Бюджэт для развіцця

- 10:31Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Праект рэспубліканскага бюджэту на 2017 год павінен быць сфарміраваны такім чынам, каб ствараліся ўмовы для развіцця эканомікі. Пра гэта заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Уладзімір Панцюхоў на пашыраным пасяджэнні камісіі, дзе разглядаліся праекты законаў “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год” і “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Беларусі”.

Уладзімір Панцюхоў адзначыў неабходнасць разгляду праекта бюджэту з улікам прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, вызначаных V Усебеларускім народным сходам на найбліжэйшыя пяць гадоў: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. “Важна, каб прапанаваны бюджэт меў патэнцыял для развіцця эканомікі, магчымасці для рэалізацыі гэтых прыярытэтаў, — падкрэсліў ён. — Наша задача, як прадстаўнікоў заканадаўчага органа, забяспечыць рэалізацыю гэтых прыярытэтаў шляхам удасканалення прававога поля для далейшага паступальнага развіцця эканомікі краіны”.

Старшыня камісіі адзначыў, што пасяджэнне — гэта прадаўжэнне работы па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс і падрыхтоўцы для разгляду ў парламенце праекта закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год. “Яго трэба будзе адобрыць парламенту пятага склікання, не перакладваючы гэтую адказную справу на плечы новага парламента”, — адзначыў ён.

“Мы павінны пабуджаць міністэрствы і ведамствы, нашых грамадзян і бізнес-супольнасць да больш эфектыўнай і выніковай работы хаця б таму, што ў нас няма вялікага манеўру, неабходны пошук рэзерваў росту даходнай часткі бюджэту, а яшчэ таму, што многае ў дзяржаве робіцца за кошт бюджэту”, — адзначыў Уладзімір Панцюхоў.

Старшыня Пастаяннай камісіі таксама звярнуў увагу на важнасць вырашэння задачы па ацэнцы рэзерваў і рэальных магчымасцей развіцця кожнай тэрыторыі, кожнага прадпрыемства ў Беларусі. Сур’ёзная роля ў гэтым адводзіцца мясцовым саветам дэпутатаў. “Прынцыпова важна рабіць гэта цяпер, калі ідзе абмеркаванне праекта бюджэту на чарговы фінансавы год”, — рэзюмаваў ён.