Быць нейтральнай пляцоўкай, дзе сустракаюцца і вырашаюць праблемы

На Захадзе хочуць, каб Беларусь была славянскай Швейцарыяй. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду (ЗША) палітычны аналітык Глен Ховард.

“Вы адыгрываеце вельмі важную ролю ў рэалізацыі Мінскіх дамоўленасцей, у падпісанні пагаднення аб спыненні агню на паўднёвым усходзе Украіны. Беларусь, як Швейцарыя, стала нейтральнай пляцоўкай для перагавораў. Пры гэтым вы застаяцеся і вельмі важным эканамічным партнёрам як для Расіі, так і для Захаду. Ваша стратэгічнае значэнне толькі павялічваецца. На Захадзе прачнуліся і, нарэшце, заўважылі, што Беларусь знаходзіцца на шляху паміж Берлінам і Масквой. Стратэгічнае значэнне вашай краіны доўгі час проста ігнаравалі”, — заявіў Глен Ховард.

“Вельмі многія спадзяюцца і вераць у тое, што вы застаняцеся нейтральнай краінай. На Захадзе хочуць, каб Беларусь была славянскай Швейцарыяй. Вы можаце развіваць нармальныя адносіны як з Расіяй, так і з Захадам, — адзначыў палітычны аналітык. — Беларусь актыўна пашырае ідэі міру, а Мінск можа стаць новай Жэневай і ператварыцца ў пляцоўку, дзе сустракаюцца і вырашаюць праблемы”.

Глен Ховард звярнуў увагу на існуючае паступовае пацяпленне адносін Беларусі і ЗША. “Гэта павольны, але ўстойлівы працэс. Кожны месяц мы бачым крокі насустрач, якія робяць бакі. Таму я аптымістычна гляджу на беларуска-амерыканскія адносіны”, — сказаў ён.

Палітычны аналітык адзначыў стратэгічную важнасць таго, што дыялог Беларусі паляпшаецца не толькі з ЗША, але і з Еўрасаюзам. “У гэтым усе зацікаўлены, хоць яшчэ шмат трэба зрабіць. Нам неабходна павышаць узровень адносін. У Мінску ўсё яшчэ няма амерыканскага пасла. Гэта прыкмета таго, што адносіны яшчэ не поўнасцю нармалізаваны. Але я ўпэўнены, што збліжэнне прадоўжыцца. Ужо ў найбліжэйшы час можна чакаць істотных зрухаў”, — заявіў прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду.

“Вы на правільным шляху, калі працуеце над паступовым паляпшэннем адносін. Я бачу той дзень, калі шмат амерыканскіх і еўрапейскіх турыстаў будуць імкнуцца прыехаць у Беларусь”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, выгаднае геаграфічнае становішча дае магчымасць Беларусі актыўна развіваць і гандлёва-эканамічныя адносіны з рознымі рэгіёнамі і краінамі свету. “Вы з’яўляецеся ключавым транзітным маршрутам для гандлю. Кітайцы ж нездарма так актыўна інвесціруюць у Беларусь. Пад Мінскам вы разам будуеце вялікі індустрыяльны парк. Наглядальнікі ва ўсім гэтым бачаць фактары росту і развіцця вашай краіны, — сказаў Глен Ховард. — Беларусь доўгі час была ў своеасаблівай ізаляцыі, але цяпер яна вельмі хутка вяртаецца на міжнародную арэну. І вельмі многія сёння па-новаму паглядзелі на Беларусь”.

“У вас вялікі патэнцыял у розных сферах. За кошт свайго нейтралітэту ў геапалітыцы вы можаце быць эканамічнымі партнёрамі з усімі. І гэта лепшае рашэнне для вас”, — упэўнены амерыканскі аналітык.
Гаворачы аб парламенцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў Беларусі, і іх уплыве на адносіны з Захадам, Глен Ховард выказаў меркаванне, што нармалізацыя адносін не спыніцца. “Трэба разумець, што заўсёды патрэбны пэўны час, каб дэмакратыя развівалася, фарміраваліся шматпартыйныя сістэмы і г.д. Часам Захад націскае вельмі моцна, каб адбыліся хуткія змяненні. Але Беларусь мае права на свой уласны графік”, — падкрэсліў палітычны аналітык.

У гэтым жа рэчышчы ён выказаўся і адносна тэмы адмены пакарання смерцю. “Кожная краіна вырашае па-свойму, — сказаў Глен Ховард. — Амерыка не можа патрабаваць, каб Беларусь адмяніла пакаранне смерцю. ЕС хоча, каб вы пайшлі на такі крок. Але гэта павінна быць вашым рашэннем, а не рашэннем, прынятым ЗША або Бруселем”.