Чаканыя госці

- 11:38Сацыяльны ракурс

Дзяўчынак і хлопчыкаў з прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра Заводскага раёна сталіцы на пачатку навучальнага года наведалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены пярвічнай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднанна “Белая Русь”.

Госці з парламента прадстаўлялі розныя яго структурныя адзінкі, напрыклад, камісіі па прамысловасці, жыллёвай палітыцы і будаўніцтве. Узначальвала групу народных выбраннікаў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры Аксана Уладзіміраўна Няхайчык, для якой Заводскі раён, можна сказаць, з’яўляецца родным.

Дэпутаты прыехалі, зразумела, не з пустымі рукамі — прывезлі падарункі, якім быў бы рад кожны школьнік. І, канечне, ім парадаваліся больш за дваццаць выхаванцаў прытулку, якія знаходзіліся там на момант прыезду дэпутатаў.

Назва рэспубліканскай акцыі, у рамках якой дэпутаты Палаты прадстаўнікоў наведалі прытулак, — “У школу — з “Белай Руссю”. Госці прывезлі падарункі для школьнікаў любога ўзросту — спартыўны інвентар, кнігі, канцылярскія прылады, спартыўныя сумкі і г.д. Напярэдадні візіту дырэктар СПЦ Алена Уладзіміраўна Багамолава пагаварыла з гасцямі наконт таго, што сапраўды неабходна тутэйшым школьнікам, таму ніводная рэч не застанецца ў прытулку незапатрабаванай.

Але пачаўся візіт не з уручэння падарункаў, а са знаёмства дэпутатаў з прытулкам, умовамі, у якіх жывуць дзеці, часова адабраныя ў нядбайных бацькоў. Пазней у актавай зале дырэктар цэнтра прадставіла гасцям супрацоўнікаў СПЦ, а таксама кожнага хлопчыка і дзяўчынку, якія ўжо вярнуліся са школы. Для ўсіх Алена Уладзіміраўна адшукала самыя шчырыя і самыя добрыя словы, расказала пра захапленні і лепшыя рысы характару дзяцей. Некаторыя пытанні задалі выхаванцам і госці, даведаўшыся, што, напрыклад, гэты шэравокі хлопчык — адзіны на бягучы момант першакласнік у прытулку, крыху старэйшы за яго сусед — улюбёны ў футбол, а сур’ёзны падлетак побач больш за ўсё ў свеце любіць маляваць, маленькая дзяўчынка, як ніхто, умее сябраваць з іншымі дзецьмі.

Некаторыя выхаванцы выходзілі па двое. Так, яны браты і сёстры, адабраныя з адной сям’і, у якую вельмі спадзяюцца вярнуцца як мага хутчэй. На гэта спадзяюцца і супрацоўнікі СПЦ, дапамагаючы мамам і татам сваіх падапечных узяцца за розум, кінуць піць, паглядзець на сваё жыццё цвярозымі вачыма.

— Мы з калегамі прыехалі і для таго, каб пагаварыць з адміністрацыяй СПЦ, педагогамі наконт пытанняў, праблем, якія варта абмеркаваць на заканадаўчым узроўні, — растлумачыла А.У.Няхайчык, — бо чакаем разгляду змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі, дзе ёсць раздзел, прысвечаны інклюзіўнай адукацыі, рабоце СПЦ. А што да работы гэтага прытулку, то я ведаю педагогаў і бачу, як яны стараюцца ствараць для хлопчыкаў і дзяўчынак атмасферу любові, павагі, прыкладаюць усе намаганні, каб знаходжанне ў прытулку не было для дзіцяці стрэсам. Я шчыра спадзяюся, што пасля таго, як спецыялісты папрацуюць з сем’ямі гэтых дзяцей, іх можна будзе вярнуць да родных бацькоў. Ведаю, што ў раёне 60% дзяцей вяртаюцца ў біялагічныя сем’і. На гэта і нацэлена ўся сістэма адпаведнай работы.

Застаецца дадаць, што дэпутаты беларускага парламента не першы раз наведваюць прытулак, прывозяць неабходныя рэчы. І, канечне, такі візіт не апошні.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар.