Быць прыкладам для вучняў

- 10:06Людзі адукацыі

У школе ёй пашанцавала з педагогамі. Да сённяшняга часу яна згадвае многіх з іх з вялікай любоўю, павагай і цеплынёй. Кожны настаўнік быў для яе прыкладам. Такім жа прыкладам імкнецца стаць і яна для сваіх вучняў.

З Высокаўскай сярэдняй школай Камянецкага раёна ў настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Васільеўны Ляшчук звязана ўсё жыццё. У гэтай установе адукацыі яна вучылася, а цяпер тут працуе.

— Пасля заканчэння школы планавала стаць эканамістам, але намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Міхайлаўна Уласюк, даведаўшыся пра гэта, адгаварыла: “Табе трэба працаваць з людзьмі, а не з лічбамі”, — расказвае Т.В.Ляшчук. — Для мяне, старшыні савета дружыны школы, меркаванне гэтага педагога мела вялікае значэнне. Я прыслухалася да слоў Валянціны Міхайлаўны і звярнула ўвагу на педагогіку. Пры выбары спецыяльнасці арыентавалася на першую настаўніцу Кацярыну Андрэеўну Скам’іну, якая запомнілася як вельмі добры, мудры, ласкавы і справядлівы педагог. Класны кіраўнік настаўніца гісторыі Людміла Міхайлаўна Ткачэнка бачыла ў кожным вучню асобу. У школьныя гады здавалася, што педагог — гэта чалавек, які ўсё ведае. Але далейшае жыццё паказала, што настаўнік павінен заўсёды вучыцца.

Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна Таццяну Васільеўну накіравалі ў Міжлескую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна. Там да маладога педагога аднесліся з вялікай павагай і ўвагай. Т.В.Ляшчук не затрымалася ў гэтай школе надоўга, але ўспамінае першыя працоўныя месяцы з асаблівай цеплынёй. З 1991 года настаўніца шчыруе ў Высокаўскай сярэдняй школе.

— У выбары прафесіі не памылілася, — прызнаецца Таццяна Васільеўна. — У рабоце больш за ўсё падабаюцца зносіны з дзецьмі. Малодшыя школьнікі надзвычай даверлівыя і заўсёды пазітыўныя. У кожным дзіцяці імкнуся бачыць добрыя якасці, знайсці і развіць пэўныя здольнасці. Вучні бачаць гэта і давяраюць мне. Раблю ўсё, каб дзеці палюбілі вучыцца і дасягалі высокіх мэт. Гэта складана, але магчыма. Галоўнае — матывацыя. Захапляю школьнікаў вучобай праз гульнявую дзейнасць з элементамі спаборніцтва і інсцэніравання. У выніку такіх педагагічных хітрыкаў нават самыя пасіўныя дзеці актыўна ўключаюцца ў вучэбны працэс. Акрамя таго, вельмі важна стварыць на занятках эмацыянальны настрой і сітуацыю поспеху.

На ўроках матэматыкі, рускай і беларускай мовы Т.В.Ляшчук шырока выкарыстоўвае трэнажоры — трэнінгавыя аднатыповыя практыкаванні, падабраныя па адной тэме і накіраваныя на адпрацоўку пэўных навыкаў, прычым з давядзеннем іх да аўтаматызму. Трэнажоры прымяняюцца пры замацаванні вучэбнага матэрыялу і правядзенні самастойных і праверачных работ, а таксама ў гульнявой дзейнасці спаборніцкага характару.

— Аддаю перавагу розным метадам навучання: тлумачальна-ілюстрацыйнаму, тэставаму, праблемнага выкладання матэрыялу, мадэлявання і групавой работы, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — Даволі часта практыкую нестандартныя віды ўрокаў. Звяртаюся да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Вялікую ўвагу ўдзяляю даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў, якую арганізоўваю ў пазаўрочны час. Пад маім кіраўніцтвам дзеці даследавалі беларускія імёны і іх формы, вырошчвалі крышталі і нават выраблялі тэлескоп. Вучнёўскія работы неаднаразова займалі прызавыя месцы ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Я — даследчык”. Акрамя таго, дзеці актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху.

Работа з бацькамі — адзін з важных напрамкаў дзейнасці Т.В.Ляшчук. Для мам і татаў педагог праводзіць амаль штодзённыя кансультацыі.

— Раю бацькам прымаць дзіця такім, якое яно ёсць, — заўважае Таццяна Васільеўна. — Заклікаю працаваць разам з настаўнікам, а не насуперак яму, быць саюзнікамі ў агульнай справе. Пераконваю, што дзіця варта параўноўваць не з іншымі, а з тым, якім яно было ўчора і стала сёння. Прашу заўсёды знаходзіць тое, за што можна пахваліць.

Т.В.Ляшчук лічыць, што асноўная задача настаўніка пачатковых класаў заключаецца не толькі ў тым, каб навучыць дзяцей чытаць і пісаць, але і закласці ў іх асновы духоўнасці, развіць лепшыя чалавечыя якасці, сфарміраваць уменні сябраваць, працаваць з інфармацыяй, вучыцца з радасцю.

— Педагог павінен быць кампетэнтным, цярплівым і працавітым, але без шчырай любові да дзяцей гэтыя якасці бездапаможныя, — упэўнена Таццяна Васільеўна.

Педагагічная дзейнасць Т.В.Ляшчук адзначана граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і абласнога Савета дэпутатаў. Настаўніца неаднаразова станавілася пераможцай раённых конкурсаў метадычных распрацовак урокаў і факультатыўных заняткаў. Таццяна Васільеўна ўзначальвае раённае метадычнае фарміраванне настаўнікаў пачатковых класаў і з’яўляецца аўтарам вучэбнага дапаможніка для педагогаў “Метад мадэлявання: сутнасць і прымяненне”, выпушчанага раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.