Бяспецы навучыць… мастацкая літаратура

- 13:52Адукацыйная прастора

Ніхто не застрахаваны ад экалагічных катаклізмаў, стыхійных бедстваў, злачыннасці… Асаблівую трывогу мы адчуваем за самых безабаронных — маленькіх дзяцей. З першых гадоў жыцця іх дапытлівасць часам становіцца небяспечнай для іх саміх. Несфарміраванасць у дашкольнікаў усвядомленых паводзін у небяспечных сітуацыях, няўменне засцерагчы сябе ад пэўных пагроз — важны і актуальны напрамак педагагічнай дзейнасці.    

Фарміраваць у даступнай форме ўяўленні аб правілах паводзін у побыце, соцыуме, прыродзе і надзвычайных сітуацыях, вучыць правільна ацэньваць і прадухіляць іх дапамагаюць розныя метадычныя прыёмы і формы работы. Вялікую ролю ў фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей адыгрывае мастацкая літаратура. Мастацкае слова прымушае задумацца над праблемнай сітуацыяй, эмацыянальна адчуць яе, ацаніць учынкі герояў. Пры вывучэнні літаратурных твораў і малых фальклорных жанраў дзеці сутыкаюцца з рознымі з’явамі і сітуацыямі, з якімі пакуль не сустракаліся ў жыцці, набываюць веды пра небяспечныя і правільныя паводзіны, вучацца прымяняць гэтыя веды на практыцы.

Для работы адбіраю літаратурныя творы розных жанраў: казкі, апавяданні, песенькі, пацешкі, вершы, прыказкі, загадкі… Асаблівае месца займаюць казкі, дзе можна знайсці шмат карысных парад. Так, “Коцік, пеўнік і лісіца” вучыць, што ў бядзе трэба моцна кры­чаць і падымаць гвалт, “Зайкава хатка” і “Воўк і сямёра казлянят” — не быць даверлівымі і не адчыняць дзверы незнаёмцам, “Гусі-лебе­дзі” — не саромецца пры неабходнасці прасіць дапамогі, “Сястрыца Аленка і брацік Іванка” паказвае, што выйсце ёсць з любой сітуацыі, калі добра падумаць.

Цікавымі з’яўляюцца аўтарскія творы Т.Шарыгінай “Асцярожныя казкі”, з дапамогай якіх дзеці вучацца правільным паводзінам дома, на вуліцы, у вадзе і лесе, пры сустрэчы з жывёламі (“Разумны напарстак”, “Залатая рыбка”, “Асколак шкла”, “Парады лясной мышкі” і інш.).

Па-за заняткамі з задавальненнем чытаю малышам невялікія па аб’ёме і простыя па змесце творы М.Носава “На горцы” і “Забаўнікі”, Я.Пермяка “Паспешлівы ножык”, В.Біянкі “Купанне медзведзянят”… У героях гэтых апавяданняў дзеці знаходзяць сваіх сяброў, аналізуюць іх паводзіны. Так, выхаванцы далі хлопчыку Кольку, які прыйшоў катацца з горкі на каньках, шэраг карысных парад: “Не катайся з горкі на каньках!”, “Не залазь на горку па коўзкім баку!”, “Нельга катацца з горкі паблізу дарогі!”, “З’язджайце з горкі па чарзе, а не ўсёй гурбой!”.

У якасці дадатковага матэрыялу выкарыстоўваю вершы, песенькі, пацешкі, загадкі і прыказкі, якія раскрываюць пэўныя праблемы ў адпаведнасці з педагагічнымі задачамі. Так, вялікі эмацыянальны водгук у дзяцей выклікае гульня з лэпбукам “Юны ратавальнік”, дзе размешчаны рубрыкі “Правілы бяспекі ў вершах”, “Загадкі”, “Прыказкі і прымаўкі”, “Складзі малюнак”.

Вершы Якуба Коласа “На рэчцы зімой”, С.Шушкевіча “Пайшоў коўзацца каток” і Л.Кампаніец “Лядзяш” вучаць правілам бяспечных паводзін зімой, а вершы С.Чорнага “Калі нікога няма дома” і Э.Машкоўскай “Не буду баяцца” дапамагаюць навучыцца бяспечным паводзінам дома.

Прыказкі добра перада­юць вопыт пакаленняў: “У руках запалка была, ды хата сплыла”, “Не глядзі, каб скора, а глядзі, каб доб­ра”, “Вадой пажар ту­шаць, а розумам — папярэджваюць” і інш.

Разабрацца ў розных жыццёвых сітуацыях і зразумець, да чаго можа прывесці парушэнне правіл і норм, дапамага­юць казачныя героі, прыдуманыя дзецьмі: Святлафор Святлафоравіч са Светлагорска, Агнік і Тушык, царэўна Бяспека з горада Здароўя. Больш за тое, малышы з задавальненнем складаюць казачныя гісторыі, дзе з’яўляюцца галоўнымі персанажамі: “Падарожжа ў Святлафорск”, “Чаму пасварыліся Агнік і Тушык”. У творах дзеці паказваюць веданне правіл дарожнага руху і пажарнай бяспекі.

Да работы актыўна далучаю бацькоў. Так, на групавых бацькоўскіх сходах мамы і таты дзеляцца сямейным вопытам па вырашэнні небяспечных сітуацый, даюць адно аднаму практычныя парады і рэкамендацыі. На кансультацыях бацькі знаёмяцца з папкамі-перасоўкамі, дзе прадстаўлены практычны матэрыял: вершы, спіс рэкамендаванай літаратуры.

З дапамогай мам і татаў вырабляюцца многія атрыбуты: дарожныя знакі, касцюмы, плоскасныя фігуры. Дзякуючы сумеснай рабоце, павысіліся адказныя паво­дзіны і бацькоў, якія не толькі со­чаць за тым, каб іх дзеці выконвалі правілы бяспекі, але і самі іх выконваюць.

Можна шмат разоў гаварыць дзецям: “Нельга сунуць пальцы ў разетку!”, “Не высоўвайся ў адчыненае акно!”, “Не бяры ў рукі запалкі!”, а можна адзін раз прачытаць кнігу, абмеркаваць разам з малышамі розныя сітуацыі, звязаныя з небяспекай для жыцця. Разам з героямі любімых твораў дзеці будуць ведаць, дзе хаваецца небяспека, вывучаць правілы бяспечных паводзін і даведаюцца пра наступствы іх парушэння, засвояць, як паводзіць сябе ў пэўнай сітуацыі.

Марына ГАТОЎЧЫЦ,
выхавальніца ясляў-сада № 43 Баранавіч.