Быць аўтарам свайго жыцця

- 12:10Сацыяльны ракурс

Шлях сталення чалавека няпросты — столькі ўсяго трэба засвоіць, даведацца, вывучыць! І гэты складаны вопыт чалавек звычайна атрымлівае даволі проста — выхоўваючыся ў сям’і, незаўважна пераймае яго ў старэйшых. Гэтая лагічная “метадалогія навучання” задумана прыродай, і тысячы гадоў людзі прымяняюць яе. Аднак здараецца, што гэты просты сцэнарый ускладняецца жыццёвымі акалічнасцямі — на жаль, сіроцтва пакуль яшчэ існуе. Калі сям’і ў дзіцяці няма, то адкуль яму браць веды аб жыцці? У гэтых выпадках суправаджаць яго на жыццёвым шляху будуць дзяржаўныя органы. Адзін з найважнейшых этапаў, калі такое суправаджэнне патрэбна, — уваходжанне ў дарослае жыццё. У гэты час і пытанні паўстаюць дарослыя: выбар прафесіі, уладкаванне на работу, планаванне ўласнага бюджэту, вырашэнне жыллёвых праблем, стварэнне ўласнай сям’і. Таму постінтэрнатнае суправаджэнне — пытанне, якое патрабуе асаблівай увагі. Яго абмяркоўвалі на рэспубліканскім семінары ў Барысаве.

Семінар “Аб практычнай рэалізацыі заканадаўства ў пытаннях постінтэрнатнага суправа­джэння дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў” прайшоў на базе Барысаўскага дзяржаўнага кале­джа. Паколькі постінтэрнатнае суправаджэнне — гэта вельмі складаны і шматбаковы працэс, у якім удзельнічаюць розныя ўстановы і службы, семінар сабраў шырокае кола спецыялістаў. Гэта прадстаўнікі сістэмы адукацыі, аховы здароўя, органаў правапарадку і пракуратуры. Асабліва многа сярод удзельнікаў семінара было супрацоўнікаў устаноў прафесійнай адукацыі — не сакрэт, што найчасцей менавіта ў іх вучыцца пасля школы большасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэтыя ўстановы ў постінтэрнатным суправа­джэнні адыгры­ваюць надзвычай важную ролю.

Вопыт работы па постінтэрнатным суправаджэнні ва ўстановах прафесійнай адукацыі быў прадстаўлены і на інтэрактыўных пляцоўках. Так, у Мінскім дзяржаўным абласным каледжы навучэнцы-сіроты распрацоўваюць і рэалізуюць сацыяльныя праекты. Дабрачынныя справы, сацыяльная актыўнасць дапамагаюць выхоўваць у навучэнцаў самастойнасць, адказнасць, маральнасць. 

Для дзяцей, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскай увагі і клопату, у Рэспубліцы Беларусь прадугледжаны меры па забеспячэнні дзяржаўных гарантый, замацаваныя ў нарматыўных прававых актах. Галоўны дакумент — Палажэнне аб постінтэрнатным суправаджэнні, зацверджанае пастановай Савета Міністраў. У 2018 годзе Міністэрствам адукацыі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі для ўстаноў адукацыі па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і асоб з іх ліку. Сёлета ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі — метадычныя рэкамендацыі па пытаннях абароны жыллёвых правоў. Аб гэтым нагадала ў сваім выступленні Алена Фёдараўна Сімакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі.

У гэтым годзе для вывучэння работы ўстаноў адукацыі па рэалізацыі Палажэння аб постінтэрнатным суправаджэнні члены рабочай групы наведалі 61 установу адукацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны, у тым ліку 45 устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, 16 школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў. Аналіз паказаў, што педагагічныя калектывы ажыццяўляюць шырокі спектр практычных мерапрыемстваў па абароне правоў дзяцей-сірот і падрыхтоўцы іх да дарослага жыцця. Установамі адукацыі назапашаны станоўчы вопыт арганізацыі постінтэрнатнага суправаджэння. З некаторымі прыкладамі пазнаёміліся ўдзель­нікі семінара. Вопытам работы дзяліліся на мерапрыемстве прадстаўнікі Капыльскага ТЦСАН, аддзела па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання, Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната.

З сістэмай работы Мінскай вобласці па постінтэрнатным суправаджэнні пазнаёміла ўдзельнікаў семінара Соф’я Пятроўна Філістовіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама. Пытанні абароны правоў дзяцей-сірот, іх сацыялізацыя і інтэграцыя знаходзяцца на пастаянным кантролі галоўнага ўпраўлення. У вобласці ўдзяляецца ўвага своечасоваму павышэнню кампетэнцый педагагічных кадраў па пытаннях постінтэрнатнага суправаджэння, для гэтага абласны ІРА праводзіць вучэбныя семінары, семінары-практыкумы, трэнінгі і майстар-класы. У мінулым годзе праведзены міжведамасны семінар па актуальных пытаннях абароны жыллёвых правоў.

У 2018 годзе МАІРА сумесна з міжнароднай грамадскай арганізацыяй “SOS — Дзіцячыя вёскі” распрацавалі і выдалі Праграму арганізацыі постінтэрнатнага суправаджэння ва ўмовах установы адукацыі.

На Міншчыне дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, могуць атрымліваць прафесійныя навыкі па 42 спецыяльнасцях на ўзроўні ССА і 85 кваліфікацыях на ўзроўні ПТА. Постінтэрнатнае суправаджэнне пачынаецца падчас работы прыёмных камісій, у склад якіх уваходзяць педагогі-псіхолагі і педагогі сацыяльныя. Спецыялісты аналізуюць уласныя справы дзяцей, гутараць з апекунамі, знаёмяцца з навучэнцамі. Супрацоўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі забяспечваюць пастаянны кантроль за актуальным станам дакументаў гэтых дзяцей.

Дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, прадастаўляюць месцы павышанай камфортнасці ў інтэрнатах, іх забяспечваюць неабходнымі прадметамі побыту, вучэбнымі прыладамі, бытавой тэхнікай.

Комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на сацыялізацыю навучэнцаў сіроцкай катэгорыі, прапісваецца ў праграме постінтэрнатнага суправаджэння. Такія праграмы распрацаваны ў кожнай установе прафесійнай адукацыі ў вобласці. Важным кірункам работы з’яўляецца развіццё ў навучэнцаў навыкаў побытавай сацыялізацыі: самаабслугоўвання, правільнага расходавання сродкаў, культуры харчавання. Для гэтага іх запрашаюць у аб’яднанні па інтарэсах “Гаспадыня”, “Дамаводства”, тэматычныя клубы, право­дзяць індывідуальную работу.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця, фарміраванню навыкаў адказных і бяспечных паводзін праз прыцягненне ў работу аб’яднанняў па інтарэсах фізкультурна-спартыўнага профілю, спартыўных секцый і клубаў. Навучэнцы-сіроты бяруць актыўны ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі сацыяльна значных праектаў. Навыкі сацыяльнай камунікацыі набываюцца і развіваюцца ў ходзе трэнінгаў, карэкцыйна-развіццёвых заняткаў, індывідуальных і групавых кансультацый, круглых сталоў і інш.

У 2018/2019 навучальным годзе і ў папярэднія гады ўсім выпускнікам-сіротам прадастаўлена першае працоўнае месца.

На семінары быў прадстаўлены вопыт работы па постінтэрнатным суправаджэнні навучэнцаў Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Прыярытэтным для станаўлення асобы ва ўстанове лічуць сямейнае выхаванне. У 2015—2019 гадах каледж з’яўляўся рэспубліканскай пляцоўкай па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Фарміраванне гендарнай кампетэнтнасці навучэнца ва ўстанове прафесійнай адукацыі”, накіраванага на выхаванне культуры сямейных адносін, набыццё навучэнцамі ведаў аб сям’і і шлюбе.

На семінары былі прапанаваны майстар-класы па выкарыстанні элементаў арт-тэрапіі для псіхалагічнай карэкцыі асобы навучэнцаў-сірот, зняцці эмацыянальнага напружання з дапамогай тэхнікі эбру і тэатра пластыкі рук “Душа” (на здымку) Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.

Супрацоўнікі каледжа шу­каюць і знаходзяць эфектыўныя сродкі пераадолення цяжкасцей сацыя­лізацыі навучэнцаў-сірот. З першакуснікамі на пачатку навучання праводзіцца арганізацыйны сход у форме круглага стала, дзе яны знаёмяцца з правіламі распарадку каледжа, пражывання ў  інтэрнаце, правіламі бяспечнай жыццядзейнасці. Для навучэнцаў гэтай катэгорыі арганізавана работа семінара “Адкрыты дыялог”, кансультацыйнага цэнтра, тэлефона даверу. На базе інтэрната каледжа працуе клуб “Я аўтар свайго жыцця”, пад кіраўніцтвам псіхолага ТЦСАН Барысаўскага раёна. Дзеці гэтай катэгорыі — актыўныя ўдзельнікі  спартыўных секцый, творчых калектываў, валанцёрскага атрада, студатрадаў.

Для падрыхтоўкі навучэнцаў-сірот да самастойнага жыцця, прававой асветы ў пытаннях працоўнага заканадаўства, жыллёвых і маёмасных правоў, сацыяльных гарантый у каледжы арганізавана работа кансультацыйнага пункта “Прафесійна-прававы арыенцір”. Выбудаваная мадэль постінтэрнатнага суправаджэння каледжа дапамагае паспяхова выхоўваць кампетэнцыі, неабходныя для сацыялізацыі навучэнцаў-сірот. Аб гэтым сведчыць тое, што выпускнікі замацоўваюцца ў прафесіі і маюць працоўныя дасягненні, ствараюць моцныя сем’і.

Аднак, як паведаміла А.Ф.Сімакова, пры наяўнасці станоўчага вопыту і добрых вынікаў працы вывучэнне работы ўстаноў адукацыі па рэалізацыі Палажэння аб постінтэрнатным суправаджэнні выявіла таксама і шэраг недапрацовак. Напрыклад, у некаторых установах ёсць хібы ў арганізацыі прафілактыкі здзяй­снення злачынстваў: адсутнічае кантроль за знаходжаннем непаўналетніх у вячэрні і начны час у інтэрнаце, не распрацаваны алгарытмы дзеянняў работнікаў інтэрната ў выпадку самавольнага сыходу непаўналетніх, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, несвоечасовага вяртання ў інтэрнат альбо знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення.

Мае істотныя недахопы арганізацыя работы ўстаноў адукацыі па прафілактыцы злоўжывання навучэнцамі алкаголем: не ажыццяўляецца інфармаванне органаў унутраных спраў аб кожным такім факце. На пасяджэннях саветаў устаноў адукацыі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх не разглядаюцца факты парушэння навучэнцамі правіл пражывання ў інтэрнаце. Заўважаны выпадкі парушэння алгарытму інфармавання педагагічнымі работнікамі бацькоў, апекуноў, папячыцеляў навучэнцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў аб прыкметах гвалту ў дачыненні да непаўналетніх.

Не забяспечваецца комплексны аналіз якасці сацыяльна-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў і аказання ім псіхалагічнай дапамогі, не праводзяцца нарады пры дырэктары або яго намесніку па пытаннях аказання навучэнцам сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі ў перыяд адаптацыі ва ўстанове адукацыі. Несвоечасова прадастаўляецца інфармацыя ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы аб запланаваным прыбыцці асоб з ліку сірот, патрэбе ў працаўладкаванні і выдзяленні месца для пражывання.

Значным аспектам сацыялізацыі сірот, асоб, якія засталіся без апекі бацькоў, з’яўляецца засваенне спецыяльнасці, прафесіі і далейшае працаўладкаванне. Важна забяспечыць першае працоўнае месца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй па месцы замацавання жылля, месцы першапачатковага набыцця статусу сіраты, што будзе садзейнічаць вырашэнню жыллёвага пытання выпускніка. У дачыненні да выпускнікоў, якія не маюць замацаванага жылля, важна забяспечыць пошук працоўнага месца на прадпрыемствах, якія маюць інтэрнаты, звярнула ўвагу А.Ф.Сімакова.

Жыллёвым пытанням павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага. Заканадаўствам урэгуляваны парадак забеспячэння жыллёвых правоў дзяцей-сірот і адказнасць за паўнату іх рэалізацыі ў перыяд знаходжання на дзяржаўным забеспячэнні ўскладзена на іх дзяржаўных апекуноў (папячыцеляў). Дакументамі прадугледжаны дакладны парадак суправаджэння дзяцей на першых этапах самастойнага жыцця для аказання ім дапамогі ў сацыяльнай адаптацыі і паспяховай інтэграцыі ў грамадства. А.Ф.Сімакова акцэнтавала ўвагу на своечасовым інфармаванні аб планаваным прыбыцці выпускнікоў — рабіць гэта неабходна да 1 кастрычніка года, які папярэднічае завяршэнню навучання.

Жыллёвая тэма знайшла працяг і ў выступленні А.А.Падвойскага, начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Беларусі. Спецыяліст адзначыў, што з-за жыллёвых праблем некаторыя дзеці і асобы сіроцкай катэгорыі вымушаны вяртацца ў ранейшыя асацыяльныя ўмовы — у жылыя памяшканні сваіх бацькоў, якія былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, але так і не пазбавіліся шкодных звычак. Пражываючы з такімі бацькамі, дзеці паўтараюць іх лёс. Таму абарона жыллёвых правоў сірот павінна быць на асаблівым кантролі. У прыватнасці, спецыяліст нагадаў, што неабходна своечасова, зараней выра­шаць пытанне аб немагчымасці ўсялення ў замацаванае жылое памяшканне. Гэта тычыцца выпадкаў, калі, напрыклад, у доме ці кватэры па-ранейшаму пануе п’янства і злачыннасць ці калі з-за такога ладу жыцця бацькоў з’явілася вялікая запазычанасць па аплаце камунальных паслуг. Калі ўсяленне ў такое жыллё афіцыйна прызнаецца немагчымым  —  у чалавека з’яўляюцца магчымасці атрымаць месца ў інтэрнаце, сацыяльную кватэру або льготы для будаўніцтва ўласнага жылля.

На жаль, практыка пракурорскага нагляду сведчыць, што дзеці і асобы сіроцкай катэгорыі часцей за іншых здзяйсняюць злачынствы і адміністратыўныя правапарушэнні, ужы­ваюць алкаголь і наркотыкі. Многія з іх пасля заканчэння ўстаноў адукацыі дрэнна адаптаваны да самастойнага жыцця. Не заўсёды валодаюць бытавымі навыкамі, не ўмеюць наладжваць сямейныя адносіны, не ведаюць сваіх правоў альбо парадак іх рэалізацыі.

Слабым звяном постінтэрнатнага суправаджэння з’яўляецца нізкі ўзровень міжведамаснага ўзаемадзеяння зацікаўленых, над чым і заклікаў працаваць А.А.Падвойскі.

Уся работа па падтрымцы і суправаджэнні сірот рыхтуе іх да важнага моманту жыцця, калі яны стануць цалкам самастойнымі. Калі да гэтага моманту чалавек прыходзіць з усведамленнем адказнасці за свой далейшы лёс, разуменнем, што толькі ён аўтар свайго жыцця, значыць, усё было зроблена правільна.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.