Бяспека ў 3D

- 11:21Выхаванне

Першая ў краіне пляцоўка бяспекі фармату 3D адкрыта ў сярэдняй школе № 126, што ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Цяпер правілы дарожнага руху школьнікі могуць вывучаць гуляючы: на перапынках, перад пачаткам заняткаў і пасля іх заканчэння. Усё проста, зразумела, даступна і весела.

Перш за ўсё пляцоўка бяспекі разлічана на малодшых школьнікаў. Дзякуючы ўвасабленню крэатыўнай ідэі, на сценах школьных калідораў ажылі пешаходы, паехалі аўтамабілі, з’явіліся дрэвы, на падлозе размясцілася ўсім вядомая “зебра”. І гэта не проста прыгожыя карцінкі — гэта карысная для кожнага навучэнца інфармацыя. 3D-выявы мадэлююць рэальны маршрут да школы, таму нядзіўна, што хлопчыкі і дзяўчынкі лёгка пазнаюць прывычныя пешаходныя пераходы, прыпынак, іншыя асаблівасці дарогі да сваёй навучальнай установы.

Акрамя таго, дзякуючы 3D-пляцоўцы, якая размясцілася на першым паверсе школы, юныя ўдзельнікі дарожнага руху вучацца разбірацца ва ўмоўных сігналах дзяржаўтаінспектара, сігналах святлафора.

Адкрыццё пляцоўкі было арганізавана ў выглядзе тэатральнай пастаноўкі з галоўным героем — катом Матроскіным, якога дзеці перавыхоўвалі і вучылі бяспечным паводзінам на вуліцы. Заадно і самі падвучыліся, узгадалі правілы дарожнага руху.

Плануецца, што 3D-пляцоўка будзе выкарыстоўвацца для заняткаў і інтэрактыўных гульняў, якія вучаць дзяцей бяспечным паводзінам, спрыяюць прывіццю неабходных навыкаў, развіваюць у малых уменне самастойна арыентавацца ў няпростай дарожнай сітуацыі.

Марына ХІДДЖАЗ.