Быць шчырым і рабіць урок цікавым

- 9:58Людзі адукацыі

Радзівон Алегавіч Сувораў — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 29 Мінска. Як адзначыў дырэктар Віктар Васільевіч Пшыкаў, цікавы і сучасны педагог. Ад сябе дадам: Радзівона Алегавіча вызначае педагагічная мабільнасць і гнуткасць.

За плячыма Радзівона Алегавіча — гістарычны факультэт БДУ з чырвоным дыпломам. Калі вучыўся на 5 курсе, было накіраванне ў магістратуру, але якраз напрыканцы навучання ва ўніверсітэце прыйшло разуменне, што навуковая дзейнасць надакучыла і зусім не прыцягвае. Хоць Радзівон Алегавіч і мінчанін, накіраванне на работу ў школу атрымаў у Барысаўскі раён. Паехаў туды і з першых тыдняў зразумеў, што з’язджаць нікуды не хоча, а прафесія настаўніка — менавіта тое, што ён і хацеў. Вось так, практычна выпадкова, знайшлася справа яго жыцця.

У школах Барысаўскага раёна Радзівон Алегавіч працаваў два гады (затым вярнуўся ў Мінск). Сваё педагагічнае майстэрства трэніраваў шляхам спроб і памылак. Пакуль працаваў у сельскіх школах, займеў сяброў сярод калег. Яны шмат гаварылі пра жыццё і настаўніцтва, што, канечне, дапамагло адаптавацца на той час маладому спецыялісту да педагагічнай дзейнасці.

“Канечне, у мяне ўзнікалі цяжкасці, і так, як я хацеў, у мяне пачало атрымлівацца дзесьці на чацвёрты год работы ў школе. Хацелася навучыцца трымаць клас у поўнай ступені і не даваць вучням займацца іншымі справамі. Тут немалаважнае значэнне мае дысцыпліна, зацікаўленасць, формы кантролю, якія, дарэчы, павінны быць пасільнымі для вучняў (многія пачынаючыя настаўнікі лічаць, што вучні павінны ведаць усё). Яшчэ для мяне вельмі важна навучыць не проста гісторыі, а даць вучням універсальныя навыкі: думаць, разважаць, рабіць высновы”, — адзначыў настаўнік.

Радзівон Алегавіч — настаўнік таго пакалення (33—34 гады), якое само даўно і сістэмна сядзіць у інтэрнэце і сацыяльных сетках, таму гаджэтамі ён карыстаецца гэтак жа ўмела, як і яго вучні. “Калі працаваў у сярэдняй школе № 219 Мінска, выкарыстоўваў сацыяльную сетку “УКантакце” для вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці. Ствараў групы класаў, дзе ішло актыўнае абмеркаванне надзённага школьнага жыцця. Калі правяраў пісьмовыя работы, вынікі выкладаў адразу, нават каменціраваў іх. Загадзя абвяшчаў час, калі буду правяраць работы, каб вучні маглі задаваць пытанні анлайн.

Канечне, вельмі цяжка на ўроках замяніць гэтыя гаджэты, але трэба быць шчырым настаўнікам і даходліва тлумачыць, навошта школьнікам вучыць гісторыю і грамадазнаўства. Гісторыя — гэта не так цяжка, як матэматыка ці хімія. А калі гаварыць пра грамадазнаўства, то ў ім вывучаюцца ўсе жыццёвыя працэсы, відавочцамі і ўдзельнікамі якіх з’яўляецца кожны з нас. Вучням падабаецца матэрыял, які вывучаецца ў 9 класе. Гэта чалавечыя зносіны, маральныя пытанні, каханне, шчасце, сяброўства. Многія цікавяцца правам, у меншай ступені — палітыкай і эканомікай”, — працягваў настаўнік.

У павышэнні матывацыі да вывучэння гісторыі і грамадазнаўства на дапамогу Радзівону Алегавічу прыходзіць праблемнае навучанне. Дзецям падабаецца мець магчымасць свабодна выказваць свае думкі і меркаванні, а настаўнік ім такую магчымасць дае. Галоўны яго сакрэт — быць шчырым і рабіць урок цікавым.

Радзівон Алегавіч настаўнічае 12-ты год. За гэты час ён налаўчыўся, плануючы ўрок, улічваць кантынгент класа, узрост вучняў і тэму ўрока. Калі гэта 5—7 клас, то вялікае значэнне надае дзейнасці саміх вучняў, іх працы з падручнікам. Павышаную ўвагу ўдзяляе развіццю вучнёўскіх навыкаў, іх пастаяннай трэніроўцы. Як ён заўважыў, тут настаўнік не саліруе. А вось калі ў класе вучні старшага звяна, то ў сваёй практыцы звяртаецца да лекцый і абмеркавання. Разам з тым дыялог настаўніка і вучняў адбываецца на любым уроку, як і на кожным уроку дзеці пішуць і адказваюць на пытанні. Ёсць урокі, калі Радзівон Алегавіч выступае ў ролі мадэратара. Як правіла, такую ролю выконвае на ўроках грамадазнаўства.

На пачатку нашай размовы педагог адразу прызнаўся, што навука яго не прыцягвае, таму школьныя навукова-практычныя канферэнцыі Радзівон Алегавіч таксама не вельмі любіць. А вось у алімпіядным руху яго вучні ўдзельнічаюць з ахвотай. На рахунку настаўніка і яго выхаванцаў пакуль толькі дыпломы раённага і гарадскога ўзроўню, але мне падаецца, што будзе ў яго практыцы пакарэнне і больш высокіх вяршынь. “Наша гімназія не спецыялізуецца на гуманітарным напрамку, хоць у гуманітарных класах таксама вучацца добрыя дзеці. Нашы гімназісты паспяховыя на алімпіядах напрадметах прыродазнаўчанавуковага цыкла. Тым не менш ёсць вучні, якіх цікавіць гісторыя і грамадазнаўства”, — заўважыў педагог.

У канцы размовы Радзівон Алегавіч прызнаўся, што больш спецыялізуецца па грамадазнаўстве. Прадмет вельмі цікавы, і калі яго выкладаць даступнай мовай, то жаданне вучняў паглыбляцца ў пытанні маралі, этыкі, культуры, паліталогіі, эканомікі будзе ўзмацняцца. Зыходзячы з рэакцыі вучняў Радзівона Алегавіча, можна зрабіць выснову, што ім падабаецца. Настаўнік імкнецца рабіць урокі негрувасткімі, не задае цяжкіх дамашніх заданняў, працуе з падручнікамі, выбіраючы з іх самае неабходнае, і складае свае канспекты, якія дапамагаюць не толькі паспяхова падрыхтавацца да алімпіяды, але і да ЦТ.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.