Білет у прафесійную будучыню

- 10:56Якасць адукацыі

11 лістапада ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбылося ўрачыстае пасвячэнне навучэнцаў профільнага класа педагагічнага напрамку сталічнай школы № 83 імя Георгія Жукава ў юныя педагогі. Гэтая навучальная ўстанова з’яўляецца адзінай школай у сталіцы, дзе педагагічны клас мае вузкі гісторыка-філалагічны профіль.

— Выбіраючы гісторыка-філалагічны профіль у нашай навучальнай установе, мы правялі глабальную прафарыентацыйную работу і работу з бацькамі школьнікаў, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сталічнай школы № 83 імя Г.Жукава Алена Зянонаўна Шамшур. — 15—20 працэнтаў класа свядома выбіраюць педагогіку, 60 працэнтаў адносяцца станоўча да гэтага выбару, хоць і не могуць адназначна сказаць зараз, што хочуць вучыцца менавіта на педагога. Гэта якраз тыя дзеці, з якімі трэба працаваць. Яны яшчэ не ў стане ацаніць аб’ектыўна: хачу — не хачу, магу — не магу, маё — не маё. Наша задача — праясніць іх асабістую пазіцыю і не столькі папулярызаваць прафесію, колькі яе змест накласці на любы від прафесійнай дзейнасці, які б будучыя выпускнікі ні выбралі. Навучанне ў педагагічным класе пойдзе на карысць і ў іншых гуманітарных прафесіях. Такім чынам, асновы педагогікі і псіхалогіі, якія нашы юныя педагогі атрымаюць падчас вучобы, — у большасці падмурак прафесійнай педагагічнай будучыні, а ў некаторых той рэзерв, які дапаможа ім і ў іншай прафесіі, і ў пабудове сямейных адносін, выхаванні ўласных дзяцей.

А пакуль школьнікі толькі пачынаюць свой шлях, кіраўнікі гістарычнага факультэта БДПУ даюць ім магчымасць не толькі бліжэй пазнаёміцца з будучай альма-матар, яго гісторыяй, а таксама гістарычным факультэтам і студэнцкай суполкай, але і запрасілі юных педагогаў да плённага супрацоўніцтва ўжо зараз.

Школьнікі пазнаёміліся з афіцыйнымі знакамітымі мясцінамі ўніверсітэта — скульптурнай кампазіцыяй “Настаўніца першая мая” на ўваходзе ў галоўны корпус БДПУ, маятнікам Фуко, залай рэдкай кнігі, рэктаратам універсітэта. Не засталася без увагі і неафіцыйна-знакамітая мясціна — любімае ўсімі без выключэння студэнтамі ўніверсітэцкае арт-кафэ. Экскурсія не магла не выклікаць цікавасці да гісторыі ўніверсітэта і яго дасягненняў, таму гасцям прэзентавалі музей гісторыі БДПУ.

Пасля адбылася ўрачыстая сустрэча з кіраўніцтвам і студэнтамі 1—2 курсаў гістарычнага факультэта, на якой школьнікі прэзентавалі свой профільны клас і атрымалі з рук намесніка дэкана па вучэбнай рабоце гістарычнага факультэта Уладзіслава Мікалаевіча Кадзіра білет юнага педагога. Таксама былі вызначаны найбліжэйшыя планы сумесных мерапрыемстваў з удзелам студэнтаў, навучэнцаў, педагогаў школы і выкладчыкаў гістфака.

— І для нас, і для вас гэта знакавая падзея, — звярнуўся да школьнікаў загадчык кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў, дацэнт, кандыдат навук Анатоль Фёдаравіч Вялікі. — Яшчэ навучаючыся ў школе, вы ўжо ўліваецеся ў суполку нашага гістарычнага факультэта. Кафедра гісторыі Беларусі гатова дапамагчы вам адчуць сябе студэнтамі і сапраўднымі гісторыкамі. Для гэтага мы будзем прыцягваць вас да работы ў студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях. Спадзяюся, самыя актыўныя вучні прымуць удзел у навуковай студэнцкай канферэнцыі, якая адбудзецца на базе ўніверсітэта ў сакавіку 2018 года.

Відавочна, супрацоўніцтва школы з педагагічным універсітэтам будзе карысна абодвум бакам: для навучэнцаў гэта адкрыццё новых гарызонтаў, прафесійная падтрымка і дапамога, а для ўніверсітэта — магчымасць праз некалькі гадоў бачыць у гэтых сценах людзей, якія прыйшлі сюды не таму, што змаглі паступіць, а таму, што хацелі.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.