Блізкія далёкія сімвалы

- 11:37Культура

У кабінеце-музеі беларускай народнай культуры на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працуе выстава “Культура Кітая”. У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 экспанатаў, характэрных нацыянальных кітайскіх артэфактаў, якія знаёмяць з рознымі аспектамі культуры і гісторыі гэтай незвычайнай краіны, а таксама калекцыя кніг, прысвечаных кітайскаму фальклору, кітайскай нацыянальнай кухні і іншым цікавосткам культуры Паднябеснай. Частку экспанатаў перадаў Кітайскі культурны цэнтр у Мінску, астатнія — з уласных збораў выкладчыкаў універсітэта.

Як паведаміла загадчык кабінета-музея, прафесар кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук Ірына Валер’еўна Казакова, выстава “Культура Кітая” разгарнулася ў працяг вялікага інавацыйнага культурна-асветніцкага праекта ў межах вывучэння дысцыплін “Гісторыя і тэорыя сусветнай культуры” і “Культура Беларусі”. Так, у кастрычніку ў падобным фармаце прайшла выстава “Культура Старажытнага Ірана”, а да канца бягучага навучальнага года запланаваны экспазіцыі, прысвечаныя культуры Казахстана, Турцыі, Расіі і іншых краін, з якімі Беларусь звязваюць асабліва цёплыя, лічы сяброўскія і ўзаемапаважлівыя, адносіны. І “іранская” выстава, і першыя дні дэманстрацыі кітайскай культуры на філфаку паказалі, што такія прадметна-візуальныя формы падачы вучэбнага матэрыялу ідуць студэнтам толькі на карысць, стымулюючы іх эмацыянальнае рэагаванне, пабуджаючы іх да жывых дыскусій, непасрэднага дыялогу з той ці іншай нацыянальнай культурай і да самастойнага пошуку тэм будучых студэнцкіх навуковых прац.

Лялькі ў нацыянальным кітайскім адзенні, маскі пекінскай оперы, вееры, святочныя надпісы, малюнкі па шоўку, лялечныя драконы, тыгры, панды… Глядзі, вывучай гэтыя экспанаты, студэнт, успамінай свае беларускія адпаведнікі і параўноўвай. А ўспомніць будзе не так і цяжка. У падказку табе — словы Ірыны Валер’еўны Казаковай: “Кожная народная культура пазітыўная, гуманістычная і, калі хочаце, экалагічная. Народная культура — гэта тое, што ў любыя часы дапамагае пераадольваць духоўны крызіс”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.