Чаму гуманітарыі вітаюць матэматычны рэнесанс?

- 10:09Людзі адукацыі

“Лепшы настаўнік лепшай у краіне гімназіі № 2 Віцебска” — так гавораць пра любімага педагога вучні Аляксандра Шугаля. Шчыры гонар хлопцаў і дзяўчат за сваю ўстанову адукацыі небеспадстаўны: у мінулым годзе яна была занесена на Рэспубліканскую дошку гонару.

Да нядаўняга часу гімназія была вядомая поспехамі навучэнцаў у засваенні гуманітарных прадметаў, перамогамі ў рэспубліканскай прадметнай і міжнародных алімпіядах па рускай, беларускай і замежных мовах. Трэба сказаць, што ў гэтым напрамку ўстанова адукацыі прыкметна прагрэсіруе. Напрыклад, зараз тут выкладаецца 8 замежных моў, уключаючы кітайскую. Разам з тым літаральна за апошнія некалькі гадоў у лік прыярытэтных вектараў развіцця гімназіі трапілі матэматыка і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
Перадумовай лакальнага матэматычнага рэнесансу была ініцыятыва дырэктара Канстанціна Кісялёва, які ўпэўнены: без трывалай матэматычнай базы гаварыць аб сучаснай агульнай сярэдняй адукацыі нельга. Энтузіястамі-першапраходцамі, якія здолелі зацікавіць навучэнцаў гэтым прадметам, аб’ядналі вакол сябе прыхільнікаў царыцы ўсіх навук і арганізавалі выкладанне матэматыкі на павышаным узроўні, сталі Алена Саўчанка і — з першых дзён работы ў гімназіі — Аляксандр Шугаль. Выбіраючы пасля заканчэння школы педагагічную спецыяльнасць, Аляксандр Уладзіміравіч, па яго ўласным прызнанні, кіраваўся не столькі памкненнем душы, колькі дакладным разлікам. Атрымлівалася адназначна: якая б ні складвалася эканамічная сітуацыя (а былі тады няпростыя 90-я гады), добры настаўнік заўсёды запатрабаваны. Зацікаўленасць, а неўзабаве і захапленне будучай прафесіяй прыйшлі да здольнага студэнта ВДУ імя П.М.Машэрава падчас практык у школе.
— Менавіта на практыцы з’явілася адчуванне: выбар зроблены правільна, гэта маё, сапраўднае, я хачу быць настаўнікам, — расказвае Аляксандр Шугаль. — Пасля размеркавання мне пашчасціла трапіць у Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для адораных і таленавітых дзяцей. У класах, дзе я працаваў, сабраліся вельмі матываваныя на вучобу і далейшае паступленне ў вядучыя ўніверсітэты навучэнцы. Былі настолькі моцныя дзеці, што на ўроку любая недакладнасць з боку настаўніка адразу заўважалася і ўспрымалася класам як некампетэнтнасць. Таму ў першыя часы прыходзілася ўзмоцнена рыхтавацца да заняткаў, падрабязна распрацоўваць матэрыялы да іх. Паступова колькасць перайшла ў якасць: момант штодзённай школьнай праграмы сістэматызаваўся. Потым усё зноў прыйшло ў рух, цяпер ужо ў кантэксце падрыхтоўкі навучэнцаў да Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Спачатку было хобі: хтосьці заўзята разгадвае крыжасловы, а мне падабаецца рашаць алімпіядныя задачы. Як вынік — захацелася гэтай справай займацца з дзецьмі, каб навучыць іх рашэнню. У Лужасне пачаліся мае першыя перамогі, з’явіліся першыя пераможцы рэспубліканскай алімпіяды. Выкрышталізавалася пэўная сістэма. Калі славуты калега Міхаіл Мікалаевіч Волкаў перайшоў на дэпутацкую работу, ён прапанаваў мне давесці да выпуску яго класы. Так я апынуўся ў гімназіі № 8 Віцебска. Выніковасць у абодвух класах была нядрэнная, дзеці ярка праявілі сябе на алімпіядах і паспяхова паступілі ва ўніверсітэты. Цяпер па запрашэнні дырэктара я перайшоў у гімназію № 2. Пакуль выступаем досыць сціпла: на абласным этапе алімпіяды па матэматыцы мае навучэнцы сёлета атрымалі два дыпломы І ступені і па адным ІІ і ІІІ ступені.
— Гэта толькі першыя крокі. Калі створаная Аляксандрам Уладзіміравічам аўтарская сістэма падрыхтоўкі па матэматыцы запрацуе на поўную моц, мы будзем мець значна больш высокія вынікі, — не сумняваецца Канстанцін Кісялёў. — А значыць, у нашых дзяцей з’явіцца больш магчымасцей для развіцця здольнасцей і талентаў, паспяховай самарэалізацыі. Мы, у сваю чаргу, пастараемся стварыць для гэтага ўсе неабходныя ўмовы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.