100 гадоў назад у такія ж лістападаўскія дні першыя навучэнцы спяшаліся ў новы будаўнічы тэхнікум. Яны ішлі па сталічнай вуліцы Падгорнай (цяпер гэта вуліца К.Маркса) да будынка былой Марыінскай гімназіі, дзе размясціўся тэхнікум. Яны марылі атрымаць прафесію і знайсці сябе ў гэтым вялікім свеце. Прайшло цэлае стагоддзе, змянілася вуліца, будынак і яшчэ многа чаго, аднак паранейшаму ва ўстанову спяшаюцца юнакі і дзяўчаты, каб спраўдзіць свае творчыя мары.
У гэтыя дні філіял БНТУ Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж адзначае 100-гадовы юбілей. Праз стагоддзе ўстанова пранесла сваё галоўнае прызначэнне — рыхтаваць спецыялістаў, чыё прызванне — будаваць і ствараць.
Сімвалічна, што свой 100-гадовы юбілей архітэктурна-будаўнічы каледж адзначае ў Год архітэктуры і будаўніцтва ў СНД.
Каледж падобны на маленькі горад у горадзе. Будынкі вучэбных карпусоў і інтэрната шчыльнай сцяной акружаюць унутраны двор, надзейна абараняючы яго ад гарадскога шуму і мінакоў. І ў гэтым горадзе свая непаўторная атмасфера. Трапляючы ў архітэктурна-будаўнічы каледж, адразу адчуваеш гэтую атмасферу творчасці і крэатыву. Паверхі вучэбнага корпуса каледжа быццам павільёны галерэі мастацтва. На другім паверсе — выстава жывапісу. На трэцім — экспазіцыя макетаў розных архітэктурных збудаванняў. На сценах паміж лесвічнымі пралётамі — барэльефы. І нават сцены гаспадарчых збудаванняў упрыгожаны творчымі работамі. Усё гэта створана рукамі навучэнцаў.
Такая творчая атмасфера — заканамернасць. Ад самага пачатку існавання ўстановы тут выхоўваюць творцаў вялікіх форм — архітэктараў. Адно з трох аддзяленняў каледжа — архітэктурна-тэхнічнае. Каледж вядзе падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Архітэктура” і “Дызайн”. І гэтыя прафесіі заўсёды запатрабаваныя. Так і ў гэтым годзе жадаючых было даволі многа: на спецыяльнасць “Архітэктура” на аснове агульнай базавай адукацыі конкурс склаў два чалавекі на месца, а на спецыяльнасць “Дызайн” — 2,7.
Па гэтых спецыяльнасцях ніколі не вучацца выпадковыя людзі. Каб паступіць на іх, трэба прайсці сур’ёзныя іспыты. Будучыя архітэктары здаюць экзамен па малюнку, а будучых дызайнераў чакаюць тры экзамены: малюнак, кампазіцыя і жывапіс. Акрамя таго, вучыцца па гэтых спецыяльнасцях можна толькі платна. Таму, зразумела, сюды прыходзяць вучыцца выключна матываваныя, захопленыя навучэнцы.
Сёння ў каледжы вучыцца каля 1500 юнакоў і дзяўчат. Педагагічны калектыў установы — гэта 120 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Дарэчы, большая частка з іх — выпускнікі ўстановы.
У вучэбных майстэрнях пануе свая атмасфера — дух упартай, карпатлівай працы. Тут прафесійныя навыкі атрымліваюць навучэнцы будаўнічага аддзялення. У каледжы рыхтуюць па спецыяльнасцях “Грамадзянскае і прамысловае будаўніцтва”, “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў”, “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў”. Для іх прафесійнага росту адкрыты майстэрні дрэваапрацоўкі, тынкавальных, каменных работ, а таксама слясарных, сталярных, зварачных, электрамантажных, плітачных і цяслярна-бетонных работ. Разам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй навучэнцы будаўнічага напрамку атрымліваюць і рабочыя прафесіі.
Будаўнікі — выпускнікі каледжа запатрабаваны ў заказчыкаў кадраў. Штогод колькасць заявак на работнікаў ад арганізацый і прадпрыемстваў значна перавышае колькасць саміх выпускнікоў. Сярод партнёраў каледжа, якія заўсёды чакаюць выпускнікоў на работу, — будтрэсты № 1, № 4, № 7 і № 35, Мінскводаканал,
927-е ўпраўленне спецыялізаваных сантэхнічных работ, МАПІД і іншыя.
Трэцяе аддзяленне — эканоміка-тэхнічнае — самае маладое. Спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” лагічна дапаўняе шэраг спецыяльнасцей, якія забяспечваюць дзейнасць будаўнічай галіны. Архітэктары праектуюць будучы аб’ект, эканамісты пралічваюць матэрыяльнае забеспячэнне, будаўнікі ўзводзяць будынак, а спецыялісты па комплексным абслугоўванні і эксплуатацыі жылых дамоў яго даглядаюць.
Навучэнцы каледжа не раз станавіліся лаўрэатамі і пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Makebuilder, Smart patent, “100 ідэй для Беларусі”, “ТэхнаЁлка”, Усерасійскага фестывалю “Гарадская прастора: погляд будучых горадабудаўнікоў”, WorldSkills Belarus, Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Рэспублікі Беларусь.
Каледж — добры старт для розных шляхоў. Тут пачынаюцца паспяховыя прафесійныя траекторыі, бо выпускнікі запатрабаваны на рынку працы.
Добрым пачаткам можа стаць каледж і для далейшай адукацыйнай сцяжыны. Паколькі ўстанова з’яўляецца філіялам БНТУ, то для навучэнцаў прадугледжаны інтэграваныя вучэбныя праграмы: можна паступіць ва ўніверсітэт без ЦТ, здаўшы толькі ўнутраныя экзамены, і прайсці скарочаны курс навучання. Сёлета кожны чацвёрты выпускнік скарыстаўся такой магчымасцю.
Установа пастаянна развіваецца і мяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Так, першым у краіне каледж пачаў рыхтаваць так званых хаус-майстроў — спецыялістаў па комплексным абслугоўванні і эксплуатацыі жылых дамоў. А зараз працуюць над тым, каб прапанаваць абітурыентам яшчэ адну новую спецыяльнасць — “Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя”.
Ужо стартавалі святочныя мерапрыемствы. Адкрыты памятны знак, прымеркаваны да 100-годдзя ўстановы. Дэкаратыўнае пано зроблена, зразумела, навучэнцамі. Яно выканана ў змешанай тэхніцы пап’е-машэ і імітацыі гальванапластыкі і ўпрыгожвае адно з фае каледжа. На працягу некалькіх месяцаў цыклавыя камісіі каледжа будуць праводзіць лакальныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да знакавай даты. А галоўнае маштабнае свята запланавана на май.
Дырэктар каледжа Надзея Дзем’яновіч падкрэслівае, што ўстанове ёсць чым ганарыцца: ёсць і слаўная гісторыя, і дасягненні сённяшняга дня. І дасягаць гэтых поспехаў можна толькі дзякуючы зладжанай камандзе.
— Каледж — гэта ў першую чаргу людзі. Іх прафесіяналізм, ініцыятыўнасць і педагагічнае майстэрства — падмурак усіх поспехаў. Менавіта яны выхоўваюць новыя пакаленні, якія не проста ўзводзяць будынкі і гарады, яны будуюць будучыню, — адзначыла дырэктар.
Рукамі выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага архітэктурнабудаўнічага каледжа ўзведзена мноства знакавых будынкаў у нашай краіне. Пералічыць іх усе немагчыма, аднак прапануем паважаным чытачам з некаторымі азнаёміцца.
1. Футбольны манеж — адзін з найбуйнейшых спартыўных аб’ектаў Мінска. Над яго стварэннем працаваў вядомы беларускі архітэктар Міхаіл Гаўхфельд. Шмат гадоў Міхаіл Львовіч працаваў галоўным архітэктарам інстытута “Мінскпраект”. Цяпер ён намеснік старшыні Беларускага саюза архітэктараў. Яму давялося працаваць таксама над рэканструкцыяй стадыёна “Дынама” да Алімпіяды-1980. Рэканструкцыя плошчы Незалежнасці з падземным комплексам “Сталіца” — таксама яго рук справа, як і праекты новага раёна Зялёны Бор, Пасольства Казахстана ў Беларусі і яшчэ мноства архітэктурных рашэнняў.
2. Факультэт міжнародных адносін БДУ сустракае кожнага, хто прыязджае ў сталіцу на чыгуначным транспарце або на аўтобусе. У яго праекціроўцы і будаўніцтве браў удзел архітэктар Анатоль Цэйтлін. Анатоль Зусевіч падчас сваёй работы па будаўніцтве і добраўпарадкаванні Мінска стварыў больш за 60 жылых і грамадскіх будынкаў. Гандлёвы цэнтр “Ракаўскі кірмаш”, гандлёва-забаўляльныя цэнтры “Тытан” і “Цівалі” — гэта толькі некаторыя з мноства аб’ектаў, у якія ён зрабіў свой уклад.
3. Лядовы палац у Бабруйску прымае шматтысячныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Дарэчы, бабруйская хакейная арэна стала яшчэ і кінапляцоўкай: тут праходзілі здымкі фільма “Легенда № 17”. У стварэнні палаца браў удзел архітэктар Марат Нікітавіч Гроднікаў. Таксама ён працаваў над Лядовым палацам у Магілёве, крытым усесезонным катком у Мінску, комплексам збудаванняў на сталічнай вуліцы Ціміразева і іншымі значнымі аб’ектамі.
Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.