Бывай, лета, бывай, пляжны валейбол

- 12:18Спартыўныя падзеі

17—18 жніўня ў Маладзечне праходзілі Рэспубліканскія спаборніцтвы па пляжным валейболе “Сонечны мяч” сярод юнакоў і дзяўчат 2005—2006 і 2007—2008 гадоў нараджэння. Падобных мерапрыемстваў у нашай краіне не так шмат, а біч-валей (пляжны валейбол) не надта распаўсюджаны від спорту. Чаму б тады не пазнаёміцца з ім бліжэй?

Спачатку прагаворым агульныя моманты.

Дзе ўзнік пляжны валейбол?

У Каліфорніі, ЗША. У пачатку 20-х гадоў амерыканцы ўпершыню вырашылі пагуляць валейбольным мячом на пляжах каля Ціхага акіяна (датай нараджэння класічнага варыянта лічыцца 1895 год). Інфармацыя пра з’яўленне новага віду спорту хутка дайшла і да Еўропы: спачатку да Францыі, потым да Балгарыі, Чэхаславакіі і Літвы. Правілы гульні распрацоўваліся доўга, і толькі ў 1967 годзе яны нарэшце былі гатовы. У 1986 годзе пляжны валейбол адзначыў дзень нараджэння сусветнага ўзроўню: яго прызналі міжнародным відам спорту.

Чым адрозніваецца пляжны валейбол ад класічнага?

Правіламі. Па-першае, каманда складаецца з двух чалавек (у класічным іх можа быць да 14-ці). Калі падчас матча хтосьці з гульцоў атрымлівае траўму і не здольны працягнуць выступленне, то каманда прайграе. Ніякіх замен.

Па-другое, дзве партыі гуляюцца да 21 ачка (у класічным — да 25). Пры неабходнасці пачынаецца трэцяя — да 15 ачкоў.

Па-трэцяе, змена бакоў адбываецца не пасля кожнай партыі, а пасля сямі ачкоў (гэта справядліва, улічваючы яркае сонца). У трэцяй партыі — пасля пяці.

Па-чацвёртае, на сваім баку да мяча можна дакрануцца толькі тры разы, і блок таксама лічыцца дотыкам (у класічным варыянце — не).

Пляцоўкай. Канечне, гэта пясок. Памеры таксама іншыя: калі ў класічным валейболе яна робіцца 18х9 метраў, то ў пляжным — 16х8.

Нават мячом! Галоўная прылада гульні мае большы за свайго класічнага сваяка памер — 66—68 см у параўнанні з 65—67 см. На сонцы ці ў пахмурны дзень лёгка згубіць мяч з поля зроку, таму ён абавязкова павінен быць яркім.

І формай. Гэта могуць быць шорты і майка ці купальнік, на нагах нічога, але ў асобных выпадках дазваляецца апрануць шкарпэткі. Можна выкарыстоўваць кепкі, акуляры.

На якіх спаборніцтвах выступаюць пляжныя валейбалісты?

Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету, чэмпіянаты Еўропы і турніры ўнутры краіны.

Хто лепшы? 

Пакуль у рэйтынгу каманд Міжнароднай федэрацыі валейбола сярод мужчын тры першыя месцы падзялілі Нарвегія, Расія і Бразілія. Беларусы (Дзядкоў/Пятрушка) знаходзяцца на 63-м радку. У дзяўчат іншыя лідары: ЗША, Канада і Бразілія, а лепшыя беларускі Сакрэтава/Чабай, на жаль, толькі на 167-м месцы.

Цяпер можам сканцэнтравацца на больш прыватным.

Сезонны від спорту

У беларускіх дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах няма асобнай секцыі пад назвай “Пляжны валейбол”. Дзеці прыхо­дзяць займацца класічным, але ў цёплы сезон пры жаданні і пэўных здольнасцях могуць паспрабаваць сябе і ў пляжным. На жаль, апошні ў Беларусі, хутчэй, прыемны дадатак да класічнага (толькі калі ты не выступаеш за нацыянальную зборную). Гэта звязана з маленькай колькасцю пляцовак, на якіх можна трэніравацца. “Калі ў класічным валейболе ты можаш прыйсці ледзь не ў любую школьную залу і пачаць займацца, то для пляжнага па­трэбен пясок. У нас гэта свабодныя для ўсіх пляцоўкі на Мінскім моры, у спартыўна-аздараўленчым комплексе “Алімпійскі” (але гэта не бясплатна) і адна зала, дзе займаецца нацыянальная зборная”, —  расказвае трэнер СДЮШАР валейбольнага клуба “Мінск” Паліна Часнавіцкая.

У Еўропе праблем з крытымі пляцоўкамі няма, таму дзеці маюць магчымасць займацца пляжным валейболам круглы год. У нас задача трэнера ўскладняецца: перад спаборніцтвамі ў іх ёсць літаральна некалькі тыдняў, каб выязджаць з дзецьмі на “пясок” і праводзіць там заняткі. Як альтэрнатыва — трэніроўкі ў зале, але вы і самі можаце ад­чуць розніцу: узгадайце, як калісьці ха­дзілі па пляжы, ногі не так упэўнена сябе адчуваюць. “Усе рухі на пяску выконваюцца больш складана, чым на паркетным пакрыцці, таму трэба мець добрую падрыхтоўку і практыкаваннямі развіваць фізічныя здольнасці навучэнцаў”, — гаворыць калега Паліны Віктараўны Аксана Бадэнка.

Цяжкасці выклікае не толькі пераход на новую пляцоўку. “У пляжным валейболе няма мяккага прыёму (скіду) і трэба ўсе мячы браць жорстка, знізу. Ад гэтага ўзнікаюць праблемы, бо ў маленькіх дзяцей любы прыём у пачатку заняткаў — менавіта скід. Прыходзіцца над гэтым праца­ваць, паляпшаць рэакцыю, ву­чыць мяняць дзеянні і кірунак мяча”, — адзначае Паліна Часнавіцкая. “Дзецям цяжка яшчэ і таму, што няма такіх арыенціраў, як сцены і столь. У адкрытай прасторы навучэнцы губляюцца, таму ім трэба больш трэніровак на паветры”, — дадае Аксана Георгіеўна.

Штогадовае абнаўленне

У СДЮШАР валейбольнага клуба “Мінск” няма пастаяннай каманды па біч-валею. Прычына — усё тая ж сезон­насць. Падчас заняткаў восенню, зімой і вясной некаторыя юныя спартсмены вырастаюць у сваім майстэрстве, іншыя страчваюць цікавасць, атрымліваюць траўму і г.д. “Найграваць” адну пару цэлы год проста немагчыма. “Калі па класічным валейболе ў нас ёсць ужо сфарміраваная каманда з 12—18 чалавек, то ў пляжным прыходзіцца кожны год спрабаваць новыя пары. Трэнеры заўсёды знаходзяцца ў пошуку”, — дзеліцца Аксана Бадэнка. Да таго ж аб’яднаць дзяцей, каб яны гулялі як адно цэлае — гэта няпростая задача. “Каб стварыць каманду, нават у класічным валейболе, трэба стварыць атмасферу, у якой шэсць чалавек будуць адчу­ваць сябе камфортна на пляцоўцы і ўзаемадзейнічаць адно з адным, — упэўнена Аксана Георгіеўна. — У пляжным валейболе падаецца, што гэта зрабіць крыху прасцей (сфарміраваць пару), але насамрэч — не. Па­трэбна псіхалагічная сумяшчальнасць, таму што вас толькі двое. Вы павінны ўмець згуляць камбінацыю і прывесці каманду да перамогі”.

Дэмакратычны від спорту

Біч-валей — гэта другі шанс для тых, у каго штосьці не атрымалася ў класічным варыянце. “Ёсць дзеці, якія ў “класіцы” паказваюць сябе сярэдне, але ў пляжным валейболе становяцца зоркамі. Звычайна, гэта тыя, каму прасцей гуляць індывідуальна, бо калі каманда складаецца з двух чалавек, то праявіць свае асабістыя якасці значна прасцей”, — гаворыць Паліна Часнавіцкая. Таксама ў пляжным валейболе няма жорсткіх патрабаванняў да росту гульцоў. Там могуць выступаць нізкія хлопцы і дзяўчаты, галоўнае, каб у іх хапала сіл, хуткасці і спрыту.

“Сонечны мяч”

Менавіта такімі якасцямі валодаюць многія навучэнцы СДЮШАР валейбольнага клуба “Мінск”. Гэта зразумела з вынікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў “Сонечны мяч”, якія праводзяцца пад эгідай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Валейбалісты СДЮШАР сталі бясспрэчнымі лідарамі па колькасці прызавых месцаў. Сярод хлопцаў 2005—2006 гадоў нараджэння дзве пары — Котаў/Пажыдаеў і Румянцаў/Стрэчань — заваявалі “золата” і “серабро”. Такі ж узровень паказалі і дзяўчаты Кузьміна/Шыркевіч, Сямашка/Сінгаеўская. Яшчэ адно “золата” і адну “бронзу” павезлі з сабой Астроўская/Рахманчык і Бяляева/Шыдлоў­ская 2007—2008 гадоў нараджэння. “Арганізацыя турніру была на вельмі высокім узроўні, — дзеліцца ўражаннямі Аксана Бадэнка. — Дзеці адчувалі сябе быццам на вялікіх спаборніцтвах, ім гэта, канечне, спадабалася. Суддзі адпрацавалі ўсе тры дні на выдатна, нягледзячы на надвор’е”.

Будучыня

Юныя беларусы, якія хочуць працягнуць сваю кар’еру менавіта ў пляжным валейболе, павінны быць гатовы змагацца за выступленні на прафесійным узроўні, бо гэта адкрые ім перспектывы ў спорце. Калі да такога вырасці не атрымалася (гэта не значыць, што чалавек — дрэнны спартсмен, проста ўмовы такія, што шмат людзей у біч-валеі не трэба), то выйсце ёсць. “Можна стварыць сваю пару і ўдзельнічаць у камерцыйных турнірах.  У такім выпадку ёсць магчымасць выступаць на любым узроўні турніру пры дастатковым рэйтынгу”, — гаворыць Аксана Бадэнка.

Здаецца, даволі рызыкоўна прысвячаць усё сваё жыццё менавіта пляжнаму валейболу, асабліва пры магчымасці па­стаянна, не зважаючы на сезон­насць, займацца класічным. Але калі душа цягнецца, калі вабіць выступленне на сонечных пляцоўках, то трэба проста б­раць мяч, ступаць на цёплы пясок і рабіць чарговую падачу. “Калі чалавек любіць нейкі від спорту і гатовы прысвяціць яму большую частку свайго жыцця, то не важна, колькі ёсць пляцовак, ён зной­дзе менавіта тое месца, дзе зможа развівацца як прафесіянал”, — падводзіць рысу дырэктар СДЮШАР валейбольнага клуба “Мінск” Аксана Шаўчэнка.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.