Чалавек справы

- 9:49Людзі адукацыі

Наталля Уладзіміраўна Бушная — асоба вядомая. У педагагічнай грамадскасці краіны яна даўно зарэкамендавала сябе чалавекам справы: дырэктар гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны, настаўніца матэматыкі, кандыдат педагагічных навук, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Восенню мінулага года Наталля Уладзіміраўна стала выдатнікам адукацыі СНД.

Наталля Уладзіміраўна ўвесь час у руху. Да таго, што ў яе графіку няма практычна ніводнай вольнай хвіліны, дырэктар прывыкла даўно. Яшчэ будучы школьніцай, яна паспявала вельмі шмат. Паглыблена вывучала англійскую мову, наведвала ўрокі ігры на скрыпцы, прымала ўдзел у алімпіядах. Разам з тым станавіцца настаўніцай яна не збіралася.

Закончыўшы факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Наталля Уладзіміраўна пайшла працаваць праграмістам, але праз некалькі гадоў воляй лёсу трапіла ў школу, дзе зразумела, што вучыць дзяцей — гэта яе прызванне. Займаючы дырэктарскую пасаду, яна працягвае праводзіць урокі матэматыкі. Ёй неабходна бачыць вочы дзяцей, каб не згубіць адчування сябе настаўнікам, што для кіраўніка надзвычай важна. Дырэктар задае тон дзейнасці ўсёй навучальнай установе.

А гімназія № 1 Мінска імя Францыска Скарыны — адметная навучальная ўстанова з адметнай атмасферай і традыцыямі. Гімназія з’яўляецца асацыіраванай школай ЮНЕСКА, у ёй штогод, з моманту адкрыцця, праходзіць адкрытая гімназічная навуковая канферэнцыя, тут дзейнічаюць некалькі клубаў, у тым ліку і бацькоўскі, бібліятэка імя С.Міхалкова. Гімназія з’яўляецца адным з лідараў алімпіяднага руху. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды на рахунку гімназістаў — 15 дыпломаў І ступені, 8 — ІІ, 9 — ІІІ ступені. Тут штогод рэалізуюцца новыя кіраўніцкія, адукацыйныя і выхаваўчыя праекты, удзельнікамі якіх з’яўляюцца і педагогі, і навучэнцы.

Педагагічны калектыў вельмі разнастайны, творчы і нацэлены на вынік. Многія педагогі з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі, лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта нашай краіны, пераможцамі этапаў конкурсу “Настаўнік года”. У гімназіі працуюць тры настаўнікі-метадысты.

На рахунку гімназіі — гранты і прэміі Мінгарвыканкама, узнагароды гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Як заўважыла Наталля Уладзіміраўна, цяпер адбываецца глабалізацыя адукацыі, што павышае канкурэнтаздольнасць настаўнікаў, якія павінны быць інавацыйна-мабільнымі. Сёння гімназія № 1 з’яўляецца інавацыйным цэнтрам па аналітычнай дзейнасці ў сістэме кіравання ўстановай адукацыі, а Наталля Уладзіміраўна ўзначальвае Асацыяцыю інавацыйных устаноў краіны. Акрамя таго, у першай гімназіі паспяхова рэалізуецца праект “Электронная школа”.

У 2014—2016 гадах у навучальнай установе рэалізоўваліся інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі фарміравання моўнай асобы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя” і эксперыментальны праект “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання”.

Яшчэ адной асаблівасцю першай гімназіі з’яўляецца яе ўзаемадзеянне з соцыумам. Дырэктар пераканана, што толькі разам з грамадствам можна выхаваць дастойнага чалавека і грамадзяніна. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе першыя ўрокі ў першай гімназіі праходзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У 2014 годзе Наталля Бушная стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі”. І ў гэтым жа годзе яна была ўдастоена ганаровага звання “Мінчанін года”.

Наталля Уладзіміраўна разам са сваім педагагічным калектывам увесь час імкнецца прывіць гімназістам любоў да ведаў, што дапаможа кожнаму з іх узняцца на сваю жыццёвую вяршыню.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.