Імя Ганны Іванаўны Дабрынеўскай добра вядома настаўнікам нашай краіны. За больш як 61 год работы ў педагогіцы ёй давялося матываваць да вучобы няпростых вучняў вячэрняй школы, выкладаць фізіку ў тэхнікуме, кіраваць установай адукацыі, стварыць першую ў рэспубліцы педагагічную гімназію, працаваць у сістэме павышэння кваліфікацыі. Пра шлях у прафесію, правобраз сённяшняй педагагічнай прафілізацыі, напрамкі павышэння якасці адукацыі — гутарка з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”.
— У маленькай вёсачцы Берасцечка Хойніцкага раёна дзеці ў вайну не вучыліся, але 1 верасня 1945 года ўсе: і пераросткі, і тыя, каму споўнілася 7 гадоў, без бантаў і кветак — пайшлі ў школу, — расказвае мая суразмоўніца. — Мне было толькі 6 гадоў. Але было цікава, што дзеці там робяць. Настаўніца дазволіла сесці за апошнюю парту і паглядзець. Паглядзела і… засталася вучыцца. З таго часу жыву школай, дыхаю школай, пішу і думаю пра школу.
Хто мне дапамог выбраць прафесію? Жыццё, абставіны, жаданне вучыцца, прыклад настаўнікаў, з якімі мне вельмі пашанцавала. Амаль усе былі ўзорам адданасці дзецям і сваёй прафесіі. Ручак, чарніла, сшыткаў, кніг не было. А нас вучылі, і мы вучыліся. Больш за ўсё я ўдзячна свайму класнаму кіраўніку Б.С.Ліўшыц у Рэчыцкім педвучылішчы. Яна вучыла нас даверам, заахвочваннем, проста ўвагай і разуменнем. Ці не таму гады работы ў школе, калі я была класным кіраўніком, цяпер мне здаюцца самымі лепшымі, найбольш душэўнымі і крэатыўнымі?
У Гомельскім педагагічным інстытуце імя В.Чкалава ў мяне таксама былі патрабавальныя, уважлівыя, разумныя настаўнікі-навукоўцы, якія дапамагалі, натхнялі. Адукацыйная прастора стала шырэйшай і больш разнастайнай: зорныя лыжныя паходы па раёнах з канцэртамі і лекцыямі пра космас, пабудаваная студэнтамі фізмата на даху інстытута пляцоўка з абсталяваннем для назірання спадарожнікаў, асваенне цалінных зямель у Казахстане, піянерскія лагеры і практыка ў школах, студэнцкія святы і камсамольская работа… Было ў каго, чаму, як і дзе вучыцца.
Усё гэта і дапамагло мне зацвердзіцца ў маім выбары і прысвяціць сваё жыццё настаўніцкай прафесіі, пра што, вядома ж, не шкадую, тым больш што з многімі вучнямі і сёння падтрымліваю сувязь.
— Амаль 20 гадоў вы кіравалі сталічнай установай адукацыі. З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся, калі ўзначалілі школу? Да каго звярталіся па падтрымку і параду?
— Добра памятаю, як пасля гутаркі з першым сакратаром Цэнтральнага райкама партыі В.Пячэннікавым у 1981 годзе я пагадзілася стаць дырэктарам сярэдняй школы № 61 Мінска, не бачачы ўстановы, нікога там не ведаючы.
Сказаць, што было цяжка, гэта ўсё роўна што нічога не сказаць. Намеснікі дырэктара і настаўнікі сустрэлі мяне насцярожана. Папярэдняга дырэктара не абмяркоўвала, нікога не абвінавачвала ў заняпадзе ўстановы, толькі пыталася, што б яны параілі рабіць у тым ці іншым выпадку.
На жаль, нас у інстытутах не вучылі, як кіраваць школай, як перавесці яе ў рэжым развіцця, як распрацаваць яе канцэпцыю, стратэгію або дарожную карту дасягнення канкрэтнай мэты. Многае рабілася інтуітыўна.
Чытала кнігі, гутарыла з настаўнікамі, бацькамі, вучнямі, калегамі з Мінска, з дырэктарамі школ рэспублікі, з навукоўцамі Беларусі і Масквы.
Першы год наогул, здаецца, не выходзіла са школы. Трэба ж было правесці свае ўрокі, наведаць кожны тыдзень 12 урокаў або факультатываў у розных класах, па розных тэмах і з рознымі мэтамі, паралельна вырашаць шматлікія пытанні: гаспадарчыя, арганізацыйныя, кадравыя, метадычныя, прававыя і інш. Часам, калі моцна хвалявалася, што не вырашаецца нейкая важная праблема, прасілася да каго-небудзь на ўрок (часцей за ўсё ў пачатковую школу), садзілася за стол настаўніка і проста глядзела ў твары і вочы дзяцей, як яны вучацца, думаюць, адказваюць, як паводзяць сябе ў розных выпадках. Было вельмі цікава. Адначасова гэта дапамагло мне хутка вызначыць настаўнікаў, на каго можна разлічваць, з кім можна параіцца. Так нараджалася каманда школьных памочнікаў і кансультантаў.
На гэтым этапе дапамагалі прафесары і акадэмікі І.Харламаў, А.Кочатаў, К.Гаўрылавец, Т.Шамава, П.Траццякоў, спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі. Мы асвойвалі сакрэты кіравання па мэтах і выніках, асвойвалі тэхналогіі коўчынгу, кансалтынгу і інш. Уключыліся ў вырашэнне школьных праблем бацькі. Больш актыўнымі і ініцыятыўнымі сталі вучні. Яны арганізавалі клуб самакіравання. На дзіва, школьнікі ўносілі вельмі многа слушных прапаноў, выпускалі бюлетэні пра жыццё ўстановы, удзельнічалі ва ўсіх справах па паляпшэнні ўмоў навучання. Мы ім давяралі, і яны нас ні разу не падвялі. Выйгралі гарадскія конкурсы “Школа года”, “Лепшая бібліятэка”, самі арганізавалі рознаўзроставае супрацоўніцтва старшакласнікаў з вучнямі 3—7 класаў. Зніклі бойкі, крыўды. З таго часу мой дэвіз жыцця і работы — “З дзецьмі і для дзяцей”.
Напрыканцы 80-х гадоў у нашай установе пачаўся ўсесаюзны эксперымент па дэмакратызацыі школы. Я з дырэктара-аўтакрата непрыкметна ператварылася ў дэмакрата. Шмат чаму навучылася на курсах, на аўтарскіх семінарах педагогаў-даследчыкаў, на рэгулярных пасяджэннях Рэспубліканскага савета дырэктараў школ Рэспублікі Беларусь. Будучы членам Усесаюзнага савета па павышэнні кваліфікацыі педагогаў краіны, часта ездзіла на пасяджэнні ў Маскву, узаемадзейнічала з навукоўцамі і педагогамі, вучылася ў іх дасведчанаму кіраванню якасцю адукацыі, атрымлівала ў падарунак для школы ад многіх навукоўцаў іх аўтарскія кнігі.
— Ганна Іванаўна, вы стаялі ля вытокаў першай у краіне педагагічнай гімназіі. Як нарадзілася ідэя адкрыць яе?
— Гэта была прарыўная ідэя. Яна, натуральна, патрабавала прарыўных рашэнняў, падыходаў, тэхналогій па многіх напрамках. Не ўсе адразу зразумелі навізну і актуальнасць такой гімназіі, таму было многа сустрэч, тлумачэнняў, вельмі шмат узгадненняў на ўсіх узроўнях. У момант падпісання загада аб адкрыцці ў Мінску педагагічнай гімназіі міністр адукацыі М.Дзямчук на імгненне прыпыніўся і спытаў: “А вы разумееце, што з усіх гімназій ваша — самая галоўная?” І тут жа растлумачыў: галоўная — таму што педагагічная, таму што настаўнікі даюць старт людзям усіх іншых прафесій, і ад гэтага старту залежыць не толькі пачатак кожнага спецыяліста любой прафесіі, але і якасць яго работы ў будучыні, узровень і якасць жыцця і развіцця краіны.
Наша ідэя была падтрымана навуковым саветам Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Творчае педагагічнае супрацоўніцтва з гэтай установай з кожным годам пашыралася, умацоўвалася на ўсіх узроўнях: у гімназіі быў адкрыты філіял кафедры педагогікі. Яго загадчык С.Кашлеў вёў вучэбныя заняткі, працаваў і з педагогамі, дапамагаў у распрацоўцы ўсіх лакальных нарматыўных дакументаў. Вучоныя М.Міцкевіч, Г.Торхава, Б.Пальчэўскі, М.Печанко, Л.Арлова і інш. былі нашымі галоўнымі кансультантамі і памочнікамі па рэалізацыі ўсіх ідэй і пераадоленні цяжкасцей. І асабліва галоўнай ідэі — ранняй прафарыентацыі вучняў на педагагічную прафесію. Ва ўсіх класах, пачынаючы з 5-га, былі ўведзены псіхалогія, педагогіка, а ў 8—11 класах — псіхолага-педагагічны практыкум. На прынцыпах пераемнасці і ўліку ўзроставай перыядызацыі былі распрацаваны модульныя праграмы і вучэбныя планы, пазней напісаны кнігі.
Усё гэта было прадыктавана не толькі важнасцю і ўніверсальнасцю прафесіі, але і жыццём. Усім вядома, што большасць маладых настаўнікаў, якія выдатна засвоілі ва УВА асноўныя прынцыпы тэорыі педагогікі і псіхалогіі, з вялікай цяжкасцю адаптуюцца першыя гады ў школе. Іх палохае разнастайнасць заданняў і абавязкаў, папер, мерапрыемстваў, гарэзлівасць дзяцей, патрабаванні бацькоў, якім здаецца, што менавіта іх дзеці асаблівыя і патрабуюць павышанай увагі, а яшчэ планы, урокі, справаздачы, тэсты, класнае кіраўніцтва, кантрольныя і г.д. І ўсё хутка, тут і цяпер. Яны губляюцца, некаторыя не вытрымліваюць і сыходзяць, не паспеўшы адчуць смак сваёй прафесіі. Таму патрэбна пастаянная работа па разуменні школы, перапынку, урока, вучня і г.д., перш за ўсё на эмацыянальным узроўні, на працягу ўсяго школьнага жыцця.
Тады ў работу з гімназічнымі класамі ўключыліся ў рознай ступені ўсе настаўнікі-прадметнікі гімназіі, класныя кіраўнікі, сацыяльныя работнікі, бацькі.
Пераканана, што і сёння работа ў педагагічным класе, нават калі там педагогамі хочуць стаць толькі 7 вучняў, не можа быць клопатам аднаго настаўніка. Трэба праводзіць з настаўнікамі-прадметнікамі і класнымі кіраўнікамі спецыяльныя заняткі, трэнінгі, кансультацыі і інш.
Прыкладна 50—60% нашых выпускнікоў паспяхова паступалі ў педагагічныя УВА. Наш вопыт стаў цікавым кіраўнікам школ горада, рэспублікі і іншых краін. Мы арганізоўвалі абмен вопытам для дырэктараў расійскіх школ ад Камчаткі да Калінінграда, Казахстана і Еўропы. У гімназію неаднаразова прыязджалі міністры адукацыі Л.Сухнат, В.Стражаў, рэктары А.Караткевіч, Л.Ціханаў і інш., гутарылі з педагогамі, вучнямі, аналізавалі наша сціплае абсталяванне вучэбных кабінетаў. Акадэмік Т.Шамава наведала і высока ацаніла ўрок псіхалогіі Л.Арловай у 5 класе, падтрымаўшы ідэю ранняй прафілізацыі. Заўсёды былі з намі ў пошуках ідэй загадчык аддзела адукацыі Цэнтральнага раёна Л.Залатаверхая і кіраўнік раённага прафсаюза В.Гняздзілава.
— Чаму не так многа матываваных выпускнікоў ідуць сёння ў педагагічныя УВА? Як узняць прэстыж настаўніцкай прафесіі?
Кожны настаўнік павінен думаць, хто прыйдзе яму на змену. Гэта наш прафесійны абавязак. Калі мы не будзем гэтым займацца, то страцім дзяцей, якія маюць педагагічны дар. Мы позна пачынаем шукаць добрых абітурыентаў.
Дзе логіка? Танцораў, спартсменаў, мастакоў, артыстаў, з нядаўняга часу нават праграмістаў, інжынераў пачынаюць рыхтаваць з самага ранняга ўзросту (3—4 гады), а прадстаўнікоў універсальнай прафесіі настаўнік толькі пасля 9 класа, у педагагічных класах. Колькасць педкласаў у краіне расце, і гэта выдатна! На жаль, у шэрагу з іх мала дзяцей — толькі маленькая група. Да таго ж у некаторых вучняў да выбару настаўніцкай прафесіі меркантыльная цікавасць (атрымаць дыплом, павучыцца ў сталіцы, а там будзе відаць і інш.).
У педкласах навучэнцамі разглядаюцца складаныя псіхолага-педагагічныя тэрміны і паняцці, што можна было б паспяхова і на больш высокім узроўні разумення вывучыць ва ўніверсітэце. Але пры гэтым з 1 да 11 класа ўпускаюцца магчымасці зразумець асаблівасці, перавагі і цяжкасці прафесіі настаўніка, яе каштоўнасць і значэнне для кожнага чалавека і краіны. А за страчаныя 9 або 11 гадоў нават у тых, у каго ёсць для гэтай прафесіі прыродныя задаткі, іх развіццё не толькі замаруджваецца, а амаль спыняецца. А магчымасці тут велізарныя. Праз гульні, спецыяльна падрыхтаваныя і арганізаваныя назіранні, практычныя заняткі і аналіз канкрэтных сітуацый, чытанне і абмеркаванне спецыяльнай літаратуры, прафесійныя пробы з сістэмай канкрэтных заданняў, шчырыя размовы са сваімі настаўнікамі аб іх цяжкасцях і перспектывах, сустрэчы з прадстаўнікамі педагагічных дынастый, дэбаты, дыскусіі, а таксама мэтанакіраваныя заданні растлумачыць камусьці з аднакласнікаў цяжкую тэму, разам з настаўнікам спланаваць нейкі этап урока, а потым разам адрэфлексіраваць, што атрымалася, што — не і чаму, арганізацыю вясёлых перапынкаў і фізкультхвілінак для навучэнцаў малодшых класаў можна не толькі развіваць эмацыянальны інтэлект дзяцей, але і, галоўнае, іх псіхалагічную і педагагічную назіральнасць, крытычнае педагагічнае мысленне, крэатыўнасць і паступова рыхтаваць да ўсвядомленага выбару прафесіі.
Развівае гэтыя якасці ў дзяцей педагагічная практыка ў дзіцячых садках, летніх аздараўленчых лагерах, у паходах, у розных стандартных і нестандартных сітуацыях. Гэта пацвярджаюць выпускнікі нашай гімназіі, дактары і інжынеры, прадпрымальнікі і дыпламаты, якія часта пры сустрэчах або па тэлефоне праз шмат гадоў пасля выпуску ўдзячны гімназіі перш за ўсё за ўрокі псіхалогіі і педагогікі, якія дапамагаюць ім у зносінах з дарослымі і дзецьмі, хворымі і здаровымі, начальнікамі і падначаленымі, у выхаванні сваіх дзяцей. Гэта аддалены вынік нашай работы, але гэта і доказ правільнасці канцэпцыі педагагічнай гімназіі з ранняга ўзросту дзяцей і нашых тэхналогій, алгарытмаў і дарожных карт дасягнення галоўнай мэты — знайсці і вырасціць настаўніка ў школе, дапамагчы кожнаму зразумець сябе, бесперапынна вучыцца і быць паспяховым у жыцці і ў прафесіі.
— Што б параілі сённяшнім кіраўнікам устаноў адукацыі?
— Вядома, сёння іншы час, іншыя ўмовы, іншыя магчымасці. Самая сучасная тэхніка, мноства літаратуры, вялікая колькасць інавацыйных праектаў і прапаноў па выкарыстанні лічбавых тэхналогій, вялікая колькасць інфармацыі ў інтэрнэце: толькі бяры і выкарыстоўвай. Аднак, як і раней, у кіраўнікоў устаноў адукацыі і настаўнікаў не менш праблем і цяжкасцей. Што ж рабіць? Вядома, вучыцца. Вучыцца не толькі на курсах і семінарах ва ўстановах дадатковай адукацыі, не толькі адзін-два разы на тыдзень ці ў месяц.
Вучыцца трэба бесперапынна, у калег і ў вучняў, кожны дзень і кожную гадзіну, на сваім уроку і на чужых занятках, седзячы ў інтэрнэце і чытаючы кнігі, вывучаць не толькі модныя тэхналогіі навучання, але і тэхналогіі кіравання, развіцця і самаразвіцця, вывучаць педагагічны вопыт, айчынны і міжнародны.
Выкарыстоўваць тое, што дапаможа вырашаць канкрэтныя праблемы кіравання, выхавання і развіцця не толькі класаў наогул, але і асобных навучэнцаў у адпаведнасці з іх асаблівасцямі, інтарэсамі, патрэбамі.
Сёння большага і хуткага поспеху дасягаюць не адзіночкі-навукоўцы, не адзіночкі-дырэктары або настаўнікі, а рабочыя (творчыя, інавацыйныя, крэатыўныя) каманды. Значыць, трэба вучыцца працаваць у камандзе, хутка і крэатыўна вырашаць шматлікія педагагічныя праблемы, шукаць нестандартныя рашэнні, новыя эфектыўныя мадэлі і тэхналогіі апераджальнага навучання.
А маладым кіраўнікам, якія толькі ўзначалілі ўстанову адукацыі, хочацца параіць не пачынаць усё з чыстага ліста, а, абапіраючыся на традыцыі, на тое станоўчае, што было зроблена і назапашана да іх, развіваць, удасканальваць і прымнажаць.
— Наступны год аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам якасці. Што, на вашу думку, неабходна зрабіць для павышэння якасці адукацыі?
— Мой вопыт гаворыць пра тое, што сёння вельмі карысна было б каля 50% курсаў і семінараў для настаўнікаў і кіраўнікоў праводзіць па праграмах і вучэбных планах, складзеных спецыялістамі з улікам індывідуальных запытаў і цяжкасцей слухачоў.
Сёння таксама магчыма ўвядзенне ранняй прафарыентацыі вучняў на прафесію настаўніка, адначасова па ўсёй рэспубліцы з дыферэнцыяцыяй мадэлей для розных школ. Вельмі актуальна сёння работа з бацькамі па развіцці ў сучасных умовах іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці (дарэчы, у некаторых школах краіны назапашаны цудоўны вопыт па гэтай тэме).
Сучаснай школе патрэбен педагог, які навучыць дзіця не проста засвойваць інфармацыю, а правільна працаваць з ёй, думаць, вучыцца вырашаць вялікія і малыя вучэбныя, асабістыя і грамадскія праблемы.
Мы рыхтуем вучняў да жыцця ў будучыні, таму павінны іх навучыць вырашаць невядомыя задачы. І ў гэтым нам на дапамогу прыходзяць сучасныя інтэрактыўныя, інтэлектуальныя тэхналогіі, тэхналогіі прарыву.
Упэўнена, нашы педагогі ў большасці падрыхтаваны да сістэмных інавацыйных пераўтварэнняў, змяненняў у сваёй практыцы, у рабоце сваіх калектываў. Яны разумеюць і памятаюць, што сёння ўсё трэба рабіць больш хутка і якасна, каб крыху апярэджваць час, каб быць са стагоддзем на роўных!
Даведка
Ганна Іванаўна Дабрынеўская — заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі. На яе аўтарскіх курсах і семінарах педагогі вучыліся карыстацца інтэлект-картамі і логіка-сэнсавымі мадэлямі, укаранялі інтэрактыўныя тэхналогіі, новыя мадэлі навучання дзяцей, настаўнікаў і бацькоў, мультыпрофільнае і модульнае навучанне, стваралі інавацыйныя і кансалтынгавыя цэнтры.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва Г.І.Дабрынеўскай