Біянкі быў бы рады

- 11:29Культура

Нядаўна былі падведзены вынікі конкурсу другога сезона Міжнароднай літаратурнай прэміі В.В.Біянкі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу адбылася ў Мінскай ратушы.

Міжнародная літаратурная прэмія В.В.Біянкі была зацверджана ў 2016 годзе ў рамках расійска-беларускага праекта “Пад белымі крыламі” з мэтай пошуку таленавітых аўтараў, якія пішуць творы пра жывёл і прыроду, для заахвочвання і стымулявання бібліятэк, што займаюцца экалагічнымі праграмамі, для павышэння сацыяльнай значнасці сучаснай прыродазнаўчай літаратуры, прыцягнення чытацкай і грамадскай увагі да яе, а таксама для папулярызацыі творчасці Віталя Валянцінавіча Біянкі, які, нягледзячы на ўсе перыпетыі свайго жыцця, заўсёды верна служыў праўдзівай, цікавай і займальнай літаратуры для дзяцей, дый не толькі для дзяцей.

Заснавальнікамі ўзнагароды сталі Маскоўская абласная дзяржаўная дзіцячая бібліятэка, Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска і Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. І калі, па словах намесніка дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Алены Чарняўскай, у 2016 годзе ў конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі толькі дзвюх краін — Расіі і Беларусі, то ў 2017 годзе гэтае творчае спаборніцтва стала сапраўды міжнародным. На саісканне прэміі летась было пададзена каля 800 заявак з 18 краін-удзельніц, каля 60 праектаў прадставілі бібліятэкі.

Работы разглядаліся ў катэгорыях “Лепшы мастацкі твор” (намінацыі “Проза”, “Паэзія” і “Казка”), “Лепшы публіцыстычны твор”, “Калектыў аўтараў”, “Лепшы мастацкі твор юных аўтараў” у трох узроставых катэгорыях ад 7 да 18 гадоў і “Лепшая бібліятэка, якая займаецца экалагічнымі праектамі”.

Адметна, што ў катэгорыі “Калектыў аўтараў” ганаровымі дыпламантамі сталі людзі, якія маюць непасрэднае дачыненне да вучэбнай літаратуры. Гэта педагогі-пісьменнікі з Оршы Галіна Уладзіміраўна і Сяргей Анатольевіч Трафімавы, якія ў суаўтарстве напісалі больш за 70 кніг, пераважна прысвечаных прыродзе. Яны ж з’яўляюцца аўтарамі дапаможнікаў выдавецтва “Аверсэв”: рабочых сшыткаў, кніг для чытання і іншых вучэбных выданняў па прадмеце “Чалавек і свет” для 1—3 класаў, якія ўваходзяць у склад вучэбна-метадычных комплексаў для школ Беларусі.

Лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу другога сезона Міжнароднай літаратурнай прэміі В.В.Біянкі палічылі за гонар вітаць у Мінскай ратушы прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкама, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі, заснавальнікі прэміі, члены журы, лаўрэаты, дыпламанты і бібліятэкары з Расіі і Беларусі. Напэўна, самым чаканым госцем на цырымоніі ўзнагароджання быў унук Віталя Валянцінавіча Біянкі — Аляксандр Міхайлавіч Біянкі, які адзначыў: “Даволі лёгка ўявіць, што дзед мог бы сказаць на маім месцы. Ён быў бы вельмі рады, што яго справа працягваецца. Дзед быў упэўнены, што робіць вельмі важную справу: распавядае і дзецям, і дарослым пра прыроду. Віталь Валянцінавіч лічыў, што дзеці — гэта чытачы, для якіх трэба пісаць крыху больш адказна, чым для дарослых, і імкнуцца не памыляцца. І ён стараўся не памыляцца. Дзед сапраўды радаваўся прыродзе і змог знайсці ў ёй эмацыянальную і маральную падтрымку для жыцця. Знайсці яе ў простых рэчах у выглядзе штодзённага ўзыходу сонца і спеваў птушак. Магчыма, гэта і нам усім дапаможа”.

Мікола ЧЭМЕР.