Бонусы ў прафесіі

- 13:57Адукацыйная прастора, Рознае

У сталіцы падведзены вынікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока” — 2016”. Пераможцам конкурсу і ўладальнікам гран-пры стаў настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 49 Павел Сяргеевіч Багушэвіч. Урачыстае ўзнагароджанне дыпламантаў і прызёраў прайшло на базе сярэдняй школы № 61 Мінска, дзе для канкурсантаў і гасцей быў арганізаваны музычны канцэрт.

Заснавальнікам конкурсу з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Яго арганізатарам выступіў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Дэвіз акадэміі — “Усе вучаццца ў ва ўсіх”. Заснавальнікі і арганізатары ўпэўнены, што конкурс з’яўляецца яркай, захапляльнай і эфектыўнай формай узаеманавучання. “Акадэмія ўрока” — гэта ўзаемаабмен прафесійным вопытам, узаемаўдасканаленне, падтрымка творча працуючых педагогаў. Конкурс спры яе асваенню, укараненню і распаўсюджванню сучасных адукацыйных методык і тэхналогій, якія садзейнічаюць рэалізацыі асноўных напрамкаў развіцця сталічнай школы.

Па словах начальніка Цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі МГІРА члена журы конкурсу Людмілы Георгіеўны Венцаравай, сёлета гэта ўжо чацвёрты конкурс. Умовы яго правядзення з кожным годам ускладняюцца. Асноўная ідэя спаборніцтваў гэтага года — арганізацыя і правядзенне інтэграваных урокаў. Правесці такі ўрок няпроста: неабходна выбраць скразную тэму, вызначыць, якія прадметы інтэграваць. Практыка паказвае, што спаборніцтвы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў педагогаў. Адкрытыя мерапрыемствы конкурсу штогод наведвае больш за 1,5 тысячы чалавек. Ды і прыняць удзел у конкурсе вырашаюць настаўнікі, якія ўжо маюць вопыт уд зелу ў спаборніцтвах па прафмайстэрстве, уладальнікі прэмій, грантаў, тыя педагогі, якім сапраўды ёсць чым падзяліцца.

На ўдзел у конкурсе сёлета падаў заяўку 31 педагог сталіцы. “Акадэмія ўрока” працавала з кастрычніка 2015 года. На першым этапе ў яе раскладзе былі прадугледжаны два конкурсныя выпрабаванні: адкрыты ўрок з незнаёмай аўдыторыяй “Урок. Вучэнне ў прызначаную гадзіну…” і педагагічная трыбуна. Удзельнікі конкурсу правялі 31 адкрыты ўрок. Урокі акадэміі раскрывалі прафесійныя, творчыя і інтэлектуальныя здольнасці педагогаў, дэманстравалі ўзровень выкарыстання сучасных тэхналогій, наяўнасць уласных педагагічных знаходак і іх эфектыўнасць. Так, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 40 Мінска разважала з васьмікласнікамі аб вечным. Тэма ўрока — “А счастье было так возможно, так близко…” (І.С.Тургенеў “Ася”). На ўроку настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 35 Святланы Васільеўны Гедэрым “Завея снежная чаруе” пяцікласнікі працавалі па тэме “Складаны сказ”. Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 10 Кацярына Аляксандраўна Садоўская вымярала з другакласнікамі “Перыметр прамавугольніка”, а настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 61 Галіна Генадзьеўна Рэпіна падрыхтавала і правяла ўрок-квест у 10 класе па тэме “Насельніцтва”. “Педагагічная трыбуна” дала магчымасць педагогам канструктыўна абмеркаваць актуальныя пытанні прафесійна-педагагічнай дзейнасці, высветліць праблемы, якія існуюць, і шукаць іх шляхі вырашэння, падзяліцца вопытам з калегамі. Яшчэ Песталоцы сцвярджаў, што працэс навучання павінен быць пабудаваны такім чынам, каб, з аднаго боку, размежаваць паміж сабой асобныя прадметы, а з другога — аб’яднаць у нашай свядомасці падобныя і роднасныя, уносячы тым самым вялізную зразумеласць у нашу свядомасць і пасля поўнага іх удакладнення павысіць да зразумелых паняццяў. У выніку і тэма выступлення акадэмікаў была выбрана невыпадкова: “Інтэграваны ўрок. Ідэалы і рэаліі”.

На другім этапе канкурсантам неабходна было правесці адкрыты інтэграваны ўрок “Урок. Творчае партнёрства…” для педагагічнай аўдыторыі горада ў актавай зале сваёй установы адукацыі са сваімі навучэнцамі. Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 157 імя А.С.Бурдзейнага Алена Юр’еўна Брачкова прадставіла адкрыты інтэграваны ўрок па рускай літаратуры і сусветнай гісторыі ў 10 класе разам з калегам С.М.Юдзінцом па тэме “Мастацка-філасофскае асэнсаванне сутнасці вайны ў рамане Л.М.Талстога “Вайна і мір”. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 35 Святлана Васільеўна Гедэрым у творчым партнёрстве з настаўніцай біялогіі А.А.Бычанок правяла інтэграваны ўрок па беларускай мове і біялогіі ў 6 класе “У слове родным, беларускім прыроды зменная душа”. На гэтых занятках акадэмікі яшчэ раз засведчылі, што ў эфектыўным уроку ўсё ўзаемазвязана і абумоўлена. Педагогі прадэманстравалі свой духоўны свет, самабытнасць, мудрасць, талент і артыстызм, даказалі, што сучасны настаўнік валодае не толькі педагагічнымі, метадычнымі, камунікатыўнымі кампетэнцыямі, але і ўмее пазіцыяніраваць сябе як рознабакова развітога і крэатыўнага чалавека.

— На наш погляд, планка, якую мы паставілі па правядзенні інтэграванага ўрока, была ўдала пераадолена канкурсантамі. Так, цікавым быў урок-злёт з элементамі ролевай гульні і завочнага падарожжа “Дарожная бяспека для пешаходаў” (інтэграваны ўрок англійскай мовы і курса “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”) у 5 класе, які прадставіў на суд журы настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 49 П.C.Багушэвіч. Разам з тэарэтычнымі ведамі навучэнцы набылі і практычныя навыкі, уключыўшы ў работу свой суб’ектыўны практычны вопыт. Настаўніца геаграфіі сярэднй школы № 61 Галіна Генадзьеўна Рэпіна правяла інтэграваны ўрок геаграфіі і хіміі ў 10 класе па тэме “Раслінаводства Беларусі” ў выглядзе пасяджэння даследчай лабараторыі. Правядзенню ўрока папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. На працягу двух тыдняў навучэнцы займаліся даследчай дзейнасцю ў лабараторыях школы і БДУ. Такі падыход сведчыць не толькі аб развіцці творчых здольнасцей вучняў, іх даследчых навыкаў, але і аб арганізацыі прафарыентацыйнай работы: школьнікі паспрабавалі сябе і ў ролі аграрыяў, і ў ролі вучоных-даследчыкаў, — адзначыла Л.Г.Венцарава.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў журы вызначыла пераможцу і лаўрэатаў. 1-е месца на конкурсе было прысуджана настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 35 Святлане Васільеўне Гедэрым, 2-е месца — настаўніцы геаграфіі сярэдняй школы № 61 Галіне Генадзьеўне Рэпінай, а 3-е месца заваявала настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 157 імя А.С.Бурдзейнага Алена Юр’еўна Брачкова. Гран-пры конкурсу ўдастоены настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 49 Павел Сяргеевіч Багушэвіч. Пераможца конкурсу прадстаўляецца да ўзнагароджання Ганаровай граматай Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, рэкамендуецца да прысуджэння прэміі Мінгарвыканкама і прысваення ганаровага звання “Мінчанін года”.

П.С.Багушэвіч ужо 6 гадоў працуе ў школе і ў конкурсным руху не навічок: тры гады назад настаўнік стаў лаўрэатам конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Мы — маладыя”.

— Конкурс — гэта вялікая падмога для прафесійнага развіцця. Па-першае, гэта штуршок да самаадукацыі, бо працэс падрыхтоўкі да ўсіх выпрабаванняў вельмі працаёмкі, а па-другое, гэта новыя людзі, новыя знаёмствы, сябры і, безумоўна, бонусы ў педагагічнай дзейнасці і кар’еры, — адзначае Павел Сяргеевіч. — Самым складаным для мяне ў конкурсе было паверыць у сябе. Лічу, што ў школе ўсё залежыць ад асобы настаўніка, ад яго ўнутранага агню. Упершыню я гэта адчуў падчас вучобы ва ўніверсітэце. У нас была цудоўная выкладчыца англійскай мовы, на лекцыях якой ніводзін студэнт не заставаўся абыякавым. Мне было даспадобы, як яна трымае аўдыторыю, як усіх уцягвае ў работу, як умее захапіць. І гэты ўнутраны агонь я адкрыў і ў сабе. Калі заходжу ў клас і бачу твары сваіх навучэнцаў, то забываюся пра ўсе свае праблемы. Каб прыцягнуць увагу дзяцей, я магу сыграць на гітары, праспяваць, расказаць займальную гісторыю, разам з імі паставіць інсцэніроўку і інш. У практыцы работы аддаю перавагу гульнявым тэхналогіям і праектнай методыцы, а таксама люблю праводзіць нестандартныя ўрокі. Час ад часу праводжу інтэграваныя ўрокі. Праўда, пакуль гэта больш нагадвае рэалізацыю міжпрадметных сувязей. Ідэальны інтэграваны ўрок — гэта ўрок, на якім у вучняў складваецца цэласнае ўяўленне пра тую ці іншую з’яву, дзе яны адчуваюць сябе часцінкай гэтага свету, дзе могуць самарэалізавацца і знайсці сябе. А таму хочацца рухацца наперад, асвойваць новае, нязведанае.

Дыпламантаў конкурсу павіншавала першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама старшыня журы конкурсу Марыя Станіславаўна Кіндзірэнка: “Дзякуй вам за прафесіяналізм, за ўменне прадставіць сябе і сваё педмайстэрства, за смеласць дзяліцца крупінкамі свайго прафесійнага і чалавечага вопыту, бо настаўніка-прафесіянала без чалавечага жыццёвага вопыту проста не бывае. Аддаючы сябе на ўроках і дэманструючы ўрокі сваім калегам, вы дзеліцеся сваім вопытам, навыкамі, уменнем будаваць узаемаадносіны з навучэнцамі. Няхай у вас усё атрымаецца, няхай заслужаныя ўзнагароды стануць яшчэ адным пацвярджэннем таго, што сталічнае настаўніцтва ведае, умее і робіць так, як і павінна быць. Дасканаласці вам і прафесійнага росту!”

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.