Адным з лепшых валанцёраў 2022 года ў Беларусі стала студэнтка 4 курса факультэта прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Айгуль Разыева.
Яе дасягненні адзначылі ў намінацыі “Асабісты ўклад”. Даведаліся больш падрабязна, якім жа ён быў.
Ужо 4 гады Айгуль знаходзіцца ў валанцёрскім аб’яднанні “Міласэрнасць” і займаецца з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дапамагае людзям з інваліднасцю. Дзяўчына захоўвае шмат кранальных успамінаў аб такіх сустрэчах і падзялілася адной з нядаўніх.
— Мы адзначалі 25-годдзе клуба, — расказвае Айгуль. — У нас былі госці з арганізацый, у якіх мы працуем у якасці валанцёраў. Адна дзяўчынка вельмі расхвалявалася перад выкананнем творчага нумара і пачала клікаць мяне са сцэны. Я абняла яе і сказала, што хачу, каб яна добра выступіла. У выніку яна пераадолела свой страх, а пасля выступлення сказала, што старалася і зрабіла гэта для мяне. Гэта так міла і каштоўна! Я радуюся, калі бачу, што дзеці з пэўнымі асаблівасцямі з’яўляюцца не толькі гледачамі канцэртаў, конкурсаў, гульняў, але і становяцца іх удзельнікамі. Ім важна адчуваць, што яны такія ж, як і ўсе астатнія. Дзеці шчыра рады, што да іх прыйшлі, што іх не забылі. Таму ў гэтай сітуацыі падтрымка валанцёраў патрэбна заўсёды.
Гадзіны, а часам і дні, за валанцёрскай дзейнасцю для Айгуль заўсёды ляцяць хутка. Праводзіць час, дапамагаючы людзям, студэнтка любіць не менш за выбраную прафесію. Быць выкладчыкам — яшчэ адно жаданне дзяўчыны. Яна з дзяцінства марыла быць настаўніцай, таму і паступіла ў педагагічны ўніверсітэт.
Чытайце матэрыял Соф’і Цыкуновай у нумары ад 16 снежня 2022 года.