Будзем гаварыць пра Купалу

Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. І сёння ж па ўжо добрай саракагадовай традыцыі прыхільнікаў творчасці песняра збярэ рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка”.

Купалаўскае слова будзе гучаць з вуснаў артыстаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, музейшчыкаў, усіх аматараў паэзіі… Купалаўскім словам прамаўляе Беларусь.

Сотні кветак усклалі ўчора ў Мінску да помніка Янку Купалу ў гонар святкавання яго 130-годдзя. Святочная цырымонія ўскладання кветак да помніка прайшла ў парку імя Янкі Купалы. У суправаджэнні роты ганаровай варты кветкі ў па мяць аб паэце ўсклалі ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Таксама кветкі да манумента ўсклалі намеснік прэм’ерміністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, міністр культуры Павел Латушка, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы Жанна Дапкюнас, народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў.

Фота Генадзя СЯМЁНАВА,
БелТА.

Інтэрв’ю  з  дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Аленай Ляшковіч чытайце тут  >>>

Здаецца, нічога асаблівага не было ў тым абсалютна натуральным у перадюбілейныя дні пытанні “Будзем гаварыць пра Купалу?”. Але чамусьці яно неяк засела ў памяць. Будзем гаварыць пра Купалу? Ну, вядома ж, будзем, вядома ж, пра яго! А пра каго яшчэ гава­рыць сёння?!

Але як гаварыць пра Купалу? Як гаварыць пра яго, напрыклад, пасля Уладзіміра Караткевіча, які ўжо сказаў аднойчы: “Мы маем шмат каго, і ўсё адно Купала застаецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам…”?

Або пасля Міхася Стральцова, які пісаў: “Купала — гэта нястрымны паток, які шукае сабе рэчышча і знаходзіць яго там, дзе дагэтуль не было ніводнага жыватворнага струменя. Гэта аратай, які ня­стомна арэ, час ад часу паднімаючы голаў, каб выцерці на твары пот і паглядзець на неба. Гэта чалавек, які толькі што навучыўся спяваць і, уражаны сваёй песняй і ўзрадаваны ёю, выцінае і выцінае ўсё новыя рулады — і маладосцю, сілаю, непасрэднасцю вее ад ягонай песні, што хавае ў сабе ўсе адценні пачуцця. Гэта, урэшце, чорнарабочы паэзіі, якому да ўсяго трэба дайсці самому, і калі ў яго не ўсё часам ладзіцца, дык за яго ніхто пакуль гэтага не паправіць — усё трэба рабіць самому. Ён нястомны працаўнік: нават на агляд зробленага яму нестае часу. Працаваць, працаваць, працаваць. Можа, іншыя пасля зробяць лепш за яго, але сваё ён павінен зрабіць як найболей і як найлепш…”.

І ўсё ж, будзем гаварыць пра Купалу! Як можам ці як умеем. Як ведаем ці як адчуваем. І не толькі гава­рыць пра яго, але і слухаць яго самога, чытаць яго, вучыцца разумець яго, глядзець яму ў вочы і гаварыць разам з ім, толькі не маўчаць…

Будзем гаварыць пра Купалу.

Сёння ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” пройдзе рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”.

Быць у гушчы падзей

Як даехаць да Вязынкі са сталіцы, здаецца, мала для каго сакрэт: сядаеш на электрычку на Маладзечна і едзеш прыблізна гадзіну. Наступны прыпынак пасля Радашковіч — Вязынка.

Свята пачнецца а 12-й гадзіне з ускладан­ня кветак да помніка Янку Купалу і ўрачыстай цырымоніі адкрыцця.

З 13 да 16 гадзін на асноўнай пляцоўцы пройдзе канцэртная праграма “Малюся я небу, зямлі і прастору…” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, артыстаў Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, салістаў Дзмітрыя Качароўскага, Андрэя Усанава і Андрэя Скарынкіна, фольк-медыя-гурта “Неруш” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, фальклорнага ансамбля “Грамніцы” і фальклорнага калектыву “Талака” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”.

А 14-й гадзіне на пляцоўцы каля свірна пачнецца літаратурна-музычная праграма “Адгукніся, душа!..”. У яе рамках адбудуцца грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, выступленні фіналістаў конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі” і аматарскіх фальклорных калектываў горада Мін­ска і Маладзечанскага раёна. Тут жа можна будзе наведаць майстар-класы па ткацтве, вышыўцы, бісерапляценні, кавальстве, вырабе рэчаў з воўны і лялек-абярэгаў на кірмашы майстроў народных рамёстваў, выставу дзіцячага малюнка “Дзеці Дона ма­лююць Беларусь” і выставу мадэлей самалётаў удзельнікаў конкурсу творчых работ “Мара” (паводле верша Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”).

Што абавязкова трэба ўбачыць?

Дзіўнае пытанне. Вядома ж, экспазіцыю Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”.

Супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы сціпла называюць пераўтварэнні ў “хаце над ракой” мадэрнізацыяй дакументальна-мастацкай экспазіцыі, але тыя, хто бываў тут і раней, адразу заўважаць свежы бляск і відавочную сучаснасць мастацкага афармлення (мастак Генадзь Чысты). Асабліва ўражвае сцяна, прысвечаная Купаллю — аранжавае полымя да столі і… купалаўскія рукапісы, лесвічкай укла­дзеныя паверх полымя… Рукапісы не гараць!

Нарэшце, адарваўшы вочы ад купальскага агню, вяртаешся да гістарычнай рэальнасці. Мадэрнізаваная (але так і хочацца сказаць проста: новая!) экспазіцыя паслядоўна і пераканаўча расказвае пра гісторыю сям’і Луцэвічаў, пра гісторыю самога фальварка Вязынка (насамрэч маёнтак называўся Вязынь, а рэчка — Вязынка, і толькі ў 1972 годзе пры стварэнні запаведніка ўсе тры найбліжэйшыя вёскі былі аб’яднаны ў адну Вязынку), пра гісторыю гаспадароў фальварка Вязынка Замбжыцкіх, пра народна-традыцыйныя і кніжна-шляхецкія (унікальны сімбіёз!) вытокі Купалавай творчасці, пра першыя крокі Яся Луцэвіча ў літаратуры і пра пераўтварэнне Яся спачатку ў Янука, а потым і ў Янку Купалу… На старых фотаздымках — маці Янкі Купалы Бянігна Іванаўна, баць­ка Дамінік Ануфрыевіч, касцёл у Радашковічах, дзе хрысцілі маленькага Яся, тагачасныя краявіды, на якіх адлюстравана менавіта тая Вязынка, якую бачылі вочы будучага першага народнага паэта Беларусі…

Марыля Барткова, аўтар навуковай канцэпцыі экспазіцыі, вядучы навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы, спа­дзяецца, што цяпер экскурсія ў Вязынку створыць праўдзівае ўяўленне ў свядомасці сённяшніх школьнікаў пра тое, у якой сям’і нарадзіўся, а таксама як, у якім культурна-сацыяльным асяроддзі гадаваўся Янка Купала. Некаторыя акцэнты ў мадэрнізаванай экспазіцыі скіраваны на тое, каб не даць узні­кнуць пэўным стэрэатыпам, на якія “хварэлі” савецкія школьнікі. Напрыклад, вялікая ўвага, нададзеная ў экспазіцыі сям’і Замбжыцкіх, гаспадароў Вязынкі, дазволіць дзецям назаўсёды ўсвядоміць адну няхай прыкрую, але рэальную рэч: у бацькоў Янкі Купалы не было ўласнага дома, дом у Вязынцы (нават не цэлы дом, а яго частку) яны арандавалі ў пана Замбжыцкага. І такіх дамоў Ясь Луцэвіч памяняў са сваімі бацькамі ў дзяцінстве і юнацтве нямала. Проста Вязынка, дзе было наканавана нарадзіцца будучаму паэту, уяўляла сабой вельмі характэрны беларускі маёнтак канца ХІХ стагоддзя.

Ну, і вядома ж, не забудзьце зазірнуць у свіран. Тут дзейнічае цудоўная выстава “Каляндарнае кола народных свят, апетых у творчасці Янкі Купалы” — серыя шыкоўных габеленаў-прысвячэнняў народных майстроў народнаму паэту… Выстава значна абноўлена!

Кніжны кірмаш

На рэспубліканскім свяце паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” будзе працаваць кніжны кірмаш — мноства кніжак айчынных выдавецтваў пераважна літаратуразнаўчай, гістарычнай і краязнаўчай тэматыкі, у тым ліку тыя, што ўбачылі свет зусім нядаўна, акурат да юбілею народнага песняра. На дзве вось такія слаўныя навінкі хацелася б тут звяр­нуць увагу чытача.

Гэта кніга Вячасалава Рагойшы “Мой Трыглаў: Кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча” і кніга Рыгора Семашкевіча “Янка Купала і беларускае адраджэнне”. Тыя, хто зараз чытае гэтыя радкі, напэўна, добра ведаюць, хто аўтары гэтых выданняў. Зрэшты, нагадаю. Вячаслаў Рагойша — доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Гэта калі афіцыйна. А не­афіцыйна — галоўны купалазнаўца ў сучаснай Беларусі. Рыгор Семашкевіч — таленавіты паэт і ўдумлівы даследчык літаратуры, які вельмі рана, у няпоўных 37 гадоў, трагічна сышоў з жыцця ў 1982 годзе, але паспеў пакінуць пасля сябе адметную паэтычную і літаратуразнаўчую спадчыну. Яго кніжка, куды ўвайшло ўсё лепшае з навуковых здабыткаў, убачыла свет дзякуючы намаганням маладзечанскага рупліўца на ніве беларушчыны Міхася Казлоўскага.

Назвы гэтых кніжак гавораць самі за сябе. А зараз давайце крыху пачытаем. Ну хоць бы вось гэта, з кнігі Рыгора Семашкевіча:

“Але важней за ўсю канкрэт­насць тое, што завецца народнай памяццю. Яна — у песні. Усе значныя справы канчаюцца песнямі. Вясёлымі ці сумнымі, бадзёрымі ці задуменнымі — гэта ад справы. Ці думаў Купала, пасылаючы ў 1911 годзе вершаванае прывітанне “Нашай ніве”, што яно стане песняй? Народнай песняй. Яе спявалі студэнты на сходах, спявалі заходнебеларускія падпольшчыкі і мала ці дзе:

Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.

Але жыццё песні — ужо іншая тэма”.

Гэта, дарэчы, таксама і да нашага першапачатковага пытання: “Будзем гаварыць пра Купалу?”.

Будзем.

Мікола ЧЭМЕР.
[email protected]
Фота аўтара.