Быць навучаным ці быць паспяховым?

- 11:21Суразмоўца

Як часта, гледзячы на малых дзяцей, мы захапляемся палётам іх фантазіі, арыгінальным тлумачэннем прачытаных казак і прагледжаных мульцікаў, уменнем літаральна з нічога ствараць дзіўныя ўзоры тэхнікі і бачыць незвычайнае ў звычайным. Дарослым заўсёды здаецца, што новае пакаленне дзяцей больш разумнае і кемлівае, чым папярэдняе.
Але, на жаль, праходзіць пэўны час і… куды што дзяваецца? Падлеткі ўжо не толькі перастаюць марыць пра вялікае, многія з іх нічога не хочуць, акрамя гульняў і айфонаў. Размаўляць са старшакласнікамі (асабліва ў прысутнасці настаўнікаў) увогуле складана: на ўсе пытанні маладыя людзі адказваюць не тое, што насамрэч думаюць, а тое, што, як ім падаецца, ад іх хочуць пачуць. За 11 гадоў ні настаўнікі, ні бацькі, ні нават самі дзеці не заўважаюць, як недзе ў нетрах школы страчваецца індывідуальнасць, нівеліруецца ўсялякая дзівакаватасць — ніхто ўжо не марыць змяніць свет! — і ўсе становяцца аднолькава “нармальнымі”.
Пра тое, чаму трэба цаніць і развіваць дзіцячае непадабенства і на ўсіх этапах жыцця заахвочваць у дзецях творчасць, мы гутарым з Аляксандрам МЯЛЕШЧАНКАМ, адным з заснавальнікаў стартап-руху ў нашай краіне, а сёння кіраўніком бізнес-інкубатара IT House — пляцоўкі, якая дзейнічае на базе БДУ і “вырошчвае” спецыялістаў суполкі і праекты ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

— Усе геніі калісьці былі дзецьмі. І нельга сказаць, што ўсе яны ў маленстве падавалі вялікія надзеі. Кажуць, таго ж Томаса Эдысана настаўнікі ўвогуле лічылі дурнаватым. Напэўна, і ў сучаснай школе ёсць дзеці з задаткамі геніяльнасці, але з праблемамі ў агульнай паспяховасці. Якія шансы ў такіх дзяцей не згубіцца, не растраціць сваю ўнікальнасць і потым праявіць сябе ў дарослым жыцці?
— Сапраўды, многія з вялікіх людзей не мелі ў маленстве выбітных вынікаў. На жаль, школьная сістэма дзейнічае ў жорсткіх рамках пэўных стандартаў, парушаць якія не пажадана. Парушальнікі атрымліваюць негатыўную этычную ацэнку (“ты дрэнны вучань, двоечнік, бяздарнасць”). І геніі, якія многія рашэнні бачаць па-іншаму, не ўпісваюцца ў гэтую сістэму.
Школа скіравана на падрыхтоўку хутчэй маленькіх бухгалтараў, чым творчых асоб. Для таго каб быць выдатнікам, трэба акуратна, па схеме паўтарыць тое, што напісана ў падручніку. Тады ты малайчына, разумніца, прыклад для класа.
Але ці сапраўды гэты крытэрый правільны? Напрыклад, калі я вучыўся ў школе, у нашым класе была такая выдатніца. Усе дзіву даваліся, калі яна выходзіла да дошкі і слова ў слова, як у падручніку, адказвала дамашняе заданне. Аднойчы ў старшых класах у нас была алімпіяда па матэматыцы, і наша выдатніца заняла перадапошняе месца. Яна вельмі пакрыўдзілася і заявіла, што больш ні ў якіх алімпіядах удзельнічаць не будзе.
Праблема ў тым, што заахвочваюцца выдатнікі, якія ўмеюць даслоўна паўтарыць прачытанае, і ў той жа час няма належнай увагі “троечнікам”, якія могуць нестандартна думаць (хай сабе пры гэтым памыляюцца) і самастойна шукаць рашэнні. А між тым менавіта гэтыя дзеці ў большай ступені здольныя праявіць сябе ў будучыні.
Як вынік, школа не падабаецца дзецям. Ды і каму спадабаецца, калі цябе 11 гадоў будуць трымаць у жорсткіх рамках і прымушаць пераказваць тэксты?!

— Добра, калі дзіця, якое не ўпісваецца ў школьную сістэму, знаходзіць падтрымку дома, у сям’і. Мудрыя бацькі не стануць рабіць трагедыі з дрэнных адзнак дзіцяці, дазволяць яму развівацца ў сваім тэмпе, вывучаць тое, што яму цікава. Але ж так бывае не заўсёды…
— Так, у нас, на жаль, і ў сем’ях — жорсткая сістэма. У нашым класе была яшчэ адна дзяўчынка-выдатніца, так бы мовіць, выдатніца паняволі. Мы вучыліся яшчэ па пяцібальнай сістэме, і ёй дазвалялася прыносіць дадому толькі пяцёркі. За чацвёркі яе білі папругай, а за тройку саджалі на ноч у склеп (сям’я жыла ў прыватным сектары). Пару разоў яна атрымлівала тройкі па спевах, і пасля начавала ў халоднай цемры. Уявіце: гэта Мінск на мяжы ХХІ стагоддзя.
Насуперак чаканням, у дарослым жыцці выдатнікі часта не дэманструюць вялікіх поспехаў. Я часта назіраю гэта, калі на 3—4 курсе яны прыходзяць у стартап-праекты. Выдатнікі надта залежаць ад чужых ацэнак, а таму вельмі баяцца памыліцца, баяцца зрабіць штосьці не так, таму цяжка чакаць ад іх нейкіх прарыўных рашэнняў.
Адметна, што на сіндром выдатніка пакутуюць пераважна дзяўчаты. Асабліва часта гэта здараецца пры высокапастаўленых бацьках. Напрыклад, бацька — старшыня якога-небудзь выканкама, і дзяўчына з дзяцінства знаходзіцца на вачах, ад яе патрабуюцца ўзорныя паводзіны. У выніку яна часта здраджвае сваім асабістым інтарэсам дзеля знешняй формы, і гэта дэструктыўна адбіваецца на ўсім яе жыцці.

— Многія думаюць, што геніі нейкія асаблівыя: павінны выйграваць ва ўсіх у шахматы, рашаць у галаве шматузроўневыя задачы і г.д. А калі дзіця звычайнае, то ніхто ад яго нічога не чакае і не імкнецца ўкладвацца ў яго…

Праблема ў тым, што заахвочваюцца выдатнікі, якія ўмеюць даслоўна паўтарыць прачытанае, і ў той жа час няма належнай увагі “троечнікам”, якія могуць нестандартна думаць (хай сабе пры гэтым памыляюцца) і самастойна шукаць рашэнні.

— Калі чалавек не хоча працаваць, не мае мэты, а, як многія зараз, хоча ляжаць на канапе і націскаць на кнопкі, то ўкладвай у яго, не ўкладвай — наўрад ці што атрымаецца. Зрэшты, укладанні павінны быць, і гэта найперш бацькоўская любоў, агульная падтрымка і раскрыццё тых моцных якасцей, якімі дзіця адорана ад прыроды.
Часта ў бацькоў ёсць моцныя стэрэатыпы аб выхаванні дзяцей. Напрыклад, я звязаны з матэматыкай і інфармацыйнымі тэхналогіямі і, натуральна, хацеў бы гэтага ад свайго дзіцяці. Або дзіця нараджаецца ў музычнай сям’і — і бацькі чакаюць ад яго добрых музычных здольнасцей. Аднак трэба зразумець: не нам вырашаць, кім стануць нашы дзеці. Няхай шукаюць сябе і знаходзяць у іншых навуках, мастацтве, спорце. Што з таго, калі яны будуць непадобнымі на нас, з чаго гэта яны павінны быць на кагосьці падобнымі?
І яшчэ адно важнае ўкладанне ў дзяцей — асабісты прыклад. Нішто так не матывуе дзіця да развіцця, як паспяховыя бацька ці маці. Таму, калі хочаце, каб дзеці вас слухаліся, будзьце паспяховымі.

— Давайце, Аляксандр, зноў вернемся да школы. Практычна ўсе дзеці ў пачатковых класах любяць і разумеюць матэматыку. Але праходзіць пэўны час — і матэматыка для многіх становіцца непад’ёмнай навукай. Што адбываецца? Дзе губляецца тое важнае звяно, на якім трымаецца інтарэс дзяцей да гэтага прадмета?
— На мой погляд, усе людзі выразна дзеляцца на гуманітарыяў і тэхнароў. У адных пераважае вобразнае мысленне, у другіх — абстрактна-аналітычнае. І гэта настолькі жорсткае дзяленне, што мы ўжо замучыліся з гуманітарыямі ў ІТ-сферы. Так, намаганнямі волі яны могуць навучыцца рашаць пэўныя задачы, а калі ўдосталь памучыцца, то нават дасягнуць нейкага сярэдняга ўзроўню. Але ці варта здзяйсняць такія подзвігі? Гуманітарыі павінны займацца тым, што ў іх лепш за ўсё атрымліваецца, — гісторыяй, музыкай і г.д. І не трэба катаваць іх матэматыкай: яна ім не патрэбна.
Я сам матэматык, аднак добра разумею стаўленне дзяцей да гэтай навукі. Зараз ім не тлумачыцца, і ўжо нават забыта, для чаго ж старажытныя грэкі прыдумалі геаметрыю. Ім даюць 6 законаў трыганаметрычных пераўтварэнняў, потым дыфуры, рады і г.д. — сухія, абстрактныя веды, якія невядома адкуль і для чаго. Таму школьнікам і студэнтам на занятках сумна. Напачатку, калі матэматыка яшчэ вельмі простая, яны разумеюць, як яе можна прымяніць, напрыклад, рэшту палічыць у магазіне. А дзе, скажыце, у звычайным жыцці ім выкарыстаць тангенсы і катангенсы?
Дарэчы, гэтым наша адукацыя моцна адрозніваецца ад заходняй. Я не хачу сказаць, што наша дрэнная: многія прафесары БДУ не саступаюць стэнфардскім. Але адрозненне паміж імі ў тым, што стэнфардскі прафесар у сваёй лекцыі на кожны пастулат знойдзе прыклады практычнага прымянення. У нас гэтага, на жаль, няма.
Мы надта шмат усяго спрабуем засунуць у дзіцячыя галовы, а яны ўжо праз некалькі месяцаў нічога не памятаюць. Я лічу, што вучням трэба даваць больш практычных ведаў: як выжываць у горадзе, на прыродзе, як суіснаваць у соцыуме з людзьмі. Я матэматык-праграміст, але толькі пасля 30 гадоў жыцця пачаў цікавіцца навакольным асяроддзем. І тут раптам высветлілася, што я нават не ведаю дрэў у Мінску. Вы можаце, напрыклад, адрозніць граб, бук і ясень? А мы гэта бачым штодня.

— Сапраўды, у школе вывучаюць амаль што вышэйшую матэматыку, грамадазнаўства, эканамічную геаграфію, а ў дарослым жыцці людзі не ўмеюць рабіць важныя рэчы: адкрыць уласную справу, распачаць будаўніцтва дома, прымножыць свае зберажэнні. Усяму трэба вучыцца практычна з нуля.
— Так, вопыт паказвае, што рэальных заданняў з жыцця ў школе надзвычай мала. Здавалася б, што прасцей: зрабіць, напрыклад, скрыншот з банкаўскіх сайтаў аб дэпазітах, і няхай дзіця разлічыць, у залежнасці ад шэрага ўмоў, дзе лепш размясціць грошы. Зробіць вучань такое — і адразу адчуе, што недарэмна ў школу ходзіць.
І яшчэ адна праблема: людзі 11 гадоў вучацца, атрымліваюць атэстат сталасці і пры гэтым сябе зусім не ведаюць. Простыя пытанні, якія адразу ставяць студэнтаў у тупік: “З якой хуткасцю вы пішаце?”, “Вы хутчэй пішаце ці друкуеце?”. Вядома, што па каналах успрымання людзі дзеляцца на “слухачоў” (лягчэй успрымаюць інфармацыю на слых), “гледачоў” (лягчэй успрымаюць тэксты) і “гаваруноў” (не зразумеюць, пакуль самі не прагавораць). Спытайце ў студэнтаў: “Вы хто?” Не ведаюць. І так што ні вазьмі.

— IT House праводзіць шмат розных семінараў, трэнінгаў, сустрэч, задача якіх — актывізаваць маладых людзей, вызваліць іх творчую энергію, дапамагчы ім рэалізавацца. На выязных мерапрыемствах вы сустракаецеся ў тым ліку са школьнікамі. Скажыце, Аляксандр, якая частка беларускай моладзі, на ваш погляд, самая крэатыўная, адкрытая і найбольш здольная генерыраваць цікавыя ідэі?
— Праводзілася даследаванне па ўзроўні крэатыўнасці сярод школьнікаў розных краін. Напрыклад, расійскія школьнікі самы высокі ўзровень крэатыўнасці паказвалі ў 2 класе, а вучні выпускных класаў займалі адно з апошніх месцаў. За гады вучобы ў школе з іх зжылі ўвесь крэатыў.
Сустракаючыся з вучнямі пачатковых класаў, мы бачым, што яны не баяцца фантазіраваць, мысляць у маштабах краіны і нават больш глабальна. На жаль, з гадамі дзеці становяцца ўсё больш і больш няўпэўненымі.
Калі яны паступаюць ва ўніверсітэт, мне патрэбна даволі шмат часу, каб вярнуць іх да жыцця. Уявіце, прыходзіш першы раз на першы курс, пытаешся штосьці, і адказ заўсёды адзін і той жа — магільнае маўчанне. Гэтых маладых людзей так зацюкалі за школьныя гады, што любая спроба наладзіць з імі дыялог ці гутарку церпіць паразу. І гэта пры тым, што ў мяне — найлепшы кантынгент: факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. І вось недзе праз месяц пачынаюць гучаць першыя нясмелыя галасы, пакрысе студэнты пачынаюць гаварыць.

Сустракаючыся з вучнямі пачатковых класаў, мы бачым, што яны не баяцца фантазіраваць, мысляць у маштабах краіны і нават больш глабальна. На жаль, з гадамі дзеці становяцца ўсё больш і больш няўпэўненымі.

На жаль, многія людзі нясуць груз сваёй заціснутасці ў дарослае жыццё. Асаблівасць беларусаў у тым, што мы ніколі не займаем у зале першыя рады, топчамся на ўваходзе ў кафэ — усё гэта ідзе са школы.
Давайце гаварыць канструктыўна: у чым мэта адукацыі? Каб чалавек быў паспяховым! Але для гэтага патрэбен шэраг якасцей. Калі ўзяць праграміста, то гэта тэхнічныя навыкі (ён павінен ведаць мову і тэхналогію) і чалавечыя якасці. Чалавек павінен умець працаваць у камандзе, тлумачыць свой пункт гледжання і неканфліктна пераконваць, разумець, што такое тайм-менеджмент, ведаць правілы бізнес-перапіскі і г.д. Пажадана, каб і вопыт першых стартапаў чалавек атрымаў яшчэ ў школе. Але хіба школа і ўніверсітэт вучаць усяму гэтаму? Чым там займаюцца? Трыганаметрыяй? Інтэграламі? Калі мы ставім мэтай выхаваць паспяховага чалавека, трэба даваць яму веды, каштоўныя для жыцця.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.