Днямі ў атэлі “Пекін” у Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве ў галіне арганізацыі вучэбнага праекта “Насенне будучыні” паміж Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі і кампаніяй “Бел Хуавэй Технолоджис”. У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.М.Калінін, першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Д.Г.Шадко, старшыня таварыства дружбы Беларусь — Кітай А.А.Тозік, дырэктар кампаніі “Бел Хуавэй Технолоджис” Пань Юн, рэктары і студэнты БДУ, БДУІР, БДАС.
У сваім прывітальным слове Анатоль Мікалаевіч Калінін адзначыў, што вельмі прыемна прысутнічаць на такім знакавым мерапрыемстве, як падпісанне мемарандума. Гэта яшчэ раз пацвярджае, наколькі цесна супрацоўнічаюць нашы краіны, у тым ліку ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Кампанія “Хуавэй” пастаўляе на беларускі рынак сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, праграмны прадукт, адкрывае ў нашых навучальных установах і на прадпрыемствах, якія працуюць у сферы ІКТ, вучэбныя і навукова-практычныя лабараторыі, дзе вядзецца распрацоўка шматлікіх сумесных праектаў. Такое супрацоўніцтва сведчыць аб глыбокай інтэграцыі нашых краін у галіне ІТ, якія разам будуюць адзіную інфармацыйную прастору.
А.М.Калінін падкрэсліў, што адным з самых прыемных момантаў такога супрацоўніцтва з’яўляецца прадастаўленне студэнцкай моладзі Беларусі магчымасці ўдасканальваць свае веды на вучэбнай базе кітайскіх кампаній. Кампанія “Хуавэй” займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў для сферы ІКТ і ўжо не першы раз запрашае студэнтаў беларускіх УВА прайсці навучанне ў сваім вучэбным цэнтры.
Віцэ-прэм’ер расказаў, што калі наведваў Кітай і непасрэдна ІТ-кампаніі гэтай краіны, у тым ліку “Хуавэй”, то сустракаў у вучэбных цэнтрах сваіх суайчыннікаў — студэнтаў беларускіх універсітэтаў, якія праходзяць там навучанне.
— Падпісанне дамоўленасці аб супрацоўніцтве дасць магчымасць яшчэ ў большай меры развіваць нашы сувязі, адкрые гарызонты нашай моладзі ў далейшым навучанні і паўплывае на развіццё не толькі ІКТ у нашай краіне, але і ўвогуле эканомікі, — адзначыў А.М.Калінін.
Пань Юн падтрымаў настрой прадстаўніка беларускага ўрада і выказаў пажаданне не зніжаць тэмп у сумесным супрацоўніцтве.
Кіраўнік кампаніі “Хуавэй” прызнаў высокі ўзровень ІКТ у Беларусі і лічыць нашу краіну раўнапраўным, дастойным і надзейным партнёрам у іх развіцці.
— Мы імкнёмся спрыяць развіццю ў Беларусі сферы распрацоўкі новых праектаў ІКТ, — заявіў Пань Юн. — Сваю місію мы бачым у тым, каб усяму свету паказаць самыя лепшыя беларускія распрацоўкі і тым самым пацвердзіць, наколькі высокі ўзровень беларускіх калег у сферы ІКТ. Каб узрасціць маладыя таленты ў Беларусі, мы разгарнулі супрацоўніцтва з беларускімі ўніверсітэтамі па падрыхтоўцы студэнтаў у сферы ІКТ і не шкадуем пра гэта. Тым самым мы знаходзім новыя кропкі судакранання ў нашых адносінах.
А.А.Тозік пажадаў беларускім студэнтам выкарыстоўваць усе магчымасці кампаніі “Хуавэй” у павышэнні свайго прафесійнага ўзроўню ў сферы інфармацыйных тэхналогій на карысць Беларусі.
— Нашай моладзі выпаў вялікі гонар павысіць свой прафесійны ўзровень у такой вядомай кампаніі, як “Хуавэй”, — сказаў Анатоль Афанасьевіч. — Гэтая кампанія адна з першых прыйшла на рынак Беларусі і працуе на ім ужо каля 15 гадоў. Увесь гэты час супрацоўніцтва развіваецца. Таму падпісанне мемарандума — гэта яшчэ адна прыступка да тых узаемаадносін, якія будуць для краін такімі ж карыснымі.
— Нашы краіны працуюць у сферы ІКТ вельмі цесна і прадукцыйна, — зазначыў Д.Г.Шадко. — Стасункі трымаюцца на ўзаемным даверы і вельмі надзейныя, таму ў нашым супрацоўніцтве ёсць перспектыва і вялікая лічбавая будучыня.
Як адзначыў Д.Г.Шадко, сёння ІКТ — адзін з залогаў развіцця нашай краіны, грамадства, эканомікі. Дзякуючы гэтай сферы, кардынальна мяняюцца ўсе сферы жыцця і дзейнасці чалавека. Сёння ў гэтым кірунку працуюць прадпрыемствы, арганізацыі, Парк высокіх тэхналогій, задзейнічаны тысячы спецыялістаў, якія сваімі ведамі, працай уносяць вялікі ўклад у развіццё Беларусі.
— Мы ідзём поруч з нашымі саюзнікамі і партнёрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі, — адзначыў Д.Г.Шадко. — Дзякуючы кампаніі “Хуавэй”, мы можам накіроўваць лепшых студэнтаў беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі, каб далучыць іх да найноўшых распрацовак кітайскіх сяброў у сферы інфармацыйных тэхналогій і паспрыяць удзелу ў айчынных распрацоўках.
— Перад вамі стаяць амбіцыйныя задачы, звязаныя з развіццём нашай краіны, асабліва ў галіне ІКТ, — звярнуўся да студэнцкай моладзі В.А.Богуш. — Гэтая галіна дэманструе сёння самы імклівы рытм, які можа быць па сілах у першую чаргу маладым талентам. З карысцю, з творчымі памкненнямі выкарыстоўвайце магчымасць паглыбіць свае веды на ніве інфармацыйных тэхналогій для далейшага развіцця нашай краіны.
Сустрэча закончылася трохбаковым падпісаннем мемарандума аб супрацоўніцтве. Студэнты беларускіх УВА атрымалі сертыфікаты аб навучанні ў “Хуавэй”.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.