Былы загадчык аддзела народнай адукацыі Нясвіжскага райвыканкама: «Педагог — прафесія стваральная»

- 13:31Образование: взгляд через эпохи

Новы праект “Настаўніцкай газеты” “Адукацыя: погляд праз эпохі” прысвечаны асобам, якія доўгі час працавалі ў сістэме адукацыі рэгіёнаў і сёння дзеляцца сваім вопытам. Першы суразмоўнік праекта — былы загадчык аддзела народнай адукацыі Нясвіжскага райвыканкама Іван Сцяпанавіч Дараховіч.

Прасіць параду не сорамна

— Іван Сцяпанавіч, вы кіравалі сістэмай адукацыі 16 гадоў. За гэты час Нясвіжскі раён стаў лідарам у многіх адукацыйных кірунках. Дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць такіх высокіх вынікаў?

— Нясвіжскі раён быў лідарам па многіх паказчыках у сістэме адукацыі вобласці. У прыватнасці, мы былі адны з першых не толькі ў вобласці, але і ў краіне, дзе ў 1991 годзе адкрылася беларускамоўная гімназія на базе сярэдняй школы № 2 Нясвіжа.

Дзякуючы чаму ўдалося гэтага дасягнуць? Дзякуючы людзям, якія працавалі побач. Як кіраўнік бачыў, што ў раёне выдатныя педагагічныя кадры, усе настаўнікі адукаваныя і падрыхтаваныя. У той час у нас было 85% педагогаў з вышэйшай адукацыяй, таму я не сумняваўся, што ўсё атры­маецца.

Адкрываць гімназію да нас прыязджалі прадстаўнікі Мі­ністэрства адукацыі, і гэта было вельмі ганарова.

У сярэдняй школе № 4 Нясвіжа пры падтрымцы кіраўніцтва Ваеннай акадэміі і камандавання вайсковай часці, якая размяшчалася ў нашым горадзе, быў адкрыты першы ў краіне ваенна-патрыятычны клас, выпускнікі якога на працягу многіх гадоў паступалі ў Ваенную акадэмію. Ліцэйскім класам сярэдняй школы № 1 Нясвіжа аказваў дапамогу ў навучанні школьнікаў мінскі тэхналагічны інстытут, а сярэдняя школа № 2 Гарадзеі і Нясвіжская беларуская гімназія супрацоўнічалі з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. У Сноўскай сярэдняй школе было наладжана супрацоўніцтва з Віцебскай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. Асаб­ліва цеснае ўзае­мадзеянне было паміж ліцэйскімі класамі сярэдняй школы № 3 Нясвіжа, сярэдняй школы № 1 Гарадзеі і Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам.

— Да каго асабіста вы прыходзілі па прафесійную параду, калі сумняваліся ў правільнасці прынятых рашэнняў? Хто быў вашым настаўнікам-дарадчыкам?

— Першыя два-тры гады работы на пасадзе кіраўніка не саромеўся перапытаць у вопытных калег і сем разоў, калі нешта было незразумела. І ўжо ў тым выпадку, калі бачыў, што ўсё разумею правільна, мяне было цяжка пераканаць, чаму не трэба рабіць таго, што я вырашыў.

Калі я толькі прыйшоў працаваць на пасаду кіраўніка, меў багаты вопыт работы не толькі ў школе настаўнікам, але і ў райкаме партыі. Звяртаўся па параду да вопытных дырэктараў школ горада і раёна, да калег з абласнога аддзела народнай адукацыі. Да іх парад заўсёды ставіўся паважліва, аднак канчатковае рашэнне прымаў сам.

Калі раён пачаў займаць лі­дзіруючыя пазіцыі ў сістэме адукацыі, па параду прыходзілі ўжо да мяне. Я заўсёды нагадваў калегам, што прасіць параду — гэта не сорамна. Сорамна, калі здзейсніш памылку, якую пасля цяжка выправіць.

Вызначыць лепшых

— Вы прайшлі шлях ад настаўніка нямецкай мовы да кіраўніка сістэмы адукацыі раёна. Як мяняўся ваш светапогляд? Хто ўплываў на яго?

Мой светапогляд фарміравалі камсамольскае юнацтва і партыйная сталасць. Часта гавару, што работа ў райкаме партыі інструктарам і загадчыкам аддзела прапаганды навучылі мяне размаўляць з рознымі людзьмі.

Іван Сцяпанавіч Дараховіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1943 года. Свой прафесійны шлях пачаў настаўнікам нямецкай мовы ў Лашанскай сярэдняй школе Уздзенскага раёна. Працаваў намеснікам дырэктара Аляхновіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. З 1 ліпеня 1988 года быў прызначаны загадчыкам аддзела народнай адукацыі Нясвіжскага райвыканкама, дзе прапрацаваў да 1 ліпеня 2004 года.

Сёння Іван Сцяпанавіч Дараховіч — член абласнога Савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху.

Каб дасягнуць пэўных вынікаў у прафесійнай дзейнасці, любому чалавеку патрэбна падтрымка не толькі калег, але і сям’і. У мяне моцная, дружная, на­дзейная сям’я — жонка, сын, два ўнукі. Жонка Ефрасіння Васільеўна — настаўніца хіміі вышэйшай катэгорыі. Некаторы час яна працавала ў метадычным кабінеце раённага аддзела народнай адукацыі, затым на працягу 25 гадоў, да выхаду на пенсію, выкладала хімію ў сярэдняй школе № 1 Нясвіжа. Ефрасіння Васільеўна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. Сын Сяргей скончыў з залатым медалём Нясвіжскую беларускую гімназію і з адзнакай факультэт міжнародных адносін БДУ.

— У 2003 годзе ў Нясвіжы пачаў працаваць раённы ліцэй пры БНТУ для сельскіх дзяцей. Чаму рабілі стаўку менавіта на навучэнцаў з вёскі?

— Адкрываючы ліцэй, мы рабілі стаўку пераважна на сельскіх дзяцей па той прычыне, што ў горадзе ўжо былі ліцэйскія і гімназічныя класы, працавала гімназія. Відавочна, каб адкрыць ліцэйскі клас, у школе павінны быць паралельныя класы. Гэта было магчыма зрабіць толькі ва ўстановах адукацыі горада, дзе шмат навучэнцаў. У сельскіх школах, дзе адна паралель старшакласнікаў, ліцэйскага класа не зробіш. Тым не менш таленавітыя дзеці ёсць і ў вёсках. І для іх таксама хацелася стварыць дастойныя ўмовы для навучання.

Нясвіжскі раённы ліцэй адкрывалі сумесна з райвыканкамам і тагачасным рэктарам БНТУ Барысам Міхайлавічам Хрусталёвым у будынку сярэдняй школы № 3 Нясвіжа. Паралельна з адкрыццём установы пачалі ўзводзіць асобны будынак для ліцэя з інтэрнатам для навучэнцаў на 55 месцаў. У 2005 го­дзе будаўніц­тва было завершана. Дзеці, якія прыязджалі вучыцца ў ліцэй, жылі ў добрых умовах, бацькам можна было не хвалявацца за іх. Кожныя два тыдні ў ліцэй з БНТУ прыяз­джалі выкладчыкі хіміі, фізікі і матэматыкі, каб праводзіць заняткі. На жаль, у 2010 годзе ліцэй быў за­к­рыты.

— Паспяховасць сістэмы адукацыі вызначаюць кадры. Як вы працавалі ў гэтым кірунку з маладымі педагогамі?

— У тыя часы да нас у раён штогод прыязджалі 10—12 маладых спецыялістаў, нам іх хапала. У параўнанні з сённяшнім днём, гэта ў 4—5 разоў менш. Як правіла, вярталіся ў навучальныя ўстановы выпускнікі нашых школ. За імі замацоўвалі старэйшых калег-настаўнікаў, якія курыравалі работу і дапамагалі ім.

Разам са старшынёй райкама прафсаюза распрацавалі ўмовы прэміравання спецыяльна для нашага раёна. 10% ад стаўкі даплачвалі настаўнікам-выдатнікам народнай адукацыі. Для маладых спецыялістаў таксама была прадугледжана даплата ў памеры 10%.

Што тычыцца кадравага складу, то ў нас быў лішак настаўнікаў пачатковых класаў: якраз пачало працаваць педагагічнае вучылішча (сёння — Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа), адкуль штогод выходзіла шмат выпускнікоў. Ад іх паступала вялікая колькасць запытаў для ўладкавання на работу, але нам не патрэбна было столькі спецыя­лістаў.

Без лішняй мітусні

— Аналізуючы мінулае і ацэньваючы сучаснасць, як думаеце, што трэба было зберагчы ў адукацыі, а ад чаго адмовіцца?

— Савецкая сістэма адукацыі была добрай і стабільнай. Мы яе захавалі. Праблемны момант, які бачу ў сённяшняй адукацыі, — гэта тое, што мужчын-настаўнікаў і дырэктараў ва ўстановах адукацыі мала. Калі ішоў у адстаўку ў 2004 го­дзе, у школах раёна было 19 мужчын-кіраўнікоў, а сёння толькі адзін.

За шматгадовую работу ў сістэме адукацыі Іван Сцяпанавіч Дараховіч неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі. Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі БССР”.

Штогод цікаўлюся ў начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алены Клішэвіч, колькі хлопцаў, маладых спецыя­лістаў, прыходзіць у раён на работу. Шчыра кажучы, засмучаюся, калі даведваюся, наколькі іх мала. Упэўнены: каб зацікавіць маладых людзей прафесіяй настаўніка, трэба павышаць узровень заработнай платы. Таксама было б нядрэнна забяспечваць настаўнікаў арэндным жыллём. У такім выпадку яны не будуць баяцца ехаць працаваць у аддаленыя раёны. З 1989 па 1995 год мы рознымі спосабамі пры дапамозе калгасаў і саўгасаў пабудавалі для сельскіх педагогаў і дырэктараў 35 дамоў, у тым ліку настаўніцкі кватэрны дом у Нясвіжы. А пры дапамозе долевага будаўніцтва ўзвялі два дамы для настаўнікаў горада.

— Іван Сцяпанавіч, якія якасці вы больш за ўсё цанілі ў настаўніках і кіраўніках устаноў адукацыі?

— Я заўсёды звяртаў увагу на іх прафесіяналізм і дзелавітасць. Настаўнік павінен быць спакойным, разважлівым, дакладным, без лішняй мітусні. Гэта тычыцца не толькі вопытных педагогаў, кіраўнікоў, але і маладых спецыя­лістаў. Таксама заўсёды глядзеў на тое, як настаўнікі размаўляюць з дзецьмі, як самі вучні іх успрымаюць. Педагог — прафесія стваральная. У многім менавіта ад настаўнікаў залежыць, якімі будуць дзеці заўтра.

Наталля САХНО
Фота аўтара