Бяспека і эканамічнае вымярэнне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане зрабіў акцэнт на пытаннях бяспекі і неабходнасці ўзмацнення эканамічнага вымярэння ў дзейнасці ШАС.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што невялікі прамежак часу, які мінуў з моманту далучэння Беларусі ў якасці наглядальніка да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, поўнасцю ўмацаваў беларускі бок у правільнасці зробленага выбару. “Я, зразумела, тут выступаю як уважлівы наглядальнік за тымі працэсамі, якія адбываюцца сёння ў ШАС”, — сказаў ён.

Згуртаванасць і адзінства

Паводле слоў прэзідэнта, ШАС імкліва і паступальна ператвараецца ў адну з самых уплывовых міжнародных структур. “Ва ўмовах рэгіянальных канфліктаў, што ўзмацняюцца, асаблівую каштоўнасць набывае працэс збліжэння краін, якія прадстаўляюць больш за палову насельніцтва планеты”, — заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на нядаўнюю перасцярогу Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб нейкім гіпатэтычным сутыкненні ЗША і Расіі. Адказваючы на пытанне журналіста, расійскі лідар, у прыватнасці, сказаў, што ніхто ў выніку такога сутыкнення не зможа гэтага перажыць. “Вельмі правільна і вельмі злабадзённа. Асаблівасць сёння ШАС у тым, што пры жаданні ўсіх членаў арганізацыі ніхто нідзе і ніколі не зможа дэстабілізаваць абстаноўку ў свеце. У гэтым велізарны патэнцыял ШАС, і гэта трэба бачыць. Гэта найвялікшая каштоўнасць, якая сёння створана”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Згуртаванасць і адзінства — той ключавы фактар процістаяння сучасным выклікам і пагрозам, уключаючы тэрарызм, экстрэмізм, арганізаваную злачыннасць”, — упэўнены беларускі лідар.

Паводле яго слоў, сведчаннем умацавання аўтарытэту ШАС, у тым ліку яго эканамічнага вымярэння, з’яўляецца павелічэнне колькасці краін, якія падтрымліваюць шанхайскі дух раўнапраўнага ўзаемавыгаднага і мірнага суіснавання народаў. “Дзве наймагутнейшыя дзяржавы — Індыя і Пакістан — становяцца яе паўнапраўнымі членамі. Гэта не проста найважнейшы вынік саміту, а мужны і адказны крок нашай арганізацыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не будзем утойваць, ёсць пэўныя праблемы ў адносінах паміж гэтымі цудоўнымі магутнейшымі дзяржавамі. І тое, што вы іх сёння прынялі ў склад ШАС, сведчыць аб тым, што вы проста адказныя людзі. Такім чынам вы ўзялі на сябе вырашэнне і гэтых праблем. Упэўнены, што, з’яўляючыся членамі ШАС, і Індыя, і Пакістан не проста наблізяцца да вырашэння нейкіх невялікіх праблем, а яны іх вырашаць”.

Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з гэтай падзеяй Прэм’ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі і Прэм’ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа.

Усеагульная і непадзельная бяспека

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь, знаходзячыся на “заходнім рубяжы” ШАС, як донар рэгіянальнай стабільнасці гатова на справе ўносіць свой канкрэтны ўклад у дасягненне мэт арганізацыі, зыходзячы з неабходнасці ўсеагульнай і непадзельнай бяспекі.

“Лічу, што ў спалучэнні з намаганнямі “шанхайскай сям’і” захоўвае сваю актуальнасць беларуская ініцыятыва аб наладжванні новага маштабнага дыялогу паміж Усходам і Захадам, аналагічнага Хельсінскаму працэсу. Шанхайскую арганізацыю сёння немагчыма праігнараваць ні па адным з пытанняў парадку дня сусветнага развіцця. Маючы негатыўны вопыт раздзялення і войнаў, наша краіна адначасова служыць пазітыўным прыкладам мірнага суіснавання культур і рэлігій”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Умацаванне эканамічнага вымярэння

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што ўсё большая сацыяльная нестабільнасць у асобных краінах і рэгіёнах цесна звязана з узроўнем іх развіцця. “Прычына нестабільнасці менавіта ў гэтым. Скажу адкрыта: сёння Еўропа церпіць ад наплыву бежанцаў, дык вось калі б Еўропа не адгароджвалася і не дэстабілізавала гэты рэгіён, а дапамагла, то сёння не мела б гэтай праблемы. Заява Сі Цзіньпіна аб тым, што Кітай будзе садзейнічаць развіццю дзяржаў не толькі ШАС, але і па перыметры арганізацыі, якраз вельмі важная з пункту гледжання вырашэння гэтай страшнай праблемы нелегальнай міграцыі, якая вядзе да глабальнага тэрарызму. Упэўнены, што ўмацаванне эканамічнага вымярэння ШАС будзе садзейнічаць вырашэнню гэтага няпростага пытання”, — сказаў прэзідэнт.

Ён прапанаваў падумаць над распрацоўкай канкрэтных праектаў (эканамічных, інвестыцыйных, лагістычных, гуманітарных), у тым ліку з актыўным прыцягненнем дзяржаў-наглядальнікаў.

“Мы падтрымліваем ініцыятыву аб неабходнасці забеспячэння харчовай бяспекі на кантыненце. Праблема нарастае. З’яўляючыся буйным вытворцам харчовай прадукцыі, Беларусь паслядоўна выступае за зняцце штучных бар’ераў у гэтай сферы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным той факт, што саміт у Астане па часе фактычна супадае з пачаткам работы міжнароднай спецыялізаванай выставы “ЭКСПА-2017”, якая прысвечана энергіі будучыні. “Гэты сусветны агляд дасягненняў дасць магчымасць пашырыць эканамічную кааперацыю членаў ШАС і іх партнёраў”, — упэўнены ён.

Беларусь — сувязнае звяно паміж Еўропай і Азіяй

Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі надаюць вялікае значэнне вырашэнню задач па ўстараненні перашкод на шляху руху тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы ў Еўразіі. “Вырашыўшы гэтую праблему, мы зробім так, што свет наогул перастане аб ёй гаварыць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Сённяшняя сустрэча, па сутнасці, з’яўляецца прадаўжэннем таго лёсавызначальнага дыялогу, які мы вялі ў Пекіне ў рамках міжнароднага форуму “Адзін пояс і адзін шлях”. Гэта адзін з глабальных прыкладаў, у такім напрамку павінна развівацца наша арганізацыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Бясспрэчна, гэта наймагутнейшы стымул для развіцця не толькі ШАС, але і Еўразіі, усяго свету. Форум прадэманстраваў зацікаўленасць большасці краін свету ў рэалізацыі такога беспрэцэдэнтнага па маштабе праекта”.

“Мы гатовы ўзмацняць ролю Беларусі як сувязнага звяна паміж Еўропай і Азіяй і прапануем партнёрам больш актыўна выкарыстоўваць гэты патэнцыял”, — адзначыў беларускі лідар.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *