Жыццёвы шлях і прафесійныя парады легендарнай веткаўчанкі выдатніка асветы БССР Любові Фіцавай

- 14:14Образование: взгляд через эпохи

Ветэран педагагічнай працы, выдатнік асветы БССР, уладальніца медаля Францыска Скарыны, легендарная веткаўчанка Любоў Сцяфанаўна Фіцава любіць прымаць гасцей. Да яе прыходзяць, каб паразмаўляць, атрымаць мудрыя парады прафесійнага і асабістага характару. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Л.С. Фіцава з начальнікам аддзела адукацыі Т. Помазавай і старшынёй галіновага прафсаюза раёна В. Самковым

— Больш за 30 гадоў Любоў Сцяфанаўна прысвяціла сістэме адукацыі Веткаўскага раёна, прайшла шлях ад настаўніка да намесніка старшыні райвыканкама, — прадстаўляе нашу гераіню начальнік раённага аддзела адукацыі Таццяна Аляксандраўна Помазава. — Справу Любові Сцяфанаўны працягнула яе дачка Ірына Уладзіміраўна Лапіцкая, якая зараз працуе загадчыцай дзіцячага сада № 1 Веткі.

Старшыня галіновага прафсаюза раёна Васіль Васільевіч Самкоў, які таксама завітаў у госці да легендарнай веткаўчанкі, працягнуў:

— Прыроджаны філолаг Любоў Сцяфанаўна выдатна разбіраецца ў вершах і прозе, трымае ў памяці многія старонкі класічных твораў. І з лічбамі працуе як навуковец, лёгка прааналізуе грамадска-палітычную ці эканамічную інфармацыю. Раскладзе па палічках любое жыццёвае пытанне чалавека, прапануе рашэнне.

Да заслуг гераіня адносіцца спакойна, затое з удзячнасцю ўспамінае тых, у каго вучылася, з кім працавала, і, вядома, сваіх вучняў. Яе жыццёвы шлях, погляд на сістэму адукацыі, дазво­ліць нам, сучаснікам, даць ацэнку таму, што было раней і адбываецца зараз.

Нарадзілася Любоў Фіцава ў Ветцы, у 1946 годзе. На яе долю выпалі няпростыя гады, аднак яна здолела праявіць свае лепшыя чалавечыя, педагагічныя і кіраўніцкія якасці.

— Матуля мая была тая яшчэ казачніца, мела фенаменальную памяць, колькі яна ведала вершаў і казак! — узгадвае Любоў Фіцава. — Вершы Някрасава, напрыклад, я ўпершыню пачула ад яе. Вучылася я ў сярэдняй школе № 1 Веткі. У пасляваенны час установа ўяўляла сабой тры драўляныя будынкі. У двух размяшчаліся вучэбныя класы і настаўніцкая, а ў трэцім — інтэрнат для вучняў, якія прыязджалі на заняткі з вёсак, спартыўную залу і дзве кватэры, у адной пражываў дырэктар школы Франц Паўлавіч Лешчанка, удзельнік вайны, педагог з вялікай літары і наймудрэйшы чалавек. Калектыў настаўнікаў у нас быў вельмі моц­ны, навучанне ажыццяўлялася на найвышэйшым узроўні. У такіх педагогаў проста немагчыма было не вучыцца. Мая настаўніца пачатковай школы Марыя Ігнацьеўна Георгіеўская шмат увагі надавала пазакласнаму чытанню, яна абу­дзіла ў вучняў любоў да кнігі. Прафесіянал вышэйшага класа, інтэлігентная і абаяльная настаўніца рускай мовы і літаратуры Вікторыя Іванаўна Пісарэнка свой прадмет ведала дэталёва, знаё­міла нас з асновамі псіхалогіі, вучыла бачыць унутраны свет чалавека, разбірацца ў людзях. Літаратура можа даць чалавеку яшчэ і шырокае пазнанне гістарычнага матэрыялу. Падчас уступнага экзамену на філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.Чкалава я ўпэўнена выкарыстоўвала гістарычныя факты, цытаты з работ Пляханава, так, што мне нават прапаноўвалі паступаць на гістарычны факультэт.

Спецкурс па Гогалю ў будучага педагога Любові Фіцавай чытаў выкладчык з Ленінграда. У яго студэнтка пісала курсавую работу, усё рабіла самастойна. Ды так, што на абароне аўтарытэтны літаратуразнавец Уладзімір Сабаленка ўсхвалявана сказаў, што ўпершыню пачуў сапраўдную курсавую работу. А быў выкладчык гісторыі педагогікі, які чамусьці ў самастойнасць студэнткі не паверыў, вырашыў, што курсавую работу па яго тэме напісаў аспірант і паставіў дзяўчыне чацвёрку. Пазней на дзяржаўным экзамене спрабаваў знайсці прабелы ў ведах веткаўчанкі, але нічога не выйшла.

Інстытут Любоў Фіцава скончыла з чырвоным дыпломам. Адразу тры кафедры (рускай мовы, рускай літаратуры і палітычнай эканоміі) прапаноўвалі ёй паступаць у аспірантуру. Але сямейныя абставіны склаліся так, што Любоў Сцяфанаўна вярнулася ў Ветку, дзе рэалізавала сябе як бліскучы настаўнік і дасведчаны кіраўнік.

Калі маладая настаўніца працавала ў школе першы год, прыйшла праверка з інстытута павышэння кваліфікацыі, камісія наведвала ўрокі. У выніку вопыт Любові Фіцавай прапанавалі вывучыць і распаўсюдзіць. З першага яе выпуску выйшла 11 медалістаў, і ўсе пацвердзілі ўзнагароды пры паступленні ў ВНУ.

— Педагагічнаму майстэрству я вучылася ў сваіх калег — наймацнейшых мовазнаўцаў Ганны Гардзееўны Пачэшавай і Аляксанд­ры Сцяпанаўны Збароўскай — прафесіяналаў, вельмі культурных, адукаваных, інтэлігентных і простых у зносінах лю­дзей. Наведвала іх урокі, і яны настолькі прывыклі да мяне, да маіх дапытлівых вачэй і пытанняў, што неўзабаве сталі раіцца са мной, прыслухоўвацца да маёй ацэнкі іх прафесійнай дзейнасці, — дзеліцца Любоў Сцяфанаўна.

Л.С. Фіцава — дырэктар сярэдняй школы № 1 Веткі і У.Л. Цырлін, намеснік дырэктара

Любоў Фіцава працавала ў школе на працягу 18 гадоў, узначальвала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў, чытала лекцыі ў сістэме павышэння кваліфікацыі, займалася са стажорамі, была членам камісіі па прысуджэнні залатых медалёў.

— Пераканана, што асноўная задача настаўніка — гэта ўменне стварыць сітуацыю поспеху для кожнага вучня, без гэтага ён не будзе развівацца. Звычайна настаўнікі імкнуцца крыху зні­жаць адзнаку, а трэба, на мой погляд, крыху завышаць, ствараць магчымасці для таго, каб можна было сказаць вучню, што сёння ён адказваў лепш, больш аргументавана, чым учора, а штосьці ўвогуле ў яго вельмі добра атрымалася, бо ён стараецца, малай­чына. Так, я была строгай, але ніколі не дазваляла сказаць пра вучня дрэннае слова, берагла яго самалюбства. Рэдка ставіла двойкі, таму што дзеці рыхтаваліся, чыталі.

Былі і тыя, хто зададзеную частку тэксту твора не мог аду­жаць у сілу сваіх здольнасцей. Але педагог захапляла літаратурай і іх. Пакуль адны чыталі твор цалкам, асобныя вучні — толькі некаторыя главы, што адабрала настаўніца такім чынам, каб тэкст меў скончаны характар. Крытыкай і іншай дадатковай літаратурай дзеці карысталіся толькі пры напісанні сачыненняў.

— Памятаю і цудоўны падручнік па рускай мове Бархударава, насычаны правіламі, а вось выключэнняў у ім было мала. Асноўныя веды даваліся блокамі, — гаво­рыць Любоў Сцяфанаўна. — Правілы патрэбны ўсім, а вось выключэнні не абавязкова. Калі мы жадаем, каб нашы вучні пісалі без памылак, трэба больш увагі звяртаць на арфаг­рафію. На сваіх уроках я прапаноўвала шмат відаў работ, у тым ліку творчых. Тыя ж дыктоўкі ў мяне былі розных відаў: падрыхтаваная, свабодная, творчая, тлумачальная, слоўнікавая. Кожны дзень я магла мяняць змест урока. Стылістычныя аспекты мовы ў большай ступені патрэбны для будучых філолагаў, пішучых лю­дзей. На ўроках літаратуры ў нас былі тэмы, дзе мы вучыліся пі­саць тэксты: уступ, асноўную частку з аргументамі, заключэнне, выказваць свой пог­ляд.

* * *

Дзесяць гадоў праляцелі як адзін дзень, і Любоў Сцяфанаўну прызначылі завучам школы № 1 Веткі. На свае плечы яна ўзяла вучэбны пра­цэс, метадычную работу і школьны расклад, які складала для 80 настаўнікаў і 1300 вучняў. Заняткі ішлі ў тры змены з 8 раніцы да 8 вечара. На ўсё гэта часам завучу патрабавалася некалькі начэй. Вучэбны працэс павінен быў спалучацца з грамадскім і творчым жыццём школы.

Аднойчы ва ўстанове прахо­дзіў абласны семінар па тэорыі аптымізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу Бабанскага, які даверылі весці маладому завучу. Ад страху Любоў Фіцава не памятала сябе. Але, калі ад удзель­нікаў семінара пачула словы: “Такі завуч для школы — гэта нязбытная мара”, адразу адлягло ад сэрца.

Праз тры гады педагог прыняла на сябе кіраўніцтва 1-й школай. За тры наступныя гады Любоў Сцяфанаўна паспела многае: перааформіла школьны музей баявой і працоўнай славы, зрабіла лепшую ў вобласці геаграфічную пляцоўку, пабудавала страявую пляцоўку для пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, аформіла клас па харэаграфіі, наладзіла сістэму ацяплення ў спартыўнай і актавай залах, падключыла школу да цэнтральнага ацяплення. Тэрыторыя 1-й школы ў той час літаральна патанала ў кветках, радавала яркімі фарбамі калектыў і гасцей.

…У адно імгненне аварыя на Чарнобыльскай АЭС падзяліла жыццё маленькага раёна і ўсёй краіны на “да” і “пасля”. Нягле­дзячы ні на што, спецыялістам трэба было арганізоўваць вучэбны працэс, аздараўленне дзяцей, растлумачваць усе пытанні бацькам, супакойваць іх.

— У раёне былі ліквідаваны 59 вёсак, мы страцілі 16 устаноў адукацыі. Да нас у школу хлынулі дзеці з адселеных вёсак. Было прынята рашэнне аб забеспячэнні школьнікаў двухразовым гарачым харчаваннем, — успамінае Любоў Сцяфанаўна. — Нам не хапала памяшканняў для прыёму ежы, персаналу ў сталовай, на дапамогу прыходзілі старшакласнікі.

Людзі былі ў паніцы, ішло масавае перасяленне. З’язджалі і педагогі. Каб вырашыць кадравае пытанне, з тымі ж настаўнікамі замежнай мовы, на курсы перападрыхтоўкі мы адпраўлялі настаўнікаў рускай і беларускай моў.

З пасады кіраўніка школы Любоў Фіцава перайшла на пасаду старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі, дзе таксама праявіла сябе як таленавіты арганізатар. І неўзабаве стала загадчыцай раённага аддзела адукацыі. Адразу ўсе матэрыяльна-тэхнічныя, гаспадарчыя пытанні сістэмы адукацыі ляглі на яе жаночыя плечы. Усё савецкае на той момант разбуралася, а новае не з’яўлялася, не хапала матэрыяльных сродкаў, мэблі, вучэбнага абсталявання. Тым не менш па ініцыятыве і пад кіраўніц­твам Любові Фіцавай у раёне быў адноўлены дзіцячы сад № 5, пабудавана кацельня ў Неглюбскім дзіцячым садзе. Кіраўнік не дапусціла закрыцця дзіцячай спартыўнай школы, прычынай называлася адсутнасць выніковасці. Асноўны аргумент, які прывяла Любоў Сцяфанаўна, і што запусціла працэс адраджэння школы, быў наступны: “Вы што, дзяцей выганіце на радыяцыйную вуліцу?”

Калі кіраўнік бачыла праблему і прапаноўвала шляхі яе вырашэння, абавязкова кантралявала ход выканання работ. Пасяджэнні аддзела адукацыі пачынала з таго добрага, што адбывалася ў сістэме, і толькі потым даваліся рэкамендацыі ўстановам, дзе не надавалі належнай увагі таму ці іншаму пытанню. Кіраўнік аддзела стварыла моцны раённы метадычны цэнтр. У архівах да гэтага часу захоўваюцца метадычкі, брашуры з абагульненнем вопыту педагогаў, якія могуць быць карысныя і сённяшняй моладзі.

Пры Любові Фіцавай Веткаўскі раён сем разоў запар прызнаваўся лепшым аддзелам адукацыі ў Гомельскай вобласці. Навучэнцы раёна пацвярджалі свае веды і медалі пры паступленні ў ВНУ. Па гэтым паказчыку ў вобласці 1-е месца займаў Добрушскі раён, а 2-е — Веткаўскі. На ўзроўні рэспублікі гаварылі пра “веткаўскі” стыль работы педагогаў.

Сістэма адукацыі Веткаўскага раёна налічвае ў пасляваенны перыяд 72 выдатнікі асветы БССР і выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь. 13 педагогаў адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. І сёння сваім вопытам гатовы падзяліцца заслужаны настаўнік БССР Ніна Рыгораўна Малей, ветэран педагагічнай працы Прыснянскай базавай школы; заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Ганна Іванаўна Ермакова, ветэран педагагічнай працы Стаўбунскай сярэдняй школы; уладальніца ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Любоў Міхайлаўна Гарбачова, ветэран Хальчанскай базавай школы.

* * *

На пасадзе намесніка кіраўніка раёна Любоў Фіцава курыравала сацыяльную сферу і таксама зрабіла нямала: адрамантавала раённую бальніцу і Дом культуры ў Неглюбцы, купіла музычныя інструменты і канцэртныя касцюмы для духавога аркестра, аўтобус для аддзела культуры і інш.

— Для таго, каб цябе як кіраўніка чулі і твае падначаленыя, і вышэйшае кіраўніцтва, у цябе павінна быць выразная пазіцыя па ўсіх пытаннях, рашучасць і смеласць. Я ніколі не баялася за сваё працоўнае месца, заяўляла аб праблеме на любым узроўні і брала адказнасць, — гаворыць суразмоўніца.

І сёння Любоў Сцяфанаўна трымае руку на пульсе. У курсе ўсіх навацый у сістэме адукацыі, сочыць за становішчам у краіне і свеце, шмат чытае.

— Чытаць трэба ўсім, як мага раней прывіваць дзецям любоў да кнігі. Той, хто сябруе з класікай, навучыцца разумець унутраны свет чалавека. Варта звяртацца і да сучаснай літаратуры. А вось за гульнямі ў інтэрнэце моладзь будзе толькі губляць пачуццё мовы і стылю, пісьменнасць і самае галоўнае — сваю душу.

Што магу параіць сённяшнім педагогам? Чы­таць, штодзённа павялічваць аб’ём сваіх прадметных і метадычных ведаў, павышаць эрудыцыю. Калі ў настаўніка будуць веды, прыйдзе і аўтарытэт, і павага. Не ганіцеся за формай, глядзіце ўглыб, у змест, змены павінны адбывацца знутры. Менш плануйце, а больш рабіце, дасягайце мэт. І заўсёды паважайце чужое меркаванне, нават калі вы яго не падзяляеце. Адкрыта глядзіце ў вочы людзям, гаварыце па справе, тактоўна, беражыце самалюбства суразмоўцы, вучня, шукайце такія падыходы, каб не абразіць яго, але ж накіраваць у патрэбнае рэчышча.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва гераіні