Чалавек з прафтэха

- 11:39Людзі адукацыі

Ідэальных людзей не бывае — з гэтым можна лёгка пагадзіцца. Але ёсць людзі, якія ў поўнай меры адпавядаюць знаёмаму выказванню рускага класіка: у іх прыгожа ўсё. Таццяна Аляксандраўна Ярэц менавіта з такіх людзей.

Добрая, сціплая, працавітая, адказная. Яна і раней была адным з самых знакамітых прадстаўнікоў прафтэхадукацыі на Гомельшчыне, а цяпер — удвая: нядаўна Таццяна Аляксандраўна была ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”. З прафтэха яна адна ў вобласці мае такую высокую ўзнагароду. Здаецца, яе калегі ўсхваляваны больш, чым яна сама. “Я не ставіла перад сабой ніякай мэты, не планавала дасягаць нейкіх вяршынь, я проста займалася тым, што мне падабаецца”, — прызнаецца майстар вытворчага навучання Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Таццяна Ярэц.
Любімай справе — раслінаводству і садова-паркаваму будаўніцтву — Таццяна Аляксандраўна аддала больш за 30 гадоў. І ніколі не спынялася ў сваёй дзейнасці: бясконца нешта стварала, выдумляла, вучыла моладзь, перадаючы ёй сваю зацікаўленасць, энергію і працавітасць. Калі вы ўваходзіце ў галоўны корпус ліцэя, то адразу заўважаеце ўнутраны дворык з мноствам самых розных, нярэдка дзіўных і экзатычных раслін. Кожная — са сваёй гісторыяй. Надумае майстар папоўніць зімовы сад новым “экспанатам” — і, не раздумваючы, адправіцца за сотні кіламетраў за саджанцамі. Яшчэ адно дзецішча Таццяны Ярэц — вучэбныя цяпліцы. У аграрна-тэхнічнага ліцэя няма праблем з тым, каб знайсці месца для практычных заняткаў. Вялізныя цяпліцы раскінуліся на тэрыторыі ўстановы, і з надыходам вясны тут зноў закіпела работа: пад пільным кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны навучэнцы, узброіўшыся ўсімі неабходнымі прыладамі, рыхтуюць глебу для пасадкі раслін, высаджваюць насенне. І гэта не проста нейкая гульня, гэта — грошы, якія зарабляе ліцэй. У мінулым годзе на продажы кветкавай прадукцыі, вырашчанай у вучэбных цяпліцах, зарабілі амаль 170 млн рублёў, сёлета суму спадзяюцца павялічыць.
Наша гераіня працуе ў цесным тандэме са сваёй дачкой Надзеяй Бабій, якая пайшла па слядах маці і зараз таксама з’яўляецца майстрам вытворчага навучання аграрна-тэхнічнага ліцэя. Разам яны не проста вучаць дзяўчат і хлопцаў сакрэтам будучай прафесіі, а ствараюць дружны працоўны калектыў. Як адзначаюць калегі, Таццяна Аляксандраўна для навучэнцаў нібы маці, яна іх вучыць і прывівае любоў да прыгожага, яна можа іх пажурыць за нейкую правіннасць і пашкадаваць, як сваё дзіця. Нядзіўна, што хлопцы і дзяўчаты прырастаюць душой да свайго майстра, а значыць, стараюцца быць лепшымі, стараюцца не падвесці кіраўніка.
Майстар вытворчага навучання — гэта больш чым педагог. Каб быць добрым майстрам, трэба быць тонкім псіхолагам, трэба ўмець разгадаць кожнага навучэнца і знайсці тую важную сцежку да яго сэрца, якая дапаможа прывіць любоў да прафесіі і працавітасць. А яшчэ трэба быць прыкладам для сваіх падапечных, не ленавацца самому, інакш на каго раўняцца будучым спецыялістам?
Таццяна Ярэц — шчаслівы чалавек. Сваё шчасце яна пабудавала асабістай дабрынёй і шчырасцю. Аднак спыняцца яна не збіраецца. На найбліжэйшую будучыню ўладальніца медаля “За працоўныя заслугі” плануе вывучыць англійскую мову і навучыцца працаваць са зварачным апаратам. А яшчэ Таццяна Аляксандраўна марыць, каб на ўручэнні ўрадавых узнагарод гучала больш імён з прафтэхадукацыі.
— У нас шмат людзей, якія вартыя такіх узнагарод, — упэўнена Таццяна Аляксандраўна. — Што тычыцца майго медаля, дык гэта не мая ўзнагарода, гэта ўзнагарода нашага ліцэя, у ёй — часцінка працы кожнага з нашага калектыву. Ведаеце, калі настала мая чарга выйсці па медаль, захапленне выклікала не тое, што называюць маё імя, а тое, што на такім высокім узроўні прагучала: “Гомельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ліцэй”. У гэтым — усё.
Здаецца, так можа сказаць толькі чалавек з прафтэха.

Наталля ЛУТЧАНКА.