Новы праект “Настаўніцкай газеты” “Адукацыя: погляд праз эпохі” прысвечаны асобам, якія доўгі час працавалі ў сістэме адукацыі рэгіёнаў і сёння дзеляцца сваім вопытам. Першы суразмоўнік праекта — былы загадчык аддзела народнай адукацыі Нясвіжскага райвыканкама Іван Сцяпанавіч Дараховіч.
Прасіць параду не сорамна
— Іван Сцяпанавіч, вы кіравалі сістэмай адукацыі 16 гадоў. За гэты час Нясвіжскі раён стаў лідарам у многіх адукацыйных кірунках. Дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць такіх высокіх вынікаў?
— Нясвіжскі раён быў лідарам па многіх паказчыках у сістэме адукацыі вобласці. У прыватнасці, мы былі адны з першых не толькі ў вобласці, але і ў краіне, дзе ў 1991 годзе адкрылася беларускамоўная гімназія на базе сярэдняй школы № 2 Нясвіжа.
Дзякуючы чаму ўдалося гэтага дасягнуць? Дзякуючы людзям, якія працавалі побач. Як кіраўнік бачыў, што ў раёне выдатныя педагагічныя кадры, усе настаўнікі адукаваныя і падрыхтаваныя. У той час у нас было 85% педагогаў з вышэйшай адукацыяй, таму я не сумняваўся, што ўсё атрымаецца.
Адкрываць гімназію да нас прыязджалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, і гэта было вельмі ганарова.
У сярэдняй школе № 4 Нясвіжа пры падтрымцы кіраўніцтва Ваеннай акадэміі і камандавання вайсковай часці, якая размяшчалася ў нашым горадзе, быў адкрыты першы ў краіне ваенна-патрыятычны клас, выпускнікі якога на працягу многіх гадоў паступалі ў Ваенную акадэмію. Ліцэйскім класам сярэдняй школы № 1 Нясвіжа аказваў дапамогу ў навучанні школьнікаў мінскі тэхналагічны інстытут, а сярэдняя школа № 2 Гарадзеі і Нясвіжская беларуская гімназія супрацоўнічалі з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. У Сноўскай сярэдняй школе было наладжана супрацоўніцтва з Віцебскай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. Асабліва цеснае ўзаемадзеянне было паміж ліцэйскімі класамі сярэдняй школы № 3 Нясвіжа, сярэдняй школы № 1 Гарадзеі і Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам.
— Да каго асабіста вы прыходзілі па прафесійную параду, калі сумняваліся ў правільнасці прынятых рашэнняў? Хто быў вашым настаўнікам-дарадчыкам?
— Першыя два-тры гады работы на пасадзе кіраўніка не саромеўся перапытаць у вопытных калег і сем разоў, калі нешта было незразумела. І ўжо ў тым выпадку, калі бачыў, што ўсё разумею правільна, мяне было цяжка пераканаць, чаму не трэба рабіць таго, што я вырашыў.
Калі я толькі прыйшоў працаваць на пасаду кіраўніка, меў багаты вопыт работы не толькі ў школе настаўнікам, але і ў райкаме партыі. Звяртаўся па параду да вопытных дырэктараў школ горада і раёна, да калег з абласнога аддзела народнай адукацыі. Да іх парад заўсёды ставіўся паважліва, аднак канчатковае рашэнне прымаў сам.
Калі раён пачаў займаць лідзіруючыя пазіцыі ў сістэме адукацыі, па параду прыходзілі ўжо да мяне. Я заўсёды нагадваў калегам, што прасіць параду — гэта не сорамна. Сорамна, калі здзейсніш памылку, якую пасля цяжка выправіць.
Вызначыць лепшых
— Вы прайшлі шлях ад настаўніка нямецкай мовы да кіраўніка сістэмы адукацыі раёна. Як мяняўся ваш светапогляд? Хто ўплываў на яго?
— Мой светапогляд фарміравалі камсамольскае юнацтва і партыйная сталасць. Часта гавару, што работа ў райкаме партыі інструктарам і загадчыкам аддзела прапаганды навучылі мяне размаўляць з рознымі людзьмі.
Іван Сцяпанавіч Дараховіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1943 года. Свой прафесійны шлях пачаў настаўнікам нямецкай мовы ў Лашанскай сярэдняй школе Уздзенскага раёна. Працаваў намеснікам дырэктара Аляхновіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. З 1 ліпеня 1988 года быў прызначаны загадчыкам аддзела народнай адукацыі Нясвіжскага райвыканкама, дзе прапрацаваў да 1 ліпеня 2004 года.
Сёння Іван Сцяпанавіч Дараховіч — член абласнога Савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху.
Каб дасягнуць пэўных вынікаў у прафесійнай дзейнасці, любому чалавеку патрэбна падтрымка не толькі калег, але і сям’і. У мяне моцная, дружная, надзейная сям’я — жонка, сын, два ўнукі. Жонка Ефрасіння Васільеўна — настаўніца хіміі вышэйшай катэгорыі. Некаторы час яна працавала ў метадычным кабінеце раённага аддзела народнай адукацыі, затым на працягу 25 гадоў, да выхаду на пенсію, выкладала хімію ў сярэдняй школе № 1 Нясвіжа. Ефрасіння Васільеўна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. Сын Сяргей скончыў з залатым медалём Нясвіжскую беларускую гімназію і з адзнакай факультэт міжнародных адносін БДУ.
— У 2003 годзе ў Нясвіжы пачаў працаваць раённы ліцэй пры БНТУ для сельскіх дзяцей. Чаму рабілі стаўку менавіта на навучэнцаў з вёскі?
— Адкрываючы ліцэй, мы рабілі стаўку пераважна на сельскіх дзяцей па той прычыне, што ў горадзе ўжо былі ліцэйскія і гімназічныя класы, працавала гімназія. Відавочна, каб адкрыць ліцэйскі клас, у школе павінны быць паралельныя класы. Гэта было магчыма зрабіць толькі ва ўстановах адукацыі горада, дзе шмат навучэнцаў. У сельскіх школах, дзе адна паралель старшакласнікаў, ліцэйскага класа не зробіш. Тым не менш таленавітыя дзеці ёсць і ў вёсках. І для іх таксама хацелася стварыць дастойныя ўмовы для навучання.
Нясвіжскі раённы ліцэй адкрывалі сумесна з райвыканкамам і тагачасным рэктарам БНТУ Барысам Міхайлавічам Хрусталёвым у будынку сярэдняй школы № 3 Нясвіжа. Паралельна з адкрыццём установы пачалі ўзводзіць асобны будынак для ліцэя з інтэрнатам для навучэнцаў на 55 месцаў. У 2005 годзе будаўніцтва было завершана. Дзеці, якія прыязджалі вучыцца ў ліцэй, жылі ў добрых умовах, бацькам можна было не хвалявацца за іх. Кожныя два тыдні ў ліцэй з БНТУ прыязджалі выкладчыкі хіміі, фізікі і матэматыкі, каб праводзіць заняткі. На жаль, у 2010 годзе ліцэй быў закрыты.
— Паспяховасць сістэмы адукацыі вызначаюць кадры. Як вы працавалі ў гэтым кірунку з маладымі педагогамі?
— У тыя часы да нас у раён штогод прыязджалі 10—12 маладых спецыялістаў, нам іх хапала. У параўнанні з сённяшнім днём, гэта ў 4—5 разоў менш. Як правіла, вярталіся ў навучальныя ўстановы выпускнікі нашых школ. За імі замацоўвалі старэйшых калег-настаўнікаў, якія курыравалі работу і дапамагалі ім.
Разам са старшынёй райкама прафсаюза распрацавалі ўмовы прэміравання спецыяльна для нашага раёна. 10% ад стаўкі даплачвалі настаўнікам-выдатнікам народнай адукацыі. Для маладых спецыялістаў таксама была прадугледжана даплата ў памеры 10%.
Што тычыцца кадравага складу, то ў нас быў лішак настаўнікаў пачатковых класаў: якраз пачало працаваць педагагічнае вучылішча (сёння — Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа), адкуль штогод выходзіла шмат выпускнікоў. Ад іх паступала вялікая колькасць запытаў для ўладкавання на работу, але нам не патрэбна было столькі спецыялістаў.
Без лішняй мітусні
— Аналізуючы мінулае і ацэньваючы сучаснасць, як думаеце, што трэба было зберагчы ў адукацыі, а ад чаго адмовіцца?
— Савецкая сістэма адукацыі была добрай і стабільнай. Мы яе захавалі. Праблемны момант, які бачу ў сённяшняй адукацыі, — гэта тое, што мужчын-настаўнікаў і дырэктараў ва ўстановах адукацыі мала. Калі ішоў у адстаўку ў 2004 годзе, у школах раёна было 19 мужчын-кіраўнікоў, а сёння толькі адзін.
За шматгадовую работу ў сістэме адукацыі Іван Сцяпанавіч Дараховіч неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі. Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі БССР”.
Штогод цікаўлюся ў начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алены Клішэвіч, колькі хлопцаў, маладых спецыялістаў, прыходзіць у раён на работу. Шчыра кажучы, засмучаюся, калі даведваюся, наколькі іх мала. Упэўнены: каб зацікавіць маладых людзей прафесіяй настаўніка, трэба павышаць узровень заработнай платы. Таксама было б нядрэнна забяспечваць настаўнікаў арэндным жыллём. У такім выпадку яны не будуць баяцца ехаць працаваць у аддаленыя раёны. З 1989 па 1995 год мы рознымі спосабамі пры дапамозе калгасаў і саўгасаў пабудавалі для сельскіх педагогаў і дырэктараў 35 дамоў, у тым ліку настаўніцкі кватэрны дом у Нясвіжы. А пры дапамозе долевага будаўніцтва ўзвялі два дамы для настаўнікаў горада.
— Іван Сцяпанавіч, якія якасці вы больш за ўсё цанілі ў настаўніках і кіраўніках устаноў адукацыі?
— Я заўсёды звяртаў увагу на іх прафесіяналізм і дзелавітасць. Настаўнік павінен быць спакойным, разважлівым, дакладным, без лішняй мітусні. Гэта тычыцца не толькі вопытных педагогаў, кіраўнікоў, але і маладых спецыялістаў. Таксама заўсёды глядзеў на тое, як настаўнікі размаўляюць з дзецьмі, як самі вучні іх успрымаюць. Педагог — прафесія стваральная. У многім менавіта ад настаўнікаў залежыць, якімі будуць дзеці заўтра.
Наталля САХНО
Фота аўтара