма канфрантацыі, а тэма шматбаковага дыялогу па праблематыцы бяспекі стала дамінуючай у сучасным міжнародным жыцці”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што Беларусь з’яўляецца актыўнай прыхільніцай перазапуску Хельсінкскага працэсу, мэтай якога з’яўляецца адаптацыя існуючага сусветнага парадку да новых геапалітычных рэалій і неардынарных выклікаў. “У свеце нямала прыхільнікаў “навядзення мастоў” з мэтай разрадкі напружанасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Нам неабходна выкарыстоўваць аб’яднальную прыроду міжнародных арганізацый для кансалідацыі іх намаганняў у сферы глабальнай бяспекі. У гэтым плане важным крокам магла б стаць нефармальная сустрэча генеральных сакратароў ААН, АБСЕ, ШАС, СНД, НАТА і АДКБ (магчыма, і іншых структур) у мэтах абмеркавання пытанняў забеспячэння стабільнасці ў свеце, якія назбіраліся.

Зразумела, што гэта атрымаецца не адразу, але настойлівасць з часам можа даць свой вынік”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама прэзідэнт адзначыў: “Мы многа гаворым пра спалучэнне розных інтэграцыйных працэсаў — ЕАЭС, ініцыятывы “Пояс і шлях”, АСЕАН і інш. Гэта правільна. І Беларусь актыўна падтрымлівае ідэі, накіраваныя на стварэнне адзінай еўразійскай эканамічнай прасторы. Разам з тым мы павінны быць больш актыўнымі ў распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праектаў у важных для нашых дзяржаў сферах: харчовая бяспека, транспарт і лагістыка, энергетыка, інавацыйныя тэхналогіі. Важна пры гэтым, каб узаемасувязь, якая расце, была фактарам поспеху, а не перашкод”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Беларусь гатова адкрыта дзяліцца сваім вопытам і актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі адпаведнай канцэпцыі ШАС, якая сёння абмяркоўвалася на пасяджэнні”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка і звярнуўся з просьбай да буйных сусветных дзяржаў, у тым ліку прадстаўленых ШАС, каб яны ў супрацоўніцтве таксама не забывалі пра малыя і сярэднія краіны, больш актыўна ўцягвалі іх у гандаль, у эканамічнае ўзаемадзеянне. “Гэта будзе добрая прыбаўка да таго, што ёсць”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

“Упэўнены, што, узаемадзейнічаючы ў рамках ШАС, нашы краіны здольны ўнесці вельмі сур’ёзны ўклад у вызначэнне кірункаў і спосабаў гарманізацыі супрацоўніцтва на кантыненце, кансалідацыю ўсіх прагрэсіўных сіл”, — рэзюмаваў беларускі лідар.