Па якіх напрамках вядзецца падрыхтоўка ў Сахараўскім інстытуце і чым адметна навучанне будучых эколагаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Жыццё сучаснага чалавека становіцца ўсё больш камфортным, пры гэтым усё больш забруджваецца навакольнае асяроддзе. Кантралююць яго стан арганізацыі прыродаахоўнай дзейнасці. Зразумела, што ім неабходны высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія маглі б адсочваць выкананне экалагічнага заканадаўства, умець аналізаваць тэхналагічныя працэсы вытворчасці, выяўляць механізмы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Менавіта такія кадры рыхтуюць на двух факультэтах Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава Белдзяржуніверсітэта.
На факультэце маніторынгу навакольнага асяроддзя, які яшчэ называюць інжынерным, падрыхтоўка вядзецца па пяці спецыяльнасцях: “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Прыродаахоўная дзейнасць”, “Ядзерная і радыяцыйная бяспека”, “Медыцынская фізіка” і “Цеплаэнергетыка і цеплатэхніка”. А вось спецыяльнасці “Экалогія” і “Медыка-біялагічная справа” можна атрымаць на факультэце экалагічнай медыцыны. Пры паступленні на першы факультэт неабходна здаць рускую альбо беларускую мову, фізіку і матэматыку, а на другі — мову, хімію і біялогію. Пасля заканчэння навучання студэнты ФМНА становяцца інжынерамі: праграмістамі, эколагамі, фізікамі і энергетыкамі, а выпускнікі ФЭМ — біёлагамі-аналітыкамі і эколагамi.
Інжынерны факультэт
— Факультэт маніторынгу навакольнага асяроддзя фактычна з’яўляецца інжынерным, прычым адзіным у БДУ, — адзначыў дацэнт кафедры экалагічнага маніторынгу і менеджменту інстытута Уладзімір Капіца. — Бо ў дыпломах выпускнікоў усіх пяці нашых спецыяльнасцей пазначана, што яны — інжынеры.
Спецыяльнасць “Прыродаахоўная дзейнасць” уключае два напрамкі: “Экалагічны маніторынг” і “Экалагічны менеджмент і экспертыза”. Па якім з іх займацца, студэнты выбіраюць на пачатку 3 курса, але ў любым выпадку яны набываюць кваліфікацыю “эколаг; інжынер”. Вызначыцца з прафесіяй дапамагаюць і вытворчыя практыкі на прадпрыемствах.
— Нашы спецыяльнасці асабліва запатрабаваны на заводах і прадпрыемствах, бо там абавязкова павінен быць спецыяліст або служба, якія займаюцца прыродаахоўнай дзейнасцю. Да таго ж выпускнікі могуць працаваць інжынерамі па ахове працы, — сказаў загадчык кафедры экалагічнага маніторынгу і менеджменту прафесар Сяргей Яфімавіч Галаваты.
Паступленне на “Медыцынскую фізіку” і “Ядзерную і радыяцыйную бяспеку” праводзіцца па агульным конкурсе са спецыяльнасцямі фізфака БДУ.
Дарэчы, плануецца пашырэнне і пераўтварэнне “Прыродаахоўнай дзейнасці”. На абноўленай спецыяльнасці будзе весціся падрыхтоўка ў галіне экалагічнай бяспекі і інфармацыйных тэхналогій. Інжынераў-эколагаў навучаць распрацоўваць новыя праграмныя прадукты і працаваць з ужо гатовымі з выкарыстаннем геаінфармацыйных сістэм, баз даных, камп’ютарнага праектавання, вэб-дызайну і іншых IT-тэхналогій, якія дапамагаюць у вырашэнні экалагічных праблем.
Спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” не новая ў нашай краіне. Аднак па такіх напрамках, як “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у экалогіі)” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у ахове здароўя)”, падрыхтоўка вядзецца толькі ў інстытуце імя А.Д.Сахарава. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “інжынер-праграміст-эколаг” і “інжынер-праграміст”.
— Мы працуем па вучэбным плане БДУІР, рыхтуючы інжынераў-праграмістаў. Аднак яны, акрамя ІКТ, атрымліваюць экалагічныя і медыцынскія веды, што дазваляе ім працаўладкоўвацца як у прыродаахоўныя арганізацыі, так і ў медустановы, — дадаў Уладзімір Мікалаевіч.
На “Цеплаэнергетыцы і цеплатэхніцы” (аналагічнай спецыяльнасці БНТУ) рыхтуюць будучых інжынераў-энергетыкаў. На жаль, у наступным годзе набору на яе не будзе.
“Медыцынская фізіка” — унікальная спецыяльнасць у нашай краіне, набор на якую вядзецца выключна ў Сахараўскім інстытуце, прычым ужо 11 гадоў. Зараз большасць клінік мае лазеры, паскаральнікі, крыніцы іанізуючага выпраменьвання, неабходныя для дыягностыкі і лячэння пацыентаў. Зразумела, што для работы з імі патрэбны спецыялісты, здольныя індывідуальна для кожнага чалавека разлічваць бяспечныя дозы дыягнастычнага ці тэрапеўтычнага выпраменьвання і забяспечваць яго максімальную эфектыўнасць.
— Менавіта за гэта і адказваюць медыцынскія фізікі. Гэта адзіныя спецыялісты, якія працуюць разам з урачамі-анколагамі пры абследаванні або лячэнні людзей, выкарыстоўваючы абсталяванне з іанізуючым выпраменьваннем. Яны адказныя не толькі за бяспеку пацыентаў, але і за абсталяванне і павінны ўмець карыстацца ім і кантраляваць яго якасць, — падкрэсліў Уладзімір Капіца.
Па яго словах, на гэтай спецыяльнасці вельмі моцная фізіка-матэматычная падрыхтоўка, якая па колькасці гадзін пераўзыходзіць звычайную інжынерную ў некалькі разоў. Да таго ж студэнты грунтоўна засвойваюць і медыцынскія веды. У выніку атрымліваюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія працуюць у анкалагічных цэнтрах, бальніцах, РНПЦ, навукова-даследчых арганізацыях і інш.
Бонусы для смелых
“Ядзерная і радыяцыйная бяспека” — гэтая спецыяльнасць нават гучыць грозна. Бадай, і выбіраюць яе самыя адважныя. Адкрылі яе ў 2008 годзе ў рамках Дзяржпраграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі. Адпаведна, асноўны заказчык кадраў — Міністэрства энергетыкі, а таксама Міністэрства аховы здароўя, Мытны камітэт, Пагранічны камітэт, дзе таксама выкарыстоўваюцца ўстаноўкі з іанізуючым выпраменьваннем і дзе трэба гарантаваць іх бяспечнае выкарыстанне.
— Калі пачалі будаваць АЭС, нам дастаўся радыеметрычны кантроль знешняга контуру, а значыць, гарантаванне бяспекі ўсёй атамнай станцыі і навакольнай тэрыторыі. Гэта адзіная спецыяльнасць на нашым факультэце, на якой вучацца 5 гадоў, на астатніх — 4. Паступіць сюды прасцей, чым на фізфак, нягледзячы на агульны конкурс, але вучыцца складаней, бо трэба авалодаць комплексам ведаў, у тым ліку ўсёй хіміяй. Тут патрабаванні вельмі высокія, звязаныя з бяспекай краіны, — паведаміў Уладзімір Капіца. — Спецыяльнасць карыстаецца попытам як у заказчыкаў кадраў, так і ў абітурыентаў. І хоць вучыцца на ёй няпроста, затое студэнты маюць пэўныя бонусы: павышаную стыпендыю і практыкі за межамі краіны.
Студэнты 2 курса “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” спачатку пачынаюць працаваць у інстытуцкіх лабараторыях, вывучаюць абсталяванне для рэгістрацыі іанізуючых выпраменьванняў, а затым гэтыя навыкі прымяняюць на практыцы.
— У кожнага курса спецыялізаваная практыка. Так, 2 курс ужо быў на інжынернай практыцы ў рамках дзяржпраграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі ў Обнінскім інстытуце атамнай энергетыкі. 4 курс таксама паспеў пабываць у Нацыянальным даследчым ядзерным універсітэце “МІФІ” ў рамках практыкі па радыяцыйным маніторынгу, — расказала старшы выкладчык кафедры ядзерных і медыцынскіх тэхналогій Таццяна Дашкевіч. — Да таго ж студэнты абавязкова праходзяць палявую практыку ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, дзе вучацца браць пробы вады, глебы, паветра і інш. Вытворчая практыка адбываецца на 5 курсе ў розных навуковых і прамысловых прадпрыемствах, рыхтуючы дыпломныя работы. Студэнты працуюць з абсталяваннем, каб ведаць, як ім карыстацца, выконваць вымярэнні і прымяняць у рэальных умовах тое, чаму навучыліся на занятках.
У Сахараўскім інстытуце навучанне адбываецца на сучасным абсталяванні, аналагічным таму, што стаіць на прадпрыемствах і БелАЭС.
Выпускнікі экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава пастаянна развіваюцца і павышаюць кваліфікацыю, бо рэгулярна з’яўляюцца новыя тэхналогіі, нарматыўныя дакументы і ім неабходна быць вельмі мабільнымі і аператыўна падхопліваць свежую інфармацыю.
— Нашы інжынеры — гэта знак якасці, іх ведаюць як у нас, так і за мяжой. Многія выпускнікі працуюць на вядучых прадпрыемствах атамнай энергетыкі Расіі і не толькі, — падкрэсліла Таццяна Уладзіміраўна.
Яна паведаміла, што спецыяльнасць “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” будзе пашырана:
— Мы стараемся хутка рэагаваць на патрабаванні сучаснага рынку працы. Таму ў 2026 годзе плануем адкрыць новую спецыяльнасць з рабочай назвай “Ядзерна-радыяцыйная бяспека і інфармацыйна-аналітычныя сістэмы” з прысваеннем кваліфікацыі “інжынер-фізік-магістр” і тэрмінам навучання 6 гадоў. Мы дабавім вялікі блок па інфармацыйна-аналітычных сістэмах, бо сёння большасць заказчыкаў кадраў па нашым напрамку працуюць з рознымі праграмнымі прадуктамі: мадэляваннем пераносу выпраменьвання метадам Монтэ-Карла, разлікамі нейтронна-фізічных характарыстык ядзернага паліўнага цыкла і г.д. Студэнты будуць на сур’ёзным узроўні вывучаць мовы праграмавання і прымяняць іх для вырашэння розных задач. Інжынеры, якія ведаюць ІТ-модуль і разумеюць, чым напоўніць праграмны прадукт, стануць на вагу золата.
Данііл Мацулевіч, Лізавета Шпак і Хрысціна Чымбур
Будучы эколаг Хрысціна Чымбур пераканана: экалогія — вельмі перспектыўны напрамак прафесійнай дзейнасці:
— Зараз я на чацвёртым курсе спецыяльнасці “Прыродаахоўная дзейнасць”. Навучанне вельмі цікавае, са шматлікімі практычнымі работамі. Асабліва запомніліся вытворчыя практыкі на МТЗ, дзе мы працавалі з дакументацыяй, знаёміліся з работай ліцейнага цэха і цэха ачысткі сцёкавых вод. Эколагі праводзяць лакальны маніторынг на прамысловых прадпрыемствах, высвятляючы, як яго дзейнасць уплывае на навакольнае асяроддзе. Мы да гэтага ўжо гатовы і ведаем, як гэта рабіць. Наперадзе два гады адпрацоўкі, якія дазволяць да канца зразумець, ці тую прафесію я выбрала. Спадзяюся, не расчаруюся.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА