Брэсцкі філалагічны. Сустрэчы праз гады…

- 12:02Адукацыйныя праекты

Паважаны чытач! Калі на загалоўку гэтага артыкула спыніўся твой позірк, не спяшайся яго адвесці ўбок: гаворка пойдзе не пра традыцыйную сустрэчу выпускнікоў, хоць і пра яе згадаць хочацца.

Сорамна прызнацца, але за многія гады я наведала альма-матар усяго адзін раз, прыехаўшы разам з аднагрупнікамі на 20-годдзе заканчэння інстытута. Планавалі проста сустрэцца, прайсціся па родным трэцім паверсе будынка па вуліцы Міцкевіча, пагаварыць і раз’ехацца. А філфак чакаў нас, і, калі б мы не прыехалі, усё роўна ў апошнюю суботу чэрвеня ў самай вялікай аўдыторыі гучалі б нашы імёны-прозвішчы, нашы юнацкія твары глядзелі б са слайдаў прэзентацыі, пра нас гаварылі б цудоўныя словы, і выкладчыкі згадвалі б цікавыя выпадкі з нашага студэнцкага жыцця. Але мы прыехалі, і гэта была не проста сустрэча з аднакурснікамі, гэта была цёплая сустрэча з родным філфакам…

Часта згадваю сваіх аднакурснікаў… Алена Кавалюк (Шаўкаловіч), Святлана Шчэрба (Навіцкая), Валянціна Касцючык — дацэнты, кандыдаты філалагічных навук роднага факультэта, Міхаіл Алейнік — галоўны рэдактар газеты “Вячэрні Брэст”, Вольга Харытановіч (Рудзько), Валянціна Баран (Максімовіч), Ларыса Фянюк (Квяткоўская) — намеснікі дырэктараў школ вобласці. Іна Вакульчык (Ручай) штогод рыхтуе пераможцаў і прызёраў рэспубліканскай алімпіяды ўсіх узроўняў. Валянціна Казун (Верас) і Лілія Пракапюк (Марзан) — перадавыя настаўнікі, якія адкрылі ў сабе паэтычны талент. І яшчэ многа шчырых і адданых справе настаўнікаў роднай мовы і літаратуры… Міжволі думаецца: філалагічны факультэт усімі намі можа ганарыцца, бо сваю задачу ён выканаў — падрыхтаваў дастойную змену старэйшым настаўнікам-філолагам.

…Незаўважна ляцяць гады. Сёння я маю вышэйшую настаўніцкую катэгорыю — “настаўнік-метадыст”. З гэтай нагоды нядаўна атрымала запрашэнне на сустрэчу са студэнтамі 4 курса сваёй спецыяльнасці. І тэма сустрэчы вельмі лірычная — “Шлях у прафесію”. Заходзячы ў родны будынак, заўважаю змены: уваходныя дзверы сталі шырэйшымі, чарга студэнтаў стаіць да ксеракса (мы раней стаялі тут у чарзе па кнігі), дзве звычайныя вучэбныя аўдыторыі сталі рускім культурна-адукацыйным цэнтрам імя А.С.Пушкіна і навукова-асветніцкім цэнтрам У.А.Калесніка. Тут жа разам з будучымі настаўнікамі вучацца будучыя журналісты, і ім не цесна. Аднак найбольш уражвае тое, што не магу зразумець гаворкі многіх студэнтаў, якія віруюць на калідоры: брэсцкі філалагічны стаў інтэрнацыянальным. І ёсць тут тое, што, на мой погляд, праз усе гады застанецца нязменным: добразычлівыя адносіны, вялікая павага да людзей і імкненне да творчасці.

Яно так і сталася: паглядзеўшы ў вочы студэнтаў-старшакурснікаў, прачытала ў іх непадробную цікавасць і шчырую зацікаўленасць да практычнага боку настаўніцкай прафесіі: “Дайце параду, як правільна паводзіць сябе, каб нам давяралі вучні і бацькі, каб не думалі, што мы, маладыя, нявопытныя, не ўмеем нічога”, “Раскажыце, як эфектыўна арганізаваць пазакласную работу па прадмеце”, “Як пазбегнуць праблемы нечытання вучнямі мастацкіх тэкстаў” і ціхая, шчырая тайна: “Так страшна ісці на практыку ў школу…” Упэўнена: у гэтых людзей усё атрымаецца, бо няма ў іх сэрцах месца абыякавасці і раўнадушнасці да абранай справы. Вялікая роля ў выхаванні іх, маладых настаўнікаў, належыць цяперашнім выкладчыкам факультэта, якія з’яўляюцца вучнямі і калегамі педагогаў-талентаў Веры Якаўлеўны Ляшук, Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, Галіны Мікалаеўны Малажай, Аляксея Антонавіча Майсейчыка, чые імёны таксама былі згаданы на сустрэчы.

Гавораць, што прэстыж настаўніцкай прафесіі падае. Падчас гутаркі са студэнтамі я пацвердзіла сваё меркаванне пра тое, што прэстыж прафесіі — унутры самога чалавека. І калі нехта скажа, што цяперашнія студэнты і выпускнікі брэсцкага філалагічнага ніяк не параўнаюцца з былымі — Міколам Пракаповічам, Уладзімірам Гніламёдавым, Алесем Разанавым, Васілём Жуковічам і іншымі славутымі людзьмі, — я з імі паспрачаюся: здольнасцю да складання вершаў надзяляюцца не ўсе, аднак мець і развіць настаўніцкі талент не менш важна, таму што ўсе паэты ў першую чаргу вучацца ў школьных настаўнікаў.

“Я трошкі зайздрошчу вам, — сказала я маладым калегам, — таму што ваш шлях у прафесію пачынаецца ў такі цікавы час, калі магчымасці для творчасці неабмежаваныя і сродкі, каб гэтыя магчымасці развіць, таксама неабмежаваныя. Толькі не трэба спадзявацца, што шлях гэты будзе простым, тым больш што вы выбралі сваёй спецыяльнасцю прадмет вельмі цікавы, аднак у сучасным грамадстве малазапатрабаваны: на жаль, беларускую мову роднай лічыць невялікая колькасць вучняў і іх бацькоў. Але рана ці позна вучні абавязкова пойдуць насустрач, калі будуць бачыць шчырую зацікаўленасць настаўніка ў сваім прадмеце і жаданне навучыць гэтаму прадмету”.

З гордасцю магу сказаць, што шэсць маіх былых вучаніц сёння атрымліваюць прафесію настаўніка роднай мовы і літаратуры на брэсцкім філфаку. Гэты факт надае мне ўпэўненасці: пераемнікі будуць дастойныя.

Маючы вялікі вопыт працы з вучнямі, сёння гавару сама сабе, што загадак у педагагічнай прафесіі яшчэ вельмі многа, але адно я ведаю дакладна: яны, настаўнікі будучыні, пойдуць значна далей за нас. Гэта радуе і ў той жа час накладае такую адказнасць, пра якую я не задумвалася, пакуль адна вучаніца не напісала мне: “Настане дзень — і мы заменім вас. Якімі мы будзем, залежыць ад вас, бо мы ж у вас вучымся”. Гэта абавязвае нас, цяперашніх настаўнікаў, быць валадарамі свайго прадмета і не толькі яго, быць людзьмі з багатым унутраным светам, мець вочы, якія бачаць толькі харошае, сэрца, якое даруе горшае, памяць, якая забывае кепскае, і душу, якая ніколі не страчвае веры.

Людміла БУРВІН,
настаўнік-метадыст ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.