Бізнес-школа, або Як маладыя вучаць маладзейшых

- 11:55Якасць адукацыі

“Адзін у полі не воін”. Усе ведаюць гэтую прыказку. Можа, і не воін, а вось двое могуць стаць прыметнай сілай, калі яны накіроўваюць аб’яднаныя намаганні на здзяйсненне справы, у якую вераць. Так, напрыклад, зрабілі два сябры — студэнты трэцяга курса Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Карпанаў з Віцебска і Станіслаў Белахвостаў, які прыехаў вучыцца ў Беларусь з Казахстана. А перакананы сябры ў тым, што фінансавая граматнасць — неабходны складнік навучання дзяцей і моладзі, а яшчэ ў тым, што развіццё малога бізнесу, у тым ліку маладзёжнага, — справа перспектыўная.

Пачатак і працяг

Сваю ўпэўненасць хлопцы, доўга не адкладваючы, перавялі ў практычныя дзеянні — арганізавалі факультатыўныя заняткі для школьнікаў па фінансавай граматнасці. Уласнымі сіламі, за ўласныя сродкі, якія неабходны для ўручэння прызоў пераможцам конкурсаў, паездак у школы за межамі Мінска, і некаторых іншых выдаткаў.
Сваю добраахвотную адукацыйную справу хлопцы пачалі ў верасні 2014 года. Сцвярджаюць, што ідэя прыйшла адначасова да абодвух. Пагаварылі, вырашылі распрацаваць сваю праграму, якую назвалі “Дзеці і фінансы” (яна стала адной з пераможцаў у конкурсе сацыяльных праектаў Social weekend). Стварылі таксама фінансавую гульню для школьнікаў, заснаваную на беларускіх рэаліях у бізнесе і айчынным заканадаўстве. Пазней Аляксандр стаў фіналістам яшчэ аднаго конкурсу сацыяльных праектаў, выступаючы менавіта з гэтай праграмай. Рэалізоўваючы ідэю, хлопцы звязаліся з дырэктарамі сталічных школ і гімназій, прапанавалі розныя варыянты сваёй праграмы ў якасці факультатыву або семінара. Кіраўнікі навучальных устаноў ахвотна пайшлі насустрач. З таго часу сябры, да якіх пазней далучылася аднакурсніца Хрысціна Гліннік, паспелі выступіць прыкладна ў 10 мінскіх гімназіях і школах, прычым у многіх пабывалі неаднаразова, з’ездзілі ў гарадскі пасёлак Коханава, што недалёка ад Оршы, Бабруйск Магілёўскай вобласці, Івацэвічы Брэсцкай вобласці, Віцебск. Іх аўдыторыя — гэта часцей за ўсё школьнікі 13—14 гадоў, хаця былі факультатывы і для старэйшых навучэнцаў.Заняткі з падлеткамі маладыя лектары пачынаюць з размовы аб тым, што ў школе вучаць многім прадметам, але часцей за ўсё не выкладаюць такі прадмет, як “Фінансавая граматнасць”, — іншымі словамі, не вучаць мастацтву кіравання сваімі фінансамі і іх прымнажэння.
— На жаль, — кажуць студэнты, — у большасці сем’яў бацькі таксама не клапоцяцца пра тое, каб іх дзеці былі фінансава граматнымі, а менавіта гэтаму неабходна вучыць у першую чаргу. У свеце, дзе мы пастаянна сутыкаемся з тэмай асабістых фінансаў, гэта адзін з самых важных прадметаў. Для Беларусі, дзе матэрыяльнае становішча большасці жыхароў не дазваляе паводзіць сябе з фінансамі марнатраўна і непрадумана, праблема асабліва актуальная.
Між іншым, праводзячы заняткі, Аляксандр і Станіслаў робяць апытанні школьнікаў на тэмы “Вобраз бізнесмена ў вачах падлеткаў”, “Адносіны падлеткаў да грошай” і “Што трэба для поспеху?”. Цікава, што, згодна з гэтымі апытаннямі, нашы дзеці свае даходы, калі яны будуць, амаль пагалоўна пастараюцца адкласці і сэканоміць. Толькі адзін з апытаных васьмікласнікаў адказаў, што інвесціруе іх у нейкую справу, і ніхто не выбраў варыянт адказу “Аддам бацькам”. Невялікая колькасць падлеткаў вырашыла, што патраціць гэтыя грошы, а 4% адказалі, што грошы для іх не маюць значэння.
На пытанне аб тым, што спрыяе поспеху, нашы дзеці часцей за ўсё адказваюць, што добрая адукацыя, але на другім і трэцім месцах часта ідуць сцвярджэнні, што для гэтага неабходны добрыя сувязі і шчаслівы выпадак, удача. Ды і вобраз бізнесмена ў вачах юных беларусаў у большасці выпадкаў (нават да 85%) — гэта вобраз спекулянта. Няхай сабе гэтыя вынікі не могуць прэтэндаваць на статус паўнацэннага сацыялагічнага даследавання, але пэўнае ўяўленне аб тым, якіх ведаў у сферы фінансаў і бізнесу не хапае нашым школьнікам, над чым трэба з імі працаваць, такія апытанні, пагадзіцеся, даюць.
Акрамя таго, на занятках навучэнцы даведваюцца пра тое, як весці ўлік уласных даходаў і расходаў, адкуль наогул бяруцца грошы, што такое інфляцыя і г.д. Канечне, школьнікі задаюць нямала пытанняў. Адно з самых папулярных зараз — “Што такое дэнамінацыя і як яна паўплывае на наша жыццё?”, адно з пастаянных — “Куды ўкласці грошы, каб яны прыносілі добры даход?”. Дарэчы, адказваючы на апошняе, Аляксандр, Станіслаў і Хрысціна расказваюць пра розныя магчымасці і абавязкова заўважаюць, што лепшае ўкладанне грошай — гэта ўкладанне ў сябе, у сваю адукацыю або сваю справу. А што тычыцца дэнамінацыі, то ўдзельнікі сацпраекта нават узяліся за распрацоўку вялікага курса па гэтай тэме, адаптаванага для школьнікаў.
— Навошта мне гэта патрэбна? — гаворыць Аляксандр у адказ на маё пытанне. — Я развіваю ўласны бізнес і бачу, што ў гэтай сферы ў нас надзвычай мала моладзі, а гэта вельмі крыўдна. Бачу таксама, што многім беларусам з розным узроўнем даходаў вельмі не хапае фінансавых ведаў для таго, каб жыць не ад зарплаты да зарплаты, а будаваць сваё жыццё больш абдумана. Наш праект не ўключаны ў дзяржпраграму па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва, але ў Нацбанк мы звярталіся, калі толькі пачыналі работу. Аб праекце там ведаюць, і ў далейшым мы спадзяёмся на больш цеснае супрацоўніцтва.

Перспектывы

За той час, што хлопцы праводзяць семінары па фінансавай граматнасці, яны і самі многаму навучыліся. Так, Аляксандр гаворыць, што ўдалося набыць нядрэнныя выкладчыцкія навыкі, ён навучыўся працаваць з падлеткавай аўдыторыяй. Цяпер хлопец у нейкай ступені стаў калегам сваёй маці — намесніка дырэктара адной з віцебскіх школ. Вось, скажам, адміністрацыя сталічнай гімназіі № 19, дзе выступалі студэнты, заўважае ў сваім рэкамендацыйным пісьме, што і ў далейшым з задавальненнем падтрымае выступленне каманды праекта “Дзеці і фінансы” ў сценах сваёй навучальнай установы.
А ў хуткім часе Аляксандр, Станіслаў і іх калегі (адна з іх — Хрысціна Гліннік; хто стане другім — пакуль удакладняецца) зноў збіраюцца ў горад на Дзвіне. У 42-й школе тут пройдзе цэлы тыдзень фінансавай граматнасці. Будуць конкурсы газет, выступленні лектараў сацыяльнага праекта “Дзеці і фінансы”, выступленне супрацоўніка банка-партнёра, іншых кампаній, конкурс міні-эсэ, а таксама конкурс малюнкаў на тэму эканамічных тэрмінаў, арганізатары правядуць дзелавую гульню.
Дарэчы, нядаўна, на зімовых канікулах, хлопцам удалося папрацаваць і з маладзейшымі навучэнцамі — ад 8 да 14 гадоў. Падчас зімовых канікул студэнты сталі выкладчыкамі бізнес-лагера, арганізаванага адным з мінскіх сямейных цэнтраў.
— Наколькі доўга мы зможам весці такую работу, не магу сказаць дакладна, — заўважае Аляксандр. — Пакуль планы распрацавалі на найбліжэйшыя паўтара года.
Так, падчас вясенніх канікул хлопцы спадзяюцца арганізаваць бізнес-лагер для беларускіх студэнтаў і адзінаццацікласнікаў з выездам у Літву (за кошт удзельнікаў). Ён уключыць тэст для падлеткаў на веды аб прадпрымальніцтве, гутаркі пра тое, дзе ўзяць ідэю для бізнесу, як праверыць яе жыццяздольнасць і акупнасць, як выбраць лепшую з усіх. Пагавораць і пра тое, ці можна пачаць сваю справу без грошай, хто можа дапамагчы пры стварэнні бізнесу, дзе атрымаць неабходныя веды, што ўключае Праграма развіцця прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь і г.д. Удзельнікі пазнаёмяцца з маладымі літоўскімі прадпрымальнікамі, наведаюць іх прадпрыемствы.
Яшчэ ў планах маладых людзей распрацоўка новай настольнай дзелавой гульні, якая будзе заснавана на самых новых зменах у беларускім заканадаўстве, якія тычацца бізнесу, на самых актуальных з’явах фінансавага рынку, розных складніках беларускай эканомікі. На выпуск новай гульні грошай пакуль няма, але хлопцы спадзяюцца знайсці спонсараў або вылучыць праект на атрыманне адукацыйнага гранта, тады ён наогул стане некамерцыйным. Безумоўна, у свеце існуе нямала дзелавых гульняў, напрыклад, амерыканскіх, але яны наўрад ці падойдуць для Беларусі. Студэнты Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій разлічваюць ажыццявіць гэты праект ужо сёлета.

У студзені 2013 года ўрад і Нацыянальны банк зацвердзілі план сумесных дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Беларусі на 2013—2018 гады, мерапрыемствы па яго рэалізацыі. Запланаваны мерапрыемствы па павышэнні фінансавай граматнасці школьнікаў, моладзі, найменш абароненых сацыяльных груп, па павышэнні фінансавай граматнасці ў сферы банкаўскіх паслуг, страхавання, рынку каштоўных папер, падатковай сферы.

А ёсць яшчэ і задума правесці летам лагер бізнес-граматнасці для студэнтаў з усёй Беларусі на базе БДУ. Акрамя таго, маладыя людзі спадзяюцца, што да іх праекта “Дзеці і фінансы” далучацца іншыя добраахвотнікі, не абавязкова з фінансавай або эканамічнай адукацыяй. Галоўнае — энтузіязм і жаданне працаваць бясплатна.
…Расказваючы аб сваіх планах і перспектывах, Аляксандр Карпанаў, раптоўна спахапіўся:
— Я ж учора вечарам яшчэ два мерапрыемствы прыдумаў. Першае — з’ездзіць на студэнцкіх зімовых канікулах у Кіеў, каб пагутарыць з украінскімі школьнікамі, бо мы са Станіславам даволі добра арыентуемся ў рэаліях украінскага бізнесу, а праектаў, падобных нашаму, наколькі я ведаю, там няма. А другое — хацелася б у Мінску правесці мерапрыемства па фінансавай граматнасці для дзяцей разам з адным з бізнес-клубаў сталіцы. Думаю, Станіславу, які хутка вернецца з Казахстана, мае прапановы спадабаюцца.
Зразумела, маладым людзям, якія не толькі вучацца, але і працуюць, каб заплаціць за вучобу, за пражыванне, не гаворачы пра іншыя расходы, няпроста сумяшчаць усё гэта з сацыяльнай дзейнасцю, купляць хаця б самыя простыя прызы для школьнікаў — пераможцаў віктарын, друкаваць свае матэрыялы. Але яны спраўляюцца, ім цікава, яны зараджаюць сваёй зацікаўленасцю іншых. Так, мінулай восенню Станіслава і Аляксандра запрасілі да ўдзелу ў перадачы СТБ “Такова судьба”, дзе праводзілася грамадская дыскусія наконт таго, ці варта і ў якім памеры займацца павышэннем фінансавай граматнасці дзяцей. Лепшых удзельнікаў падобнай дыскусіі і ўявіць цяжка, пагадзіцеся. А нядаўна хлопцы дапамаглі арганізаваць сацыяльны праект па вывучэнні гісторыі Беларусі “Дзе мой край?” студэнту інстытута, у якім вучацца самі, Мікіту Мазурэнку. Ён ужо правёў некалькі заняткаў у сталічных школах.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва
Аляксандра КАРПАНАВА
і з інтэрнэту.